Беларусь, праз захады і забароны ўладаў, усё больш паглынае каронавірусная цемра


Беларусь уваходзіць у топ-10 краін свету з высокай смяротнасцю ад каронавіруса. Пры гэтым улады толькі цяпер увялі абавязковы масачны рэжым і выдаюць загады пра абавязковую вакцынацыю. Падчас першай хвалі пандэміі ў Беларусі змагацца з распаўсюдам інфекцыі дапамагалі грамадзянскія ініцыятывы, беларусы кінулі спадзевы на дзяржаву і вырашалі праблемы самастойна. Цяпер кожная недзяржаўная ініцыятыва пераследуецца ўладамі. Стваральнікі ініцыятывы «ByCovid-19» у размове з «Белсатам» кажуць, што забарона на грамадзянскую актыўнасць таксама стала адной прычынаў таго, што чарговая хваля каронавіруса зрабілася настолькі магутнай і так моцна накрыла краіну.

Фота: Белсат

Сістэма аховы здароўя ў Беларусі на мяжы сваіх магчымасцяў. Шпіталі ва ўсёй краіне перапоўненыя, медыкаў катастрафічна не хапае. Пры гэтым плато чацвёртай хвалі каронавіруса ў Беларусі яшчэ і не наступіла. Медыкі лічаць, што сітуацыя будзе пагаршацца. Нашая краіна ў выніку ўжо сярод 10 краінаў свету, якія найбольш пацярпелі ад каронавіруса, паведамляе Вашынгтонскі інстытут паказнікаў і ацэнкі здароўя. Пры гэтым улады робяць выгляд, што сітуацыя пад кантролем, а, паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, штодня ад інфекцыі паміраюць не больш за 15 пацыентаў.

«Нават з афіцыйных лічбаў відавочна, што смяротнасць моцна павялічылася. Той факт, што абсалютна штучная планка колькасці памерлых, якая ўсталёўваецца і якая падчас першых хваляў не перавышала некалькі пацыентаў за дзень, то цяпер – 15. Улады раней заніжалі смяротнасць у 15–17 разоў. І гэтая лічба прыкладна такой і застаецца. І на сёння колькасць памерлых ад каронавіруса з пачатку пандэміі складае нават больш за 60 тысячаў чалавек», – кажа Андрэй Елісееў.

Hавiны
Пасля арышту на Акрэсціна ад наступстваў каронавіруса памерла жыхарка Менску
2021.10.12 21:08

Афіцыйна ж агучваюць, што ахвярамі каронавіруса ў Беларусі сталі 4336 пацыентаў. Медыкі даўно кажуць, што гэта не адпавядае рэчаіснасці. Асобныя звесткі з некаторых бальніц і ад дактароў дэманструюць, што за дзень паміраюць больш як 20 пацыентаў. І гэта толькі ў асобных установах. Увогуле медыкі ўсё менш могуць распавядаць пра сітуацыю ў шпіталях. А дапамагаць ім змагацца з пандэміяй няма каму. Грамадзянскія ініцыятывы, кшталту «ByCovid-19», існаваць больш не могуць.

«Сёння немагчыма зрабіць нешта такое, што было зробленае ўвесну 2020 года «ByCovid». Я цяпер бачу, што за мяжой, нягледзячы на тое, што замежныя дзяржавы абсалютна адэкватна ставяцца да пандэміі, вялікую ролю адыгрываюць валанцёры. І гэта абсалютна нармалёва для любога грамадства, бо ў час вялікіх выпрабаванняў, у час надзвычайных і крытычных сітуацыяў грамадзянская супольнасць мабілізуецца. Калі ёсць пажар, то ты бярэш вядро і ідзеш яго тушыць, тут няма патрэбы ў наяўнасці пасведчання, што ты выратавальнік. Так было і ў нас.

Але цяпер улады вядуць атаку і спрабуюць знішчыць грамадзянскую актыўнасць, усё непадкантрольнае Лукашэнку мусяць узяць пад кантроль або знішчыць. І вось якраз ва ўмовах такой халоднай, ці напалову гарачай грамадзянскай вайны, у якой мы цяпер жывем, ёсць праблема ў тым, што інстытуцыйная дапамога немагчымая. І я тут згодны з тым, што тая каронавірусная цемра, у якую падае Беларусь, абумоўленая і тым, што грамадству забараняюць рабіць нейкія дзеянні, якія б маглі дапамагчы людзям і краіне», – кажа Андрэй Стрыжак, каардынатар ініцыятывы «ByCovid-19».

Беларускія медыкі атрымліваюць дапамогу ад ініцыятывы ByCovid19. Крыніца: ByCovid19/Facebook

З моманту пачатку пандэміі ў Беларусі грамадзянская ініцыятыва «ByCovid-19» распачала збор сродкаў і дапамогу медыкам. Сістэма аказалася зусім не падрыхтаваная да выклікаў. У медыкаў практычна не было ахоўных масак, СІА. І дзяржава не спяшалася развязваць гэтыя пытанні.

«Мы сталі рэакцыяй на адсутнасць рэакцыі з боку дзяржавы на тое, што адбылося з краінай і грамадствам на той момант. Дзяржава сцвярджала, што інфекцыя – хлусня, лухта і не трэба нейкіх захадаў, а дастаткова проста паездзіць на трактары па полі, выпіць гарэлкі і пайсці ў лазню, тады будзе ўсё добра. Але мы разумелі, што гэта не так, праблема вялікая, трэба яе неяк вырашаць, і ўзялі на сябе адказнасць за гэта. Гэта частка функцыі грамадзянскай супольнасці: браць на сябе адказнасць, калі дзяржава не можа або не хоча гэтага рабіць. І «ByCovid-19» стала рэакцыяй на такія дзеянні, ці бяздзейнасць дзяржавы, якія прыводзілі да таго, што медыкі і пацыенты аказаліся ў небяспецы. Таму можна сказаць, што дзяржава сваім неадэкватным стаўленнем да праблемы спрычынілася да таго, што мы з’явіліся», – кажа Андрэй Стрыжак.

Hавiны
«Злілі» рэальную статыстыку: у Менску да 3076 новых выпадкаў COVID-19 за дзень
2021.10.12 09:55

Забарона на ініцыятывы прывяла да таго, што ўсёй сістэме стала больш складана змагацца з эпідэміяй. Пры гэтым улады і далей працягваюць удаваць добры выгляд пры кепскай гульні. Дзяржава не зрабіла нейкіх высноваў падчас першай хвалі каронавіруса. У выніку чацвёртая хваля можа зрабіцца катастрофай для нашай краіны, лічыць палітолаг Андрэй Елісееў.

«Сістэма адукацыі таксама зусім не падрыхтаваная да эпідэміі, няма дыстанцыйнага навучання. Відаць, што бацькі таксама не гэтак актыўна, як раней, рэагуюць на выклік і не пускаюць дзяцей. Гэта таксама істотна паўплывала на развіццё пандэміі. Але галоўнай прычынай стаў правал вакцынацыі. Бо ўвогуле вельмі неадэкватная інфармацыйная палітыка ў краіне.

Няма даверу да дзяржаўных органаў улады. Няма магчымасці для вакцынацыі заходнімі прышчэпкамі, бо частка грамадства не давярае расейскім і кітайскім вакцынам. Усё гэта ў сукупнасці прывяло да таго, што беларускае грамадства на пачатак бягучай хвалі каронавіруса мела нізкі ўзровень прышчэпак. І менавіта гэта галоўная прычына такога развіцця эпідэміі. Не толькі правал вакцынацыі, але наагул дзяржаўныя захады былі вельмі мізэрныя, зусім не адэкватныя сітуацыі», – кажа Андрэй Елісееў.

Цэнтр вакцынацыі ў ГЦ «Экспабел». Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Каронавірус у Беларусі стаў момантам абуджэння грамадства і, як лічаць палітолагі, стаў перадумовай для пачатку рэвалюцыі ў краіне. Людзі канчаткова перасталі давяраць дзяржаве, калі чыноўнікі пачалі пераконваць, што пандэмія – выдумка. І чарговая хваля, якая ўжо закранае ўсё большую частку насельніцтва, будзе мець палітычныя наступствы.

«Смяротнасць вельмі высокая і закранае ўсе пласты насельніцтва, у тым ліку і людзей, якія дагэтуль застаюцца прыхільнікамі ўладаў. Хутчэй за ўсё, наступствы гэтай хвалі могуць змяніць і іхныя меркаванні. Калі Беларусь у шэрагу краінаў свету, якія найбольш пацярпелі і цярпяць ад каронавірусу, то відавочна, гэта будзе мець і сацыяльныя і палітычныя наступствы. Хаванне статыстыкі, якое доўжыцца ўжо больш за год, рана ці позна мусіць скончыцца. Тыя, хто верыць у афіцыйныя звесткі, рана ці позна пабачаць сапраўдную карціну. Немагчыма з года ў год цалкам цэнзураваць дэмаграфічныя звесткі, і гэта таксама зробіцца адкрыццём для часткі насельніцтва», – кажа Андрэй Елісееў.

Hавiны
У Шчучыне ў разгар пандэміі звольнілі адзінага інфекцыяніста
2021.10.11 12:11

СК belsat.eu

Стужка навінаў