Чаму Пераходны кабінет не выбіралі і ці гатовы ён да «акна магчымасцяў»? Што казаў Шчыгельскі


Беларусам трэба «Кніга», «паспалітае рушэнне» і двоеўладдзе, каб змяніць уладу. 

У варшаўскім Музеі вольнай Беларусі 13 жніўня даў прэс-канферэнцыю палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі. З ім збіралася быць прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец, але яна, як сказаў Шчыгельскі, у апошні момант захварэла, таму ён адказваў і за яе – «Кіберпартызаны» ўваходзяць у рух «Супраціў». Яны абое былі на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 8–9 жніўня: Шчыгельскі на палітычнай дыскусіі ў першы дзень, Шаметавец – на «айцішнай» у другі. Цяпер Шчыгельскі расказаў і пра сваю дзейнасць, і пра вынікі канферэнцыі.

Палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі на сустрэчы ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 жніўня 2022 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Белсат

Рух «Супраціў» цяпер у кепскім стане, на «Кіберпартызанаў» не даюць грошай. Шчыгельскі тлумачыць: значная частка людзей з’ехала ва Украіну, а групы людзей у Беларусі даводзіцца проста стрымліваць, бо правядзенне акцыяў у Беларусі цяпер «суіцыдальныя», а рэжыму не зменяць. «Супраціў» і «Кіберпартызаны» не ўвайшлі ў Пераходны кабінет пры Святлане Ціханоўскай, але ўвайшлі ў кааліцыю, што падтрымала гэты кабінет. Шчыгельскі таксама наракаў: беларусы могуць атрымаць замежнае спансаванне ад розных фондаў на культуру ці падтрыманне палітычных зняволеных, зоаабарону ці абарону правоў ЛГБТ-супольнасці, але не даюць сродкаў «на палітыку», на барацьбу з галоўнай праблемай: рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. За два гады Шчыгельскаму не ўдалося «выбіць» фінансаванне нават на «Кіберпартызанаў», не ідзецца ўжо пра «Супраціў». То бок «калі цячэ кран, усе бегаюць з анучамі, а не даюць магчымасці закруціць кран». А «Кіберпартызаны» мусяць працаваць на сваіх працах па 8–10 гадзін, прыходзіць дамоў і працаваць яшчэ 3–4 гадзіны над хакерствам – і так трывае гадамі. І цяпер шмат сілаў хакераў  ідзе на дапамогу Украіне.

Артыкулы
Што пераломіць сітуацыю ў Беларусі і што рабіць беларусам? Тры сцэнары і чатыры прапановы Шчыгельскага
2022.03.28 08:30

Стратэгія для змены ўлады мусіць мець тры складнікі: структура ў Беларусі, ваяры ва Украіне і «паспалітае рушэнне» ў іншых краінах. Так, кажа Шчыгельскі, бачыць стратэгію «Супраціў». Структура ў Беларусі мусіць быць вертыкальнай, складацца з падрыхтаваных людзей, якія будуць ведаць, «што браць і куды бегчы» ў выпадку наступнага палітычнага крызісу (не абавязкова электаральнай кампаніі), быць «канцавіком дзіды». Патрэбныя і тыя людзі, якія цяпер ваююць ва Украіне, – некалькі тысяч ваяроў самі не ўладкуюць «пытанне Лукашэнкі» пры абыякавасці астатніх беларусаў, але могуць стаць «апошняй саломінкай, што ломіць хрыбетнік вярблюду», калі паўстануць астатнія. І мусіць быць «паспалітае рушэнне» ў эміграцыі, рыхтаванне рэзерву за мяжой. На гэта трэба «нарасціць» палітычнае прадстаўніцтва – ім мусіць стаць Пераходны кабінет пры Ціханоўскай.

Галоўны вораг – не Лукашэнка, а расейскі імперыялізм. Шчыгельскі пералічвае: Уладзімір Пуцін, Масква, Расейская імперыя, расейскі імперскі фашызм і тыя расейцы, якія падзяляюць імперскі менталітэт, – гэта галоўныя пагрозы, а Лукашэнку ён называе «дробным пуцінскім халуём». Пасля канферэнцыі «Новая Беларусь» нямногія звярнулі ўвагу на чатыры выніковыя дакументы, узгодненыя аргкамітэтам: там, сярод іншага, першай мэтай дэкларавалася «вызваленне Беларусі ад прысутнасці на яе тэрыторыі войскаў замежнай дзяржавы – Расейскай Федэрацыі», сярод наступных мэтаў – «ліквідацыя эканамічнай, энергетычнай, культурнай і іншых залежнасцяў Беларусі ад Расеі», асобная дэкларацыя была пра падтрыманне Украіны.

Аналітыка
Калі вайна ва Украіне зацягнецца, што будзе з Беларуссю? Спыталі экспертаў
2022.08.12 08:30

Беларусам патрэбная свая вялікая ідэя – нацыянальная «Кніга». Ён прыводзіць прыклад габрэйскай Бібліі («Танаху») – габрэі жылі без радзімы дзве тысячы гадоў, але не зніклі як народ. Гэта не мусіць быць менавіта друкаванай кнігай – але мусіць быць чымся, што яднае людзей у нацыю. Беларусы ў эміграцыі лёгка асімілююцца, у Злучаных Штатах за некалькі гадоў  становяцца амерыканцамі» і перастаюць цікавіцца беларускай дзейнасцю. А з’язджае цяпер актыўная і адукаваная частка грамадства, Беларусь губляе «людскі капітал» – нават калі яны не вернуцца, важна, каб яны стварылі дыяспару, бо гэта важны інструмент прасоўвання нацыянальных інтарэсаў. Для гэтага патрэбныя і такія месцы, як Музей вольнай Беларусі ў Варшаве, як салоны перад Французскай рэвалюцыяй, дзе мысляры і палітыкі абмяркоўвалі сітуацыю адно з адным, вялі дэбаты і паціху стваралі «Кнігу» сваёй рэвалюцыі.

Калі проста заўтра адкрыецца «акно магчымасцяў», дэмакратычныя сілы не будуць гатовыя. Ступень гатовасці да адкрыцця «акна магчымасцяў» вырасла са з’яўленнем Пераходнага кабінету, кажа Шчыгельскі. Але па-сапраўднаму гатовыя будуць тады, калі «ў кожнага будзе ляжаць пакет, які ўскрыў – і ведаеш, куды бегчы, што хапаць і што казаць», у тым пакеце мусяць быць і належныя візы, і грошы. Ды ў розных сілаў ужо ёсць разуменне, што такі пакет мусіць быць, а гэта «вялікі крок наперад у параўнанні з тым, што было яшчэ два-тры месяцы таму».

Hавiны
Як там план «Перамога»? Спыталі ў BYPOL, ці актуальны ён, – і ці будзе нацыянальна-вызваленчае войска
2022.08.04 12:58

Усім трэба рабіць працу над памылкамі – найлепей, каб для дэмакратычных сілаў яго зрабілі аналітыкі. Шчыгельскі прызнае свае памылкі: што з пачатку 2020 года займаў занадта рэзкую і недастаткова гнуткую пазіцыю, што не паехаў у Вільню да Офісу Ціханоўскай (хоць яму сказалі не прыязджаць яшчэ 13 жніўня 2020 года), што не быў дастаткова настойлівым у некаторых аспектах, такіх як пошук фінансавання ці запуск палітычнага крыла руху «Супраціў»… Але было б варта, каб аналітыкі (як Павел Усаў, Андрэй Ягораў і Арцём Шрайбман) сабраліся на канферэнцыі і разабралі памылкі ўсяго дэмакратычнага руху, зладзілі прынамсі часткова публічны «разбор палётаў» і «лупцоўку». Крытыка патрэбная, бо «не заўсёды за сабой усё пабачыш».

Палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі на сустрэчы ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 жніўня 2022 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Белсат

Гуртавацца трэба, бо кожная асобная палітычная структура цяпер не мае дастаткова рэсурсаў і падтрымання, каб змяніць сітуацыю ў краіне. Шчыгельскі згадаў, як у верасні 2020 года сустракаўся з Вадзімам Пракоп’евым і прапаноўваў «сабраць усю старую і новую апазіцыю на турбазу і закрыць іх там тыдні на два» – пакуль не пачнуць размаўляць адно з адным і не змогуць прыйсці да агульнай стратэгіі. Таму добра, што хаця б цяпер прайшла канферэнцыя «Новая Беларусь». Многія часткі апазіцыі «сядзяць у сваім акопе», але асабістыя размовы дапамагаюць зняць шматлікія пытанні значна эфектыўней за ліставанне ці відэаканферэнцыі.

Аналітыка
7 рэчаў, якія трэба ведаць пра Аб’яднаны пераходны кабінет пры Ціханоўскай
2022.08.11 10:43

Пераходны кабінет прызначылі, а не выбралі, бо няма механізму для выбараў – але над ім ужо працуюць. Выбары – добрая ідэя, кажа Шчыгельскі, але няма сістэмы для галасавання, немагчыма вызначыць «вагу» палітычных сілаў. На «айцішнай» секцыі канферэнцыі «Новая Беларусь» абмяркоўвалі праект «Электронная Беларусь» ад стваральнікаў платформы «Голас». Праз яго можа быць магчымая арганізацыя выбараў у Каардынацыйную раду, якая б зацвердзіла кандыдатуры ў Пераходны кабінет. Калі атрымаецца, то можна будзе стварыць протапарламент, у якім палітычныя сілы атрымаюць вагу, адпаведную сваёй папулярнасці ў беларусаў, а не будуць запрошаныя адной палітычнай сілай. Чакаць стварэння сістэмы давядзецца ў найлепшым выпадку 6-8 месяцаў – развязак з прызначэннем не ідэальны, але астатнія яшчэ горшыя. Дый у прынцыпе такі прадстаўнічы орган важны, каб «стварыць структуру двоеўладдзя» і перахапіць уладу. Гэта варта было рабіць яшчэ ў жніўні 2020 года, гэта прапаноўваў тады Уладзімір Мацкевіч, але раз адразу так не атрымалася, пасля 24 лютага не пачалі – трэба рабіць цяпер.

Галоўная праблема альтэрнатыўных выбараў – верыфікацыя галасоў. Сістэма «Электронная Беларусь» можа быць падобнай да ўкраінскай праграмы «Дія», можа ўтрымліваць электронны пашпарт, правы кіроўцы, сістэму аплаты падаткаў… Пытанні ў тым, наколькі гэтая сістэма будзе цікавая беларусам, наколькі да яе будзе давер і ці будзе яна бяспечнай. Для таго, каб выкарыстаць сістэму ў выбарах, трэба прыдумаць, як праверыць, што «1 чалавек = 1 голас». Для гэтага не падыдзе рэгістрацыя праз тэлефонны нумар, бо можна наствараць мільён віртуальных сім-картак («Кіберпартызаны» могуць стварыць мільён сімак і прагаласаваць за Шчыгельскага – але гэта не значыць, што яго падтрымае мільён асобаў), Google-акаўнты ці Facebook-акаўнты не падыходзяць і пагатоў. На ручную верыфікацыю асобы можа ісці 10 хвілінаў, а можа гадзіна – то бок на мільён выбарнікаў спатрэбіцца нешта каля 500 000 чалавека-гадзінаў правярання. Ды праца над ідэяй пачалася яшчэ да канферэнцыі, некалькі варыянтаў ужо прыдумалі. У стварэнні праекту «Кіберпартызаны» не ўдзельнічаюць наўпрост, бо не маюць патрэбных кампетэнцыяў, але прапаноўвалі дапамогу ў тэставанні праекту (могуць паспрабаваць зламаць сістэму), таксама могуць даць свае базы звестак для верыфікацыі карыстальнікаў (здабытая хакерамі база пашпартных звестак беларусаў ёсць і ва ўладаў).

Палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі на сустрэчы ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 жніўня 2022 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Белсат
Аналітыка
За тыдзень судовага разгляду справы «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады» сапраўднай змовы не выявілася
2022.08.05 18:44

Прызнаныя палітвязнямі – гэта толькі частка тых, хто сядзіць паводле палітычных артыкулаў. Паводле ацэнак Шчыгельскага, цяпер у няволі з палітычных прычынаў не менш за пяць тысяч асобаў. У гэта ён уключае і тых, хто «адмахнуўся ад міліцыянта», і тых, у каго яшчэ неяк «нервы не вытрымалі» – такіх праваабаронцы звычайна не залічваюць у палітвязні. Ён прывёў прыклад справы аб «дзяржаўным перавароце», у якой фігуруе і ён сам. Адзін са зняволеных фігурантаў, Юрась Зянковіч, так і не ўключаны ў спіс палітвязняў. Шчыгельскі пытае: «А за што ён сядзіць, не за палітыку?» Такіх выпадкаў тысячы, кажа ён, таму выходзіць, што «ёсць палітвязні першага гатунку і другога гатунку», што няправільна. Самую справу пра «змову» яму цяжка каментаваць: маўляў, ніхто не ведае, куды тая справа ідзе, акрамя Аляксандра Лукашэнкі. У справе ёсць нейкія прозвішчы, якіх ён не чуў, нейкі незнаёмы яму «кіраўнік змовы», яму самому закідаюць нейкую сувязь з Ізраілем, дзе ён ніколі не быў… Працэс стаў «неймаверна дзіўным», кажа Шчыгельскі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў