Баі за Клішчыеўку і Уражайнае. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 537-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны Узброеныя сілы РФ працягнулі наступаць у ваколіцах гораду Купянск.

Вядома, што цягам содняў яны атакавалі каля населеных пунктаў Кіслоўка, Сінькаўка і Андрэеўка, але паўсюль не дасягнулі поспеху. Імаверна, Збройным сілам Украіны ўдалося стабілізаваць лінію фронту і не дапусціць прарыву расейцаў да раённага цэнтру.

Далей на поўдзень расейцы наступалі каля сяла Мясажараўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці, імкнучыся выціснуць ЗСУ за раку Жарабец – таксама безвынікова. Доўгі час гэты ўчастак фронту заставаўся адносна стабільным.

На ліманскім кірунку войскі РФ наступаюць у Серабранскім лясніцтве, спрабуючы выціснуць украінцаў за раку Сівэрскі Данец. Паводле намесніцы Міністра абароны Украіны Ганны Маляр, пакуль ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка.

Запарожжа пасля ракетнай атакі расейскіх войскаў, Украіна, 11 жніўня 2023 г.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку найбольшая актыўнасць абодвух бакоў канфлікту фіксуецца на поўдні ад аднайменнага райцэнтру.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамляюць пра няўдалыя спробы расейцаў вярнуць раней страчаныя пазіцыі каля сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка. Расейскі ваенкар Сямён Пегаў дадае звесткі пра контратаку каля Курдзюмаўкі – зноў без поспеху.

Прарасейскія тэлеграм-канал «Два майора» піша пра цяжкія баі за Клішчыеўку, паўднёвая частка якой перыядычна пераходзіць з рук у рукі. Таксама крыніца адзначае няўдалую спрабую ЗСУ ахапіць населены пункт танкавымі падраздзяленнямі.

Між тым праўкраінскі канал «Говорять Снайпер» заяўляе пра пазітыўную дынаміку для ЗСУ на бахмуцкім кірунку.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

У ваколіцах Данецку ініцыятыва захоўваецца за Узброенымі сіламі РФ, якія намагаюцца ўзяць пад поўны кантроль горад Мар’інка, а таксама атачыць Аўдзееўку.

Маляр піша, што на абодвух участках ідуць цяжкія баі, але пакуль сілы абароны краіны ўтрымліваюць свае пазіцыі.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў)

На бярдзянскім кірунку ўвага абодвух бакоў засяроджаная на сяле Уражайнае, дакладны статус якога застаецца невядомым.

Ганна Маляр піша, што ЗСУ працягваюць вызваляць населены пункт, і маюць пэўныя поспехі. Таксама адзначаюцца прасоўванні ўкраінцаў на поўдні і паўднёвым усходзе ад суседняга Старамаёрскага, што сведчыць пра спробы Збройных сілаў выпрастаць лінію фронту паміж двума сёламі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Воин DV» спачатку напісаў, што ўдзень 13 жніўня расейскае камандаванне прыняло рашэнне пакінуць Уражайнае. Але пазней гэтая ж крыніца заявіла, што за баі за сяло могуць працягвацца.

«Romanov Лайт» гаворыць, што цягам мінулых содняў расейцы спрабавалі зноў зачапіцца за паўднёвыя ўскрайкі сяла, але ў выніку адышлі і цяпер умацоўваюць пазіцыі ў суседняй Старамлынаўцы.

Разам з тым крыніца з высокай верагоднасцю прагназуе здачу войскамі РФ сёлаў Старамлынаўка і Завітнае Бажанне з далейшым адыходам на прыблізна 8 кіламетраў да асноўнай лініі абароны.

Імаверна, пакуль самое Уражайнае месціцца ў так званай шэрай зоне, паколькі ніводны з бакоў не мае поўнага кантролю над ім.

Мелітопальскі кірункі (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку асноўныя баі ідуць у ваколіцах сяла Работына ў Палогаўскім раёне Запарожскай вобласці.

Тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» піша, што ЗСУ невялікімі групамі атакуюць пазіцыі расейцаў у самім населеным пункце.

Пры гэтым Узброеныя сілы РФ намагаюцца контратакаваць, каб адкінуць украінцаў на ранейшыя пазіцыі – пакуль без поспеху.

«Говорять Снайпер» фіксуе прыбыццё шматлікіх расейскіх рэзерваў да лініі сутыкнення.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

На херсонскім кірунку фіксуюцца баі каля Антонаўскага мосту і населенага пункту Казачыя Лагеры, дзе Збройныя сілы Украіны ўтрымліваюць плацдармы (левабярэжжа Дняпра).

«Romanov Лайт» піша, што заходнія ўскрайкі Казачых Лагераў цяпер пад украінскім кантролем, таксама ЗСУ цягам содняў прарвалі абарону праціўніка на адным з участкаў каля Антонаўскага мосту.

Украінскі бок пакуль не каментуе сітуацыю на левым беразе, што можа быць часткай інфармацыйнай вайны.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў