Еўразвяз ацаніў на € 11 млрд новы пакет санкцыяў супраць Расеі


Новы, ужо дзясяты пакет санкцыяў за напад на Украіну будзе ўключаць пазбаўленне Расеі крытычных тэхналогіяў і тавараў двайнога прызначэння, персанальныя санкцыі супраць палітыкаў, вайскоўцаў і прапагандыстаў, расказалі прадстаўнікі Еўразвязу.

Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен і вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў замежных справах Жузэп Бурэль 15 лютага зрабілі супольную заяву аб новых санкцыях супраць Расеі за вайну ва Украіне. Як сказала фон дэр Ляен, «агрэсар мусіць заплаціць за гэта»: і за брутальную вайну на полі бою, і за ўдары па мірных жыхарах.

Шкоду ад прапанаванай забароны на экспарт фон дэр Ляен ацаніла на € 11 млрд. Забарона мусіць пазбавіць расейскую эканоміку крытычных тэхналогіяў і індустрыяльных тавараў: электронікі, спецыялізаваных машынаў і тэхнікі, у тым ліку антэнаў і кранаў; дэталяў, у тым ліку для рухавікоў самалётаў. Пры тым фон дэр Ляен абяцае, што забароны не закрануць трэціх краінаў.

Пад санкцыі прапануюць запісаць 47 новых відаў электронных кампанентаў, якія Расея можа выкарыстаць у зброі, у тым ліку у дронах, ракетах і верталётах. Таксама пад санкцыі збіраюцца запісаць рэдказямельныя матэрыялы і цеплавізары. Паводле фон дэр Ляен, Еўразвяз збіраецца забараніць пастаўкі «ўсёй тэхнікі, што знаходзілі на полі бою, і запэўніць, што яны не знойдуць іншых шляхоў, каб гэта трапіла туды».

Упершыню ў санкцыйныя спісы за вайну ва Украіне збіраюцца дадаць трэція краіны: у прыватнасці Іран, які пастаўляе Расеі беспілотнікі «Шагэд». Пад санкцыі маюць трапіць сем іранскіх кампаніяў, якім цалкам забароняць пастаўкі важных тавараў Расеі.

Таксама прапанаваны спіс расейскіх прапагандыстаў, вайскоўцаў і палітыкаў, якіх хочуць пакараць персанальнымі санкцыямі. Паводле Бурэля, у «чорны спіс» хочуць уключыць каля 100 чалавек і кампаніяў.

Як сцвярджае «Bloomberg», у чарнавіках прапановаў – санкцыі супраць «Росбанку», «Альфа-банку», «Тинькофф Банку» і Фонду нацыянальнага дабрабыту Расеі.

«Цяпер у нас дзейнічаюць самыя жорсткія санкцыі, якія калі-небудзь уводзіў Еўразвяз. І мы павінны сачыць за тым, каб яны строга выконваліся. Такім чынам, наш 10-ы пакет уводзіць новыя крокі для перадухілення абыходу, – заявіла фон дэр Ляен. – Мы будзем адсочваць алігархаў, якія спрабуюць схаваць або прадаць свае актывы, каб пазбегчы санкцыяў. І разам з дзяржавамі-чальцамі мы створым агляд усіх замарожаных актываў расейскага Цэнтральнага банку, якія застаюцца ў Еўразвязе. Мы павінны ведаць, дзе яны размяшчаюцца і колькі каштуюць».

На наступным тыдні Еўразвяз збіраецца арганізаваць Каардынацыйны санкцыйны форум, каб палепшыць выкананне санкцыяў і «закруціць гайкі», дадала яна. Увесці новыя санкцыі збіраюцца на гадавіну ўварвання – 24 лютага.

Новыя санкцыі за вайну ва Украіне збіраюцца ўвесці і адносна Беларусі, аднак працэс тармозяць спрэчкі аб выключэнні для калійных угнаенняў. Чуткі пра гэта, якія даходзілі з Бруселю, пацвердзіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушка.

Hавiны
Вайна, палітвязні, сюрпрызы Лукашэнку. Пра што казаў Аб’яднаны пераходны кабінет на прэс-канферэнцыі
2023.02.14 19:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў