«Фармальная спроба ціску». Крысціна Рыхтэр – аб зменах у закон аб грамадзянстве, якія набылі моц


11 ліпеня ў Беларусі набылі моц папраўкі ў закон «Аб грамадзянстве», якія дазваляюць лукашэнкаўскім уладам пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія былі асуджаныя паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў і пакінулі краіну. Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр у інтэрв’ю «Белсату» выказала меркаванне, што такі ціск можа закрануць не толькі публічных, але і звычайных беларусаў.

Крысціна Рыхтэр. Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Найперш гэта будзе тычыцца тых, хто зʼяўляецца публічнай асобай і ў дачыненні каго ўжо ёсць вынесенае рашэнне суду. Таму што публічныя кары – гэта тое, чым увесь час займаецца рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Але махавік рэпрэсіяў такі, што справы могуць дайсці і да звычайных беларусаў», – сказала Крысціна Рыхтэр.

«Шмат людзей можа падпасці пад дзеянне паправак»

Папраўкі ў заканадаўства аб грамадзянстве накіраваныя, па сутнасці, супраць усіх беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, падкрэсліла дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях.

Яна ўдакладніла, што цяпер лукашэнкаўскі рэжым можа пазбавіць грамадзянства беларусаў, якія маюць яго ад нараджэння (раней заканадаўства забараняла гэта рабіць), калі яны знаходзяцца за межамі краіны і ў дачыненне іх маюцца вынесеныя рашэнні суду паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Такіх артыкулаў у беларускім заканадаўстве ўжо 55.

«Гэта даволі шмат. Шмат людзей можа падпасці пад дзеянне гэтых паправак у заканадаўства», – кажа Крысціна Рыхтэр.

На яе думку, змены ў закон, якія набылі моц 11 ліпеня, трэба разглядаць у комплексе з ранейшымі зменамі, прынятымі цягам некалькіх апошніх гадоў. У прыватнасці, з практыкай завочных судоў. Цяпер непажаданых людзей можна судзіць нават калі яны адсутнічаюць у краіне і ў судовай зале. А асудзіўшы – запускаць працэдуру пазбаўлення грамадзянства.

Аб’ектыў
У «экстрэмістаў» будуць забіраць грамадзянства
2023.07.11 22:13

«Калі глядзець у комплексе, то відавочна, што гэтыя папраўкі прынятыя толькі з мэтай палітычнага пераследу і рэпрэсіяў беларускіх грамадзян», – упэўненая Крысціна Рыхтэр.

«Не могуць быць прызнаныя законнымі»

На яе думку, рэжым стаіць на тым, што «рэпрэсіі не павінны спыняцца, каб людзі не забыліся». Пры гэтым улады разумеюць, што ў цяперашняй сітуацыі іхныя практыкі неэфектыўныя.

«Але неяк на людзей трэба ціснуць і нешта трэба рабіць. І знайшлі такі «крэатыўны» спосаб – пазбаўляць грамадзянства. Ён адцягвае ўвагу людзей на тое, каб нешта рабіць з легалізацыяй і пашпартам, які перастане быць дзейным у выпадку пазбаўлення грамадзянства», – гаворыць Крысціна Рыхтэр.

Яна адзначае, што з некаторымі краінамі ўжо маецца дамоўленасць аб непрызнанні рашэнняў Лукашэнкі з прычыны ягонай нелегітымнасці. Таму гэтая спроба ціснуць і рэпрэсаваць – толькі фармальная.

Беларускі пашпарт з візай. Здымак мае ілюстрацыйны характар. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

«І трэба разумець, што такія змены ў заканадаўстве нелегітымнай улады самі па сабе не могуць быць прызнаныя законнымі і маючымі моц. Таму, калі казаць пра будучыню, яны будуць прызнаныя несапраўднымі і будуць адмененыя. Тыя людзі, якіх пазбавяць грамадзянства, будуць праходзіць працэдуру адмены гэтых рашэнняў і вяртання да свайго грамадзянства – аднаўляць свае пашпарты», – сказала Крысціна Рыхтэр.

Яна нагадала, што праца Офісу Святланы Ціханоўскай у інфармаванні розных краінаў ЕЗ аб рызыцы пазбаўлення грамадзянства для беларусаў, вядзецца ўжо паўгода – з моманту прыняцця паправак у заканадаўства. Вядуцца перамовы, каб рашэнні лукашэнкаўскага рэжыму палітычна не прызнаваліся і каб зʼяўляліся дакументы, якія могуць выкарыстоўваць беларусы замест свайго пашпарту.

Напрыклад, з пачатку ліпеня беларусы Польшчы могуць звяртацца для атрымання праязнога дакументу іншаземца, які можна выкарыстоўваць замест пашпарту, у тым ліку падчас падарожжаў.

«Мы працуем зараз над тым, каб разумець заканадаўства тых ці іншых краін. Таму што жывём у парадыгме вялікай колькасці нацыянальных заканадаўстваў розных краінаў, дзе знаходзяцца беларусы. Спрабуем зразумець, дзе ўжо ёсць магчымасць атрымання такіх праязных дакументаў, якія ўжо выдаюцца ў Польшчы», – паінфармавала Крысціна Рыхтэр.

Нагадала таксама пра будучы пашпарт Новай Беларусі, над якім працуе Абʼяднаны пераходны кабінет.

Разбор
Пяць непрыемных сюрпрызаў, якія могуць чакаць беларусаў з легалізацыяй у Польшчы
2023.06.22 19:45

belsat.eu

Стужка навінаў