Суд вынес прысуды фігурантам «справы BYPOL»: ад 11 да 25 гадоў зняволення


У Менскім гарадскім судзе вынеслі прысуды ўсім фігурантам справы, заведзенай у дачыненні да былых сілавікоў, якія ўваходзілі ў арганізацыю BYPOL. Як і патрабаваў пракурор, суд агучыў тэрміны ад 11 да 25 гадоў зняволення. Працэс вёўся ў завочным фармаце, без удзелу саміх абвінавачаных.

справа “BYPOL”
Фігуранты «справы BYPOL». Крыніца: viasna96 / Telegram

Найбольшы тэрмін атрымаў Аляксандр Азараў – 25 гадоў пазбаўлення волі. Мацвей Купрэйчык, Уладзімір Жыгар і Ігар Лобан атрымалі па 12 гадоў. Андрэй Астаповіч – 11 гадоў калоніі, паведамляе БелТА. Наконт прысуду Алегу Талерчыку, які таксама з’яўляецца фігурантам справы, нічога не паведамляецца.

Нагадаем, што 8 лютага  ў Менскім гарадскім судзе адбыліся спрэчкі бакоў, падчас якіх пракурор прапанаваў канчаткова вызначыць пакаранні былым сілавікам. У выніку суд поўнасцю пагадзіўся з патрабаваннямі дзяржаўнага абвінаваўцы.

Усіх фігурантаў справы вінавацяць паводле дванаццаці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх: «Здрада дзяржаве», «Арганізацыя актаў тэрарызму», «Змова дзеля захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «Паклёп у дачыненні Лукашэнкі».

У 2020 годзе былыя сілавікі падтрымалі пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, а пасля з’ехалі за мяжу, дзе заснавалі ініцыятыву BYPOL. У 2023 годзе яна падзялілася на фонд BYPOL і аб’яднанне «BelPol».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў