У «экстрэмістаў» будуць забіраць грамадзянства


Беларусаў, што выступілі супраць рэжыму і вымушаныя былі ратавацца ад рэпрэсіяў за мяжою, з сённяшняга дня могуць пазбаўляць грамадства. Пачалі дзеяць адпаведныя спрэчныя папраўкі ў заканадаўства. Таксама беларусаў з падвойным грамадзянствам, відамі на жыхарства ў іншых краінах і картай паляка абавязваюць паведамляць лукашэнкаўскім уладам пра наяўнасць замежных дакументаў. Як глядзяць на гэткія заканадаўчыя ініцыятывы Канстытуцыя і міжнароднае права? І навошта рэжыму спатрэбілася адбіраць грамадзянства ў апанентаў, якія з’ехалі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускіх грамадзянаў, што зʼехалі за мяжу, могуць пазбавіць грамадзянства. Адпаведныя папраўкі да закону набылі моц. Яны датычацца тых, хто служыць у сілавых структурах і іншых органах замежных дзяржаваў. І тых, каго лукашэнкаўскі суд прызнаў вінаватымі ў гэтак званых экстрэмісцкіх злачынствах.

Паводле Канстытуцыі, ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства. Забараняе гэта і міжнароднае права, кажа юрыст Міхаіл Кірылюк.

«Тыя людзі, якія быццам бы называюцца экстрэмістамі, насамрэч не здзяйснялі ніякага злачынства. Яны невінаватыя паводле ўсіх канонаў міжнароднага права», – адзначае Міхаіл Кірылюк.

Пазбаўленне грамадзянства як сродак барацьбы з палітычнымі апанентамі выкарыстоўвалі і ў мінулым. Гэтак нацысты абышліся з Альбэртам Айнштайнам, а савецкая ўлада – з Аляксандрам Салжаніцыным. Але што атрымае ад гэтага закону рэжым Лукашэнкі?

«Яны хочуць паказаць, што мы выкрэсліваем гэтых людзей з Беларусі, з беларускай гісторыі, з беларускай нацыі. Вядома, ніякай манаполіі на выкрэсліванне кагосьці з нацыі ў Лукашэнкі няма, але беларускім уладам хацелася б так думаць», – разважае каардынатар экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка.

Эксперт сумняваецца, што гэта істотна ўскладніць жыццё апазіцыянераў за мяжою.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскае ВНЖ.
Фота: delfi.lt

«Канечне, могуць зʼявіцца нейкія тэхнічныя праблемы, калі пашпарт будзе лічыцца ануляваным, але гэта будзе дадатковай падставай для атрымання міжнароднай абароны, віду на жыхарства і нават грамадзянства», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

У будучыні праблемы ўзнікнуць хутчэй за ўсё ў тых, хто выкарыстоўвае рэпрэсіўныя законы, мяркуе Міхаіл Кірылюк.

«Тыя людзі, якія займаюцца распрацоўваннем і магчымым выкарыстаннем гэтага закону, могуць быць прыцягнутыя да адказнасці за палітычны пераслед. Бо ёсць такі артыкул – прыцягненне да адказнасці заведама невінаватага», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Сам факт перабывання Лукашэнкі ва ўладзе таксама ёсць парушэннем закону, кажа былы пракурор Алег Талерчык.

«Незаконнае ўтрыманне ўлады неканстытуцыйным шляхам, што пацягнула за сабой гібель людзей. Гэтая ўлада незаконная, і ўсе нібыта законы, якія яна прымае, не маюць юрыдычнай сілы», – сцвярджае былы працаўнік пракуратуры Алег Талерчык.

Змены ў заканадаўстве датычаць таксама грамадзянаў Беларусі, якія маюць пашпарты або віды на жыхарства іншых краінаў, або карту паляка. Іх абавязваюць паведамляць уладам пра наяўнасць такіх дакументаў.

«Яны працягваюць укараняць у беларусах вывучаную бездапаможнасць. Калі ты не можаш супрацьстаяць гэтаму гвалту, але яшчэ як ахвяра гэтага гвалту павінен сам сябе закласці», – мяркуе Алег Талерчык.

Пакуль санкцыяў за неінфармаванне не ўвялі. Аднак Міністэрства ўнутраных справаў не выключае, што вынайдзе спосабы, так бы мовіць, «прастымуляваць» грамадзянаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»