Чаму ўлады не спыняюць тэрору, а беларусы – індівідуальнага супраціву


У Беларусі не спыняецца тэрор супраць грамадзянаў краіны. Падставы для затрымання часам зусім абсурдныя, а само затрыманне адбываецца з відавочна залішнім ужываннем сілы. Беларусы ж, нягледзячы на рэпрэсіі, працягваюць выказваць сваё меркаванне. Толькі ў Менску Следчы камітэт распачаў у гэтым годзе 17 справаў за «знявагу» дзяржаўнага сцяга. Абмеркавалі з экспертам, чаму так адбываецца. 

Сілавікі збіваюць мірных беларусаў.
Фота: Human Rights Watch

Усё часцей у Беларусі сілавікі паведамляюць пра затрыманні, падставы для якіх выглядаюць бязглуздымі. Напрыклад, у Менску схапілі мужчыну, у якога на нумарным знаку аўтамабіля быў ледзь заўважны след ад налепкі. Байцы ГУБАЗіКу заявілі, што налепкай была выява Пагоні. Гэтага стала дастаткова, каб мужчыну пакаралі адміністратыўным арыштам.

Крыніца: viasna96 / Telegram

Даволі часта сілавікі выбіваюць дзверы жылых памяшканняў, каб затрымаць чалавека ўсяго за каментар у сацсетках. У кастрычніку па 35-гадовую жыхарку вёскі Копішча Вольгу Раманцову прыйшлі за каментар у сеціве. Яе затрымлівалі адразу восем сілавікоў у поўным абмундзіраванні са зброяй і георгіеўскімі стужкамі.

Не застаўся незаўважаным выпадак у Рэчыцы, калі жыхара гораду Паўла Гушчу  арыштавалі за тое, што ён паказаў сярэдні палец расейскім вайскоўцам.

 

Hавiны
Затрыманне за каментар з удзелам васьмі сілавікоў у поўным абмундзіраванні. Рэпрэсіі за 4 кастрычніка
2022.10.04 23:43

Такіх прыкладаў даволі шмат. Шукаць логіку ў дзеяннях сілавікоў не выпадае, лічыць палітолаг Павел Усаў.

«Логікі не бачаць здаровыя людзі, яны проста не бачаць падставаў для такога тэрору, але ж мы маем дачыненне з людзьмі, у якіх няма пункту гледжання здаровага чалавека. Я цяпер кажу пра Лукашэнку і ягонае атачэнне, якое кіруецца прынцыпам утрымання ўлады любым коштам. Яны імкнуцца знішчыць актывізм, праяўленне незадаволенасці і нават намер рэалізаваць нейкую актыўнасць, якая супярэчыць ідэалогіі і сённяшняму парадку. Па сутнасці, у Беларусі сфармаваўся новы палітычны парадак, у якім недапушчальная праява любых альтэрнатыўных палітычных дзеянняў і актыўнасці», – кажа Павел Усаў.

Лукашэнка правёў сустрэчу з вайскоўцамі і сілавікамі.
Фота: president.gov.by

Аналітык лічыць: улады не спыняюць тэрору супраць грамадзянаў, бо ўсведамляюць, што палітычны крызіс не пераадолены. Беларусы моцна негатыўна ставяцца да Лукашэнкі і ягонай палітыкі. Улады разумеюць, што змякчэнне тэрору можа прывесці да палітычнага антырэжымнага выбуху. Таму сілавікі закручваюць спіраль тэрору. Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што чым даўжэй будзе працягвацца тэрор, тым больш імаверны моцны выбух, які ў перспектыве можа выліцца ў даволі сур’ёзную крывавую бойню.

«Таму ўлады рэагуюць не толькі на адкрытае праяўленне непадпарадкавання і апазіцыйнай актыўнасці, але нават на спосаб альтэрнатыўнага мыслення. То бок яны даводзяць сітуацыю да такога стану, пры якім чалавек нават думаць пра супрацьдзеянне рэжыму будзе баяцца. Улады рэалізуюць палітыку татальнага псіхалагічнага страху, які будзе з’яўляцца ўнутранай сістэмай самакантролю», – падсумоўвае Павел Усаў.

Пакуль такога страху і самакантролю ў грамадстве няма. Гэтак, напрыклад, Следчы камітэт скардзіцца, што толькі ў Менску з пачатку года зарэгістравалі 17 выпадкаў «знявагі» дзяржаўнага сцяга. Па кожным з выпадкаў сілавікі завялі крымінальныя справы, а людзей кінулі за краты.

На працягу апошніх тыдняў сілавікі схапілі людзей, якія, нягледзячы на пагрозу арышту, пакінулі зняважлівыя каментары ў дачыненні чыноўнікаў і сілавікоў. Гэта сведчыць, што грамадства сапраўды не змірылася з палітыкай Лукашэнкі і захопам улады.

«Калі казаць пра структурны рэвалюцыйны пратэсны патэнцыял у Беларусі, то яго цяпер няма. Усе структуры, якія былі б здольныя на арганізацыю такой дзейнасці, разбураныя, знішчаныя. Але існуе псіхічнае непрыняцце сістэмы, унутраная агрэсія, якія ёсць у кожнага чалавека, каторы абудзіўся ў 2020 годзе ці раней. Такія людзі не зменяць свайго стаўлення да ўлады, яны гатовыя пры пэўных умовах выйсці на вуліцы, будаваць барыкады і змагацца з прадстаўнікамі рэжыму. Але выйдуць яны толькі ў пэўны момант выбуху, які змяце гэты рэжым. Непрыманне часам вырываецца з-пад унутранага разумення сітуацыі і выліваецца ў такія індывідуальныя дзеянні, як зрыванне сцягоў, каментаванне ў сацсетках. Гэта паказнік таго, што ёсць жаданне індывідуальнага супраціву нават нягледзячы на тэрор супраць грамадства», – кажа Павел Усаў.

Жыве!
Смяялася з суддзі, не магла звыкнуць да сябе ў люстэрку ў калоніі. Дар’я Чульцова дала вялікае інтэрв’ю
2022.11.04 00:05

Палітолаг зазначае, што ў нашай краіне застаюцца падпольныя сеткі, да канца не знішчаныя сілавікамі. Апазіцыйная дзейнасць не афішуецца, бо любое прыцягненне ўвагі спрычыніцца да нейтралізацыі такіх групаў.

«Таму мы і не валодаем усёй інфармацыяй пра дзейнасць такіх структураў. Улады намагаюцца ўвайсці ў іх склад, прынамсі мы гэта бачылі на прыкладзе плану «Перамога», – кажа эксперт.

Цяпер у Беларусі назіраем лакальнае індывідуальнае супрацьстаянне асобных грамадзянаў і ўладаў краіны. Такое супрацьдзеянне грамадзянаў яшчэ больш умацоўвае Лукашэнку ў думцы, што пратэсны патэнцыял у грамадстве ёсць, і каб яго знішчыць, трэба нейтралізаваць каля мільёна беларусаў. Але запужаць іх недастаткова, бо трэба змяніць спосаб іхнага мыслення, лічыць Павел Усаў.  Мільён грамадзянаў – гэта вялікая лічба. Тэрорам людзей можна запалохаць, але змяніць іхныя думкі – немагчыма. Таму рэжыму застаецца толькі нішчыць праявы актыўнасці і трымаць людзей у страху. Але як толькі грамадства адчуе паслабленне тэрору, то гэты мільён асобаў стане тым інструментам, які проста дашчэнту змяце гэтую сістэму, кажа палітолаг.

Патэнцыял у грамадстве існуе, але пакуль у Беларусі няма лідара, і пытанне ў тым, хто зможа скарыстацца гэтым патэнцыялам у момант супрацьстаяння з сістэмай, застаецца адкрытым.

Артыкулы
Аляксандр Азараў: Мы рыхтуем паўстанне
2022.09.11 22:53

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў