Амбасада ЗША надасць юрыдычную дапамогу затрыманаму Юрасю Зянковічу


Беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча затрымалі ў Маскве. Цяпер ён у СІЗА КДБ у Менску. Адвакат Юрась Зянковіч. Крыніца: скрыншот / Белсат

У сувязі з затрыманнем Юрася Зянковіча, грамадзяніна ЗША і Беларусі, у амбасадзе падкрэслілі, што заўсёды гатовыя надаць консульскія паслугі ў выпадку затрымання амерыканскага грамадзяніна, паведамляе TUT.by.

Дыпламаты не сталі даваць ацэнкі затрыманню амерыканскага грамадзяніна беларускімі спецслужбамі і не распавялі, ці наведаў ужо Зянковіча ў СІЗА КДБ консул.

«Адно з найважнейшых заданняў Дзяржаўнага дэпартаменту, пасольстваў і консульстваў ЗША – дапамагаць грамадзянам ЗША, якіх зняволілі або затрымалі за мяжою. Згодна з існаю практыкаю, мы не перадаём інфармацыі пра грамадзянаў ЗША без іхнай пісьмовай згоды», – сказаў прэс-аташэ амбасады ЗША ў Беларусі Тым О’Конар.

Паводле жонкі затрыманага Алены Дзенісавец, Юрася Зянковіча літаральна выкралі з расейскага гатэлю. У гэты ж дзень, 13 красавіка, КДБ паведаміла пра затрыманне Рыгора Кастусёва і Аляксандра Фядуты па «падазрэнні ў здзяйсненні злачынства». Фядуту, як і Зянковіча, затрымалі ў Маскве.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў