Што рабіць, каб палепшыўся беларуска-ўкраінскі дыялог? Дыскусія на фэсце «Яднайся»


У варшаўскім «Беларускім моладзевым хабе» 14 чэрвеня праходзіць фэст «Яднайся». У межах фэсту – кірмаш, прэзентацыі праектаў, канцэрт і чатыры дыскусіі аб глабальных пытаннях. Першая дыскусія пра беларуска-ўкраінскі дыялог і будучыню двухбаковых стасункаў. «Белсат» пераказвае, пра што на ёй размаўлялі.

Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. На здымку – Вадзім Мажэйка з аналітычнай супольнасці «Наша меркаванне», запрошаная даследчыца праграмы DAAD ўніверсітэту Юстуса-Лібіха Роза Турарбекава і мадэратар сустрэчы Анатоль Лябедзька. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

У чым праблема

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў міжнародных пытаннях Валер Кавалеўскі так акрэсліў пазіцыю дэмакратычных сілаў Беларусі: адносіны з Украінай былі прыярытэтам да пачатку поўнамаштабнай вайны, тым больш засталіся прыярытэтам пасля, бо пагроза, якая ёсць Украіне, ёсць і Беларусі, а краіны залежаць ад поспехаў адзін аднаго ў змаганні за свабоду. Ды пазіцыя Украіны, заўважыў Кавалеўскі, «больш насцярожаная», бо ёсць рызыка эскалацыі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 

Нягледзячы на адсутнасць выразных кантактаў на найвышэйшым узроўні, супраца Беларусі і Украіны развіваецца як праз дэпутацкую групу «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай радзе Украіны, так і праз экспертныя дыскусіі, і праз добрыя ўзаемаадносіны з украінскімі дыпламатамі, заспакоіў Кавалеўскі.

Запрошаная даследніца праграмы DAAD універсітэту Юстуса-Лібіха Роза Турарбекава расказала, што беларускія і ўкраінскія эксперты ладзілі дыялог на адмысловым семінары і склалі «policy paper» – спіс рэкамендацыяў у тым, што варта зрабіць для лепшых стасункаў. Экспертны дыялог, адзначыла яна, гэта ўжо добры зачатак для арганізацыі палітычнага дыялогу. Ды  экспертны дыялог паказаў, што ўспрыманне беларусаў украінцамі і ўкраінцаў беларусамі змянілася ў горшы бок. На жаль, у сувязі з негатыўным і канфліктным успрыманнем будучыня двухбаковых стасункаў не бачная нават сярод экспертаў.

Галоўная праблема, як кажа Турарбекава, гэта вайна і ейныя непрадказальныя наступствы, адсутнасць упэўненасці ў тым, што не будзе большага ўцягнення Беларусі ў вайну, новых пускаў ракет, уводу беларускага войска ва Украіну, пачатку баёў на мяжы. 

На тэму паспяховасці стасункаў Украіны з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі разважаў Яраслаў Чарнагор, дырэктар украінскай праграмы вывучэння Расеі і Беларусі рады вонкавай палітыкі «Украінская прызма». Калі глядзець на кантакты і супольную супрацу – усё ўдаецца. Калі глядзець на вынікі – «мы яшчэ на пачатку шляху».

Каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка звярнуў увагу на тое, што няма праблемаў у дыялогу з людзьмі, якія базуюць свае падыходы на правах чалавека. Але ў актывізм прыйшло шмат новых людзей – пасля пратэстаў-2020 у Беларусі і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Сярод іх нямала людзей, якія лічаць «сябрамі» толькі тых, хто, на іхную думку, «дастаткова дапамагае», а хто «дапамагае недастаткова» – «не сябра». Калі прыйдзе больш глыбокае разуменне, чым просты «падзел паводле колеру пашпарту», будзе лепшае разуменне, кажа ён.

Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. На здымку – Вадзім Мажэйка з аналітычнай супольнасці «Наша меркаванне» і запрошаная даследчыца праграмы DAAD ўніверсітэту Юстуса-Лібіха Роза Турарбекава. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Мажэйка дадаў, што паразуменню між украінцамі і беларусамі замінае тое, што яны лічаць, што цудоўна разумеюць адно аднаго, бо жывуць побач і нібыта ведаюць палітыку і грамадства адно аднаго. Ды нават на экспертным узроўні было бачна, колькі існуе неразумення. Беларусы  не ведаюць, як працуе ўкраінская палітычная сістэма, украінцы – як працуе беларуская палітыка, хто лідары і не лідары, якая ў каго рэпутацыя і які кантэкст. 

«Мы блізкія, чалавечых кантактаў шмат, але для глыбокага разумення гэтага недастаткова», – рэзюмаваў Мажэйка. 

Прадстаўнік Беларускага інфармацыйнага цэнтру ва Украіне Максім Пляшко заўважыў, што між экспертамі праблемаў няма, але ёсць праблемы ў стасунках між грамадствамі Украіны і Беларусі. Ён згадаў пра ўкраінскіх блогераў, якія робяць выказванні, што не падабаюцца беларусам – як то Сяргей Прытула, які чакае ад Беларусі рэпарацыяў. Блогеры, адзначыў ён, «ідуць у трэндзе грамадскай думкі», падхопліваюць тое, што думаюць масы. Украінскія ўлады, запэўніў ён, на ўсіх узроўнях прызнаюць Лукашэнку пагрозай і агрэсарам, але калі лічыць, што Лукашэнка гэта хвароба, то Украіна хоча пазбегнуць рэцэсіі.

Калі яшчэ ў Беларусі трывалі вулічныя пратэсты, ва Украіне былі штампы пра «лавачкі», «не даціснулі», «слабыя», згадаў Пляшко. Хтосьці і цяпер працягвае «ўносіць гісторыю», што беларусы слабыя, што беларусы «як расейцы». Украінцы бачылі беларусаў праз прызму расейскай прапаганды, і хоць цяпер вызваліся ад гэтай прапаганды, але працягваюць успрымаць наратыў «беларусы як расейцы». Таму, рэзюмаваў Пляшко, важна данесці, што не расейцы, што патэнцыйныя саюзнікі. 

Кавалеўскі заявіў, што ва Украіны адсутнічае стратэгія адносна Беларусі – няма выразнага асэнсавання важнасці адносінаў у перспектыве. Ёсць дэкларацыі, што Украіна зацікаўленая ў дэмакратычнай Беларусі, але на практыцы гэта не выяўляецца. Невыразнасць, нявызначанасць ён заўважае нават у тым, ці бачаць яшчэ ва ўкраінскай уладзе Лукашэнку як магчымага адэкватнага партнёра ў перспектыве.

Пляшко на гэта адказаў, што не бачыць і ў Беларусі стратэгіі адносна Украіны. Ва Украіне ж, дадаў ён, «беларускае лукашэнкаўскае пытанне» лічаць зыходным з расейскага, а развязанне расейскага пытання непрадказальнае ў бліжэйшай перспектыве. Вырашыцца расейскае – з’явяцца варыянты вырашэння беларускага, упэўнены ён.

Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. На здымку – мадэратар сустрэчы Анатоль Лябедзька. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Што рабіць далей?

У час абмеркавання ў залі гучала згадка ідэі яшчэ часоў мінулага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі – стварыць беларуска-ўкраінскі тэлеканал. Суразмоўцы пагадзіліся, што ідэя актуальная і цяпер, бо між беларусамі і ўкраінцамі бракуе каналаў камунікацыі, а аднаго карэспандэнцкага пункту «Белсату» ў Кіеве для гэтага недастаткова. 

Кавалеўскі згадаў, што словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра тое, што «Беларусь абавязкова будзе свабоднай», мелі вельмі станоўчы эфект і далі беларусам дадатковую матывацыю падтрымліваць Украіну. Кавалеўскі лічыць важным больш акрэсленую палітычную пазіцыю Украіны адносна Беларусі, адносна Лукашэнкі як пагрозы, Лукашэнкі як адказнага за злачынствы супраць Украіны – цяпер пазіцыя «суцішаная, не зусім выразная». 

Дэмакратычнай Беларусі і Украіне бракуе інфармацыйнага абмену і супольнага планавання, і хоць стратэгія ў беларускіх дэмакратычных сілаў адносна Украіны ёсць, бракуе камунікацыі з Украінай, каб гэтую стратэгію дапрацаваць і прыняць разам.

Мажэйка і Турарбекава заклікалі ўсіх зацікаўленых азнаёміцца з «policy paper» беларускіх і ўкраінскіх экспертаў, анансавалі асобную прэзентацыю дакументу 22 чэрвеня. Чарнагор заўважыў, што ўкраінскія аналітычныя цэнтры тэарэтычна могуць аб’яднацца і прапанаваць уладам Украіны праект стратэгіі па Беларусі. Мажэйка заклікаў таксама ладзіць вузкатэматычныя беларуска-ўкраінскія дыскусіі: журналістаў з журналістамі, гісторыкаў з гісторыкамі, паэтаў з паэтамі.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька, які вёў дыскусію, пад канец размовы вырашыў дадаць аптымізму: нагадаў пра змену наратываў адносна Беларусі прадстаўнікоў выканаўчай улады Украіны, а таксама згадаў, што да дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь», у якую раней уваходзілі толькі прадстаўнікі апазіцыйных партыяў, з мінулага года далучыліся прадстаўнікі партыі ўлады «Слуга народу». Пытанне Беларусі, рэзюмаваў Лябедзька, ва Украіне ўжо «перавялі на ранг вышэй».

Рэпартаж
Ціханоўская: Мая маленькая дачка збірае грошы на танк, каб тату ісці вызваляць
2023.06.14 19:06

Алесь Наваборскі Belsat.eu

Стужка навінаў