Цень міністра

Ва ўмовах вайны, а таксама пагрозы магчымага ўдзелу ў ёй Беларусі, спробы зразумець сэнс прызначэння або перастановак унутры ўраду Лукашэнкі таго ці іншага «міністра» можна параўнаць з варожбамі на картах. Як смерць Уладзіміра Макея, так і прызначэнне яго пераемніка ўжо сталі тэмай для рознага роду спекуляцыяў і інтэрпрэтацый.

Сяргей Алейнік і Аляксандр Лукашэнка.
Фота: БелТА / belros.tv

Інтэрпрэтацыя 1: Прызначэнне Сяргея Алейніка нясе ў сабе схаваны сігнал Захаду.

Сярод прычын раптоўнай смерці Уладзіміра Макея называлася магчымае дачыненне Масквы. Аўтары гэтай версіі лічаць, што ліквідацыя міністра павінна прывесці да поўнага знішчэння «заходняга вектара» як такога ў беларускай знешняй палітыцы.

Адпаведна, новым «міністрам» павінен быў стаць цалкам прамаскоўскі чыноўнік, альбо чалавек, прызначаны з падачы Крамля. Гэта павінна было ўказваць на поўнае падпарадкаванне знешняй палітыкі Беларусі Расеі. Сяргей Алейнік не зусім упісваецца ў гэтую парадыгму, ён прапрацаваў у краінах Заходняй Еўропы на розных дыпламатычных пасадах больш за 25 гадоў. Разам з тым гэта не азначае, што гэты «міністр» будзе рэалізоўваць прарыўную знешнюю палітыку – для гэтага няма неабходных рэсурсаў. Але для заходніх дыпламатаў Алейнік можа стаць цалкам зручным партнёрам.

Інтэрпрэтацыя 2: Лукашэнка вырашыў захаваць значэнне і статус МЗС, а адпаведна прадэманстраваць суб’ектнасць Беларусі ў міжнародных адносінах.

Таму быў прызначаны Алейнік, а не скажам Андрэй Савіных, які б паспяхова справіўся з задачай па ператварэнні МЗС у міністэрства прапаганды. Мабыць Лукашэнка разумее, што больш-менш паўнавартаснае функцыянаванне МЗС з’яўляецца адзінай магчымасцю захаваць хаця б бачнасць незалежнасці.

Інтэрпрэтацыя 3: МЗС па-за палітычнай гульнёй.

Лічылася, што Макей быў не апошняй фігурай, якая вызначала змест унутранай палітыкі Беларусі. Ён ініцыяваў фасадныя дэмакратычныя працэсы, маніпуляваў апазіцыяй і структурамі грамадзянскай супольнасці ва ўгоду рэжыму, кіраваў адлігай і паспяхова прадаваў дыктатуру на Захад.

Былі і тыя, хто называў Макея ледзь не пераемнікам Лукашэнкі. Нават пасля 2020 года з Макеям звязвалі магчымасць, хай і слабую, перазагрузкі стасункаў з Захадам.

Алейнік не валодае ні вопытам, ні палітычным вагой, каб граць хоць нейкую значную ролю ўнутры кіруючай групы. Гэта азначае, што дзейнасць міністра замежных справаў будзе цалкам зведзена да тэхнічных функцый. Алейнік уяўляе сабой тыповага чыноўніка лукашэнкаўскай эпохі, адданага кіраўніку, і будзе ў цэлым незаўважны.

belsat.eu /ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў