Траіх маладзёнаў судзілі за тое, што яны не падняліся падчас выканання гімну


На адным з выпускных вечароў у Нароўлі трое маладзёнаў не падняліся падчас выканання дзяржаўнага гімну. На іх склалі пратакол і асудзілі.

Маладыя людзі не падняліся падчас выканання дзяржаўнага гімну, і іх судзілі.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Увагу на гэты выпадак звяртаюць праваабаронцы з «Гомельскай Вясны». Паводле іх звестак, 2 жніўня 2023 года ў судзе Нараўлянскага раёна разглядалася справа 25-гадовага Максіма Галавацкага па артыкуле 24.54 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях РБ «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да дзяржаўных сімвалаў».

Разам з Галавацкім былі прыцягнутыя да адказнасці і ягоныя сябры. На дадзены момант яшчэ няма інфармацыі аб тым, якое пакаранне вынес суд, роўна як няма звестак аб тым, ці адбыліся суды над сябрамі Галавацкага.

Гэта далёка не першыя выпадкі, калі людзей штрафуюць за падобныя дзеянні. Так, у траўні ў Горадні быў асуджаны мясцовы жыхар за тое, што застаўся ў крэсле падчас выканання гімну на футбольным матчы паміж «Нёманам» і «Дынама». У лютым 2023 года дзяўчына не паднялася пад гукі гімну на турніры па кікбоксінгу ў Менску.

Згодна з заканадаўствам, пакаранне па артыкуле 24.54 прадугледжвае штраф да 15 базавых велічынь. Таксама за парушэнне гэтага артыкула чалавека могуць не выпусціць за межы Беларусі на той час, пакуль ідзе разбіральніцтва па справе (згодна са зменамі ў законе аб парадку ўезду ў Беларусь і выезду з яе).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў