Базэльскі інстытут кіравання ў Швейцарыі апублікаваў глабальны рэйтынг краінаў свету ў супрацьдзеянні адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму – Basel AML Index. Беларусь заняла 88-е месца.
У 2022 годзе Беларусь у Basel AML Index была на 70-м месцы, а сёлета размясцілася побач з Саудаўскай Аравіяй (89-е месца), Пакістанам (92-е месца), Зімбабвэ (95-е месца). Крыху лепш справы ў Барбадасе – ён на 87-м месцы.
Першыя тры месцы ў рэйтынгу займаюць Ісландыя, Фінляндыя і Эстонія. У гэтых краінах найлепшая сітуацыя з барацьбой з адмываннем грошай і супрацьдзеяннем фінансаванню тэрарызму.
Літва цяпер на 9-м месцы, Латвія – на 21-м, Польшча – на 37-м, Украіна – на 75-м. Расею ў рэйтынг увогуле не ўключалі.
Basel AML Index публікуецца штогод з 2012 года. Ён уключае 152 краіны. Складаецца рэйтынг на падставе агульнадаступных крыніцаў інфармацыі, у тым ліку Міжнароднай групы распрацоўкі фінансавых мераў барацьбы з адмываннем грошай, Сусветнага банку і Сусветнага эканамічнага форуму.
У межах рэйтынгу ацэньваюцца якасць сістэмы кіравання рызыкамі супрацьдзеяння адмыванню грошай і фінансавання тэрарызму, узровень карупцыі, фінансавая празрыстасць і стандарты, грамадская празрыстасць, справаздачнасць чыноўнікаў перад грамадствам, прававыя і палітычныя рызыкі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu