«ByPol»: падчас вясновых пратэстаў улады плануюць выкарыстоўваць вайскоўцаў Мінаабароны для аховы аб'ектаў


За плотам БТ стаяць вайскоўцы з аўтаматамі.
Фота: Белсат

Тэлеграм-канал Сцяпана Пуцілы, які ўлады Беларусі прызналі экстрэмісцкім, апублікаваў дакумент за подпісам міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова. Той быццам просіць Міністэрства абароны вылучыць вайскоўцаў пры пагрозе масавых закалотаў.

Арганізацыя «ByPol» пацвердзіла сапраўднасць дакументу. Іван Кубракоў нібыта накіраваў яго міністру абароны Віктару Хрэніну. Кіраўнік МУС просіць вылучыць 3725 вайскоўцаў для аховы абʼектаў. Гэтак, у Менск накіруюць не менш як 1360 чалавек (прынамсі 100 прадстаўнікоў сілаў спецыяльных аперацыяў). А пры рэжыме надзвычайнага становішча ў сталіцы іх колькасць павялічыцца да 2680.

У дакуменце не ідзе гаворка пра выкарыстанне вайскоўцаў Міністэрства абароны для разгону пратэстаў. Іхны ўдзел у ахове абʼектаў дазволіць сканцэнтраваць сілы МУС на спыненні маніфестацыяў.

Да таго ж «ByPol» адзначае, што вайскоўцы Міністэрства абароны праводзяць вучэнні з падраздзяленнямі МУС. Гэтак, віцебскія і берасцейскія дэсантнікі займаюцца з часткамі ўнутраных войскаў і АМАПам.

Падчас восеньскіх пратэстаў Міністэрства абароны ўжо выкарыстоўвала сваіх вайскоўцаў для аховы абʼектаў у Менску: у прыватнасці, стэлы, Дому ўраду і Палацу незалежнасці. Жаўнеры ж і афіцэры ўнутраных войскаў, якія падпарадкоўваюцца МУС, займаліся непасрэдна разгонам пратэстаў.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў