«Не дапускаў, што мы можам захраснуць на сярэдзіне». Ціханоўскі адказаў на пытанні беларусаў


Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Блогер Сяргей Ціханоўскі, які па-ранейшаму застаецца ў зняволенні, з-за кратаў адказаў на пытанні беларусаў. Яго цытуе тэлеграм-канал «Страна для жизни».

Паводле Сяргея Ціханоўскага, вольнага ад палітыкі часу ў яго няма, бо ў Беларусі не існуе самой палітыкі. А блогер проста заўсёды думае, як зрабіць жыццё лепшым.

«Я ніколі не цікавіўся палітыкай. У Беларусі яе ніколі не было. Я заўсёды любіў мець зносіны з людзьмі. Нават за мяжой. Мне цікава, што для іх важна, што імі рухае, у чым сэнс іхнага жыцця. Я ўвесь час думаю, як зрабіць жыццё людзей лепшым, і ў мяне для гэтага ёсць шмат ідэяў».

Таксама Сяргей адзначыў, што ягоная жонка Святлана Ціханоўская шмат зрабіла для перамогі, але гэта яшчэ не канец.

«Ёсць такая прымаўка: меншае зроблена. Трэба засяродзіцца на тым, што яшчэ трэба зрабіць для перамогі. Безумоўна, каманда Святланы зрабіла шмат, але расслабляцца да перамогі яшчэ нельга».

Блогер прызнаецца: ні ён, ні Святлана не цікавіліся палітыкай, але іх абраў лёс.

«Паступіць інакш я проста не мог. Я думаў, што мы альбо пераможам, альбо прайграем. Але не дапускаў, што мы можам захраснуць на сярэдзіне».

Пакуль што Ціханоўскі не можа сказаць, ці застанецца ў палітыцы, калі вернецца на волю.

«Я не ведаю, калі апынуся на волі. Я заўсёды казаў, што буду сядзець столькі, колькі мне дазволіць беларускі народ. У мяне шмат ідэяў, і я хацеў бы іх увасобіць у жыццё. Але ці будзе ў мяне здароўе, час – невядома. Спачатку мне пісалі, што засталося зусім крыху. Потым – пару месяцаў. Нядаўна чытаў прагноз, што рэжыму застаўся год. Варыянтаў няма: будзем чакаць, пакуль вы зразумееце, што завязванне стужачак і пагрозы ў сацсетках не дапамагаюць. А потым ужо можна будзе падумаць пра палітыку».

Сяргей Ціханоўскі планаваў стаць адным з супернікаў Аляксандра Лукашэнкі на леташніх прэзідэнцкіх выбарах. Аднак зарэгістравацца ён не здолеў, таму ўдзел у кампаніі ўзяла ягоная жонка Святлана Ціханоўская. 29 траўня 2020 года Ціханоўскага затрымалі на пікеце ў Горадні. З таго часу ён застаецца за кратамі. Тэрмін утрымання пад вартаю яму неаднаразова падаўжалі.

11 сакавіка стала вядома, што ГСУ Следчага камітэту выставіла Сяргею Ціханоўскаму канчатковыя абвінавачанні. Блогер праходзіць адразу паводле чатырох крымінальных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

• ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых закалотаў»);

• ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»);

• ч. 2 арт. 191 («Перашкода працы ЦВК»);

• ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Максімальную санкцыю прадугледжвае частка 1 артыкулу 293: паводле яе блогер можа атрымаць да 15 гадоў зняволення.

Hавiны
Ціханоўская пра выстаўленыя мужу абвінавачанні: «Гэта не суд, а расправа»
2021.03.11 14:05

 

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў