NATO заклікала Беларусь спыніць саўдзел у вайне ва Украіне


Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг 15 лютага правёў сустрэчу з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, яны далі супольную прэс-канферэнцыю па выніках. На ёй, перадае карэспандэнт «Белсату», Стольтэнбэрг згадаў пра Беларусь і ейны саўдзел у вайне ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг. Брусель, Бельгія. 14 лютага 2023 года.
Фота: nato.int

Сярод іншага на прэс-канферэнцыі Енс Стольтэнбэрг згадаў, што з прэзідэнтам Польшчы абмяркоўвалі і тое, што Беларусь бярэ ўдзел у вайне ва Украіне на баку Расеі: расейскія войскі па-ранейшаму знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а беларускія ўлады паглыбляюць палітычную і вайсковую інтэграцыю з Расеяй.

«Мы заклікаем Беларусь спыніць свой саўдзел у гэтай вайне», – сказаў Стольтэнбэрг.

Два дні таму Стольтэнбэрг адказаў «Белсату» аб раздзяленні на рэжым Аляксандра Лукашэнкі і звычайных беларусаў: у NATO ведаюць, што Беларусь не дэмакратычная, што рэжым не прадстаўляе народ і што народ не падтрымлівае рэжым Лукашэнкі ва ўдзеле ў вайне.

Лукашэнка тым часам адкрыта прызнаваў суўдзел Беларусі ў расейскім нападзе на Украіну, нават называў сябе суагрэсарам – жартаваў з таго, хто з іх з Пуціным больш шкодны і таксічны.

Hавiны
Генсакратар NATO – «Белсату»: Мы ведаем, што рэжым у Менску не рэпрэзентуе народу Беларусі
2023.02.13 17:19

Анджэй Дуда таксама згадаў пра гібрыдныя атакі з Беларусі. Так, з тэрыторыі Беларусі ў Латвію, Літву і Польшчу паўтара года скіроўваюць плыні мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі – міграцыйны крызіс штучна створаны беларускімі ўладамі.

Галоўнай тэмай размоваў Дуды і Стольтэнбэрга была вайна ва Украіне, якую раней абмяркоўвалі таксама міністры замежных справаў краінаў-чальцоў NATO на сустрэчы ў Бруселі. Стольтэнбэрг паўтарыў: за год з пачатку поўнамаштабнага ўварвання няма прыкметаў таго, што Уладзімір Пуцін рыхтуецца да міру – толькі пачынае новыя наступы, цэліць у цывільнае насельніцтва, гарады і крытычную інфраструктуру.

«Пуцін павінен зразумець, што ён не можа перамагчы. А дзеля гэтага мы павінны працягваць хутка забяспечваць Украіну неабходнай зброяй і боепрыпасамі, патрэбнымі ім. Каб вярнуць тэрыторыю і каб захавалася суверэнная нацыя ў Еўропе, – казаў Стольтэнбэрг. – Вядучую ролю ў гэтых намаганнях адыгрывае Польшча. Са значнай ваеннай тэхнікай і навучаннем, а таксама гуманітарнай і эканамічнай дапамогай. І парасон бяспекі NATO дазваляе Польшчы адыгрываць гэтую жыццёва важную ролю».

Пасля гэтай сустрэчы Дуда расказаў, што Польшча павялічыла свае выдаткі на абарону да 4 % валавага ўнутранага прадукту, тады як дамоўлены мінімум у краінаў NATO – 2 %. Стольтэнбэрг жа паабяцаў, што NATO будзе бараніць «кожную цалю Польшчы» і агулам тэрыторыю саюзнікаў.

Hавiны
NATO: Украіна мае акно магчымасцяў, каб пахіснуць баланс у вайне
2023.02.15 17:54

Сяргей Пеляса, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў