У Магілёве АМАП жорстка затрымаў пратэстанцкага прапаведніка


У Магілёве 13 чэрвеня АМАП жорстка затрымаў пратэстанцкага прапаведніка Сяргея Удальёва, паведамляе тэлеграм-канал «MAYDAY».

Сяргей Удальёў.
Фота: Еўрарадыё

Затрыманне адбылося каля магілёўскага лядовага палацу. Паводле сведкаў, сілавікі выскачылі з «цёмнай машыны з затанаванымі вокнамі», проста вырвалі мужчыну з ягонага аўтамабіля і брутальна ўціснулі ў зямлю.

Пазней Сяргея Удальёва павезлі не ў Кастрычніцкі РАУС, які месціцца паблізу, а ў супрацьлеглы бок. Як удалося прасачыць валанцёрам, у Ленінскі РАУС яго таксама не даставілі, а машына «згубілася» на вуліцы Піянерскай, дзе размешчанае магілёўскае абласное ўпраўленне КДБ.

Затрыманне, паводле сведкаў, відавочна звязанае з палітыкай, бо тры месяцы таму з Сяргеем не працягнулі на працы кантракту з прычыны недастатковай лаяльнасці.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў