«Мае думкі толькі тут, маё жыццё таксама тут». Алена Анісім растлумачыла, чаму не хоча з’язджаць з Беларусі


Мовазнаўца, былая дэпутатка Алена Анісім заявіла, што не хоча з’язджаць з Беларусі, нягледзячы на арышт і звальненне. «Мае думкі толькі тут, маё жыццё таксама тут. Як бы ні было, я застануся ў Беларусі», — сказала яна газеце «Народная воля».

Алена Анісім.
Фота: Аляксандра Зотава / belgazeta.by

Алена Анісім, колішняя дэпутатка і старшыня знішчанага Таварыства беларускай мовы, заявіла, што не плануе эміграцыі, нягледзячы на арышт і звальненне з Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук. Яна сказала, што ў яе ніколі не было жадання пакінуць краіну, і дадала: «Спадзяюся, і не будзе».

«Усё сваё жыццё я пражыла ў Беларусі і, нават калі ў санаторый з’язджаю, то дзесяць дзён вытрымліваю са скрыпам. Мае думкі толькі тут, маё жыццё таксама тут. Як бы ні было, я застануся ў Беларусі», — сказала Анісім.

Яна распавяла, што цяпер займаецца хатнімі справамі, а восенню паспрабуе ўладкавацца куды-небудзь на працу: «Летам адпачну, а восенню буду шукаць нейкую працу, бо дадатковая капейка не пашкодзіць».

Спадарыня Алена прызналася, што дэпутацкай пенсіі не атрымлівае, ейная пенсія цяпер — 742 рублі.

Hавiны
З’явілася інфармацыя аб затрыманні Алены Анісім
2023.05.17 21:07

Анісім таксама распавяла пра цёплае развітанне з калегамі:

«Некаторыя нават сказалі такую рэч: «У нас такое ўражанне, што ты хутка назад вернешся». Гэта мяне, безумоўна, насмяшыла, але хто ведае – усялякае ў жыцці бывае. У інстытуце я працавала з 1991 года, быў толькі перапынак на дэпутацтва. За гэты час было шмат чаго добрага, таму лічу, што з калектывам мы разышліся нармальна».

Інфармацыя пра затрыманне Алены Анісім з’явілася 17 траўня. Паведамлялася, што яе схапілі на працоўным месцы. Яе арыштавалі на 12 содняў за «дробнае хуліганства». Паводле версіі міліцыі, у пастарунку мовазнаўца «крычала, размахвала рукамі, паводзілася агрэсіўна, на просьбы супакоіцца не рэагавала». Калі Анісім была за кратамі, яе звольнілі.

Hавiны
Алену Анісім звольнілі з Акадэміі навук падчас адбыцця адміністратыўнага арышту
2023.06.02 12:21

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў