Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 14 верасня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народу за 14 верасня.

Дзянісу Івашыну далі 13 гадоў і 1 месяц зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Апроч таго, Івашын павінен выплаціць штраф у памеры 150 базавых і кампенсацыю па 2000 рублёў кожнаму з 9 «пацярпелых». Усяго палітвязень павінен выплаціць 22,8 тысячаў беларускіх рублёў.

Стала вядома, за што затрымалі журналіста Яўгена Меркіса. Падчас ператрусу ў яго бацькоў 14 верасня ў пастанове была пазначана ч. 1 ар. 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне да шасці гадоў зняволення.

Затрыманаму 13 верасня адвакату Міхаілу Макараву і яго жонцы, таксама адвакату, Вікторыі Гульковай далі 15 сутак. Пра гэта «Медыязоне» паведаміў сябар сямʼі. Верагодна, Макарава і Гулькову асудзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Учора праўладныя каналы напісалі пра затрыманне адвакатаў па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння». На думку сілавікоў, абаронцы «працавалі на анархісцкую групоўку» і «выконвалі ролю сувязных паміж змоўшчыкамі».

Стала вядома пра затрыманне жонкі палітзняволенага журналіста Дзмітрыя Лукшы. Затрыманне Паліны Палавінкі адбылося яшчэ 2 чэрвеня, але праваабаронцы даведаліся пра гэта толькі нядаўна. Яе, як і мужа, абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Беларусі»). Цяпер Паліну і Дзмітрыя ўтрымліваюць у СІЗА-1 у Менску.

У Мінску зноў затрымалі экскурсаводку 24-гадовую Аксану Манкевіч, верагодная прычына – удзел у пратэстах у 2020 годзе. 14 верасня праўладныя тэлеграм-каналы распаўсюдзілі «пакаяльнае» відэа з Аксанай, на якім дзяўчына кажа, што «прымала ўдзел у масавых мерапрыемствах у 2020 годзе, а таксама выходзіла на дарогу з бел-чырвона-белым сцягам». Раней Аксану ўжо двойчы затрымлівалі па «народных» артыкулах у 2021 годзе.

Суд Першамайскага раёну Віцебску 14 верасня прысудзіў год і 10 месяцаў калоніі мясцоваму жыхару Яўгену Гукаву, паведамляе «Вясна». Ён быў затрыманы 20 чэрвеня і да суда ўтрымліваўся ў СІЗА Віцебску. У абвінавачанні сказана, што Гукаў «з 20 кастрычніка па 20 лістапада 2020 года шматразова ў тэлеграм-чатах «Вуліца Гагарына» і «Віцебск-97» размяшчаў відэаролік выступу Лукашэнкі на канале «Пул Першага», які суправаджаў абразлівымі і нецэнзурнымі каментарамі, з выкарыстанне ненарматыўнай формай маўленчага выказвання».

У Ваўкавыску 14 верасня была затрымана стаматолаг Нэла Саўчанка. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал «Гродна-граб». Яе затрымалі паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Стужка навінаў