Лукашэнка распавёў, што ягоны малодшы сын Мікалай вучыцца ў Кітаі


У інтэрв’ю расейскай прапагандысцы Вользе Скабеевай, якое выйшла ў эфіры тэлеканалу «Расея-1», Аляксандр Лукашэнка распавёў, што ягоны малодшы сын Мікалай цяпер вучыцца ў Кітаі і падштурхтоўвае да арганізацыі перамоваў паміж Расеяй і Украінай.

Мікалай Лукашэнка ў Горадні, Беларусь. 22 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Мікалай Лукашэнка цяпер вучыцца ў Пекінскім універсітэце, распавёў ягоны бацька. Факультэт ці спецыялізацыя – невядомыя. Летась напярэдадні пачатку навучальнага года паведамлялася, што Коля – студэнт біялагічнага факультэту БДУ.

Менавіта малодшы сын, паводле Лукашэнкі, дапамог арганізаваць тэлефонную размову з Уладзімірам Зяленскім год таму, падчас якой была дасягнутая дамова правесці перамовы з Расеяй на тэрыторыі Беларусі. Гэта тыя самыя перамовы, што пазней былі перанесеныя ў Стамбул.

Мікалай нібыта дагэтуль падштурхоўвае да арганізацыі перамоваў.

«Кажу: я разумею, але ты яшчэ не ўсё разумееш», – перадае сваю размову з сынам Лукашэнка і дадае, што Захаду ў гэтым працэсе верыць нельга.

Менскія пагадненні, паводле Лукашэнкі, для Захаду былі паузай, каб нарасціць ваенную магутнасць ва Украіне.

«Тут можа быць толькі адно. Калі мы дамаўляемся пра мірны працэс, вайна спыняецца, ніякага руху: ні танкаў, ні вайскоўцаў. Як толькі перакінутыя, я лічу, што мы мусім скарыстаць ядравую зброю. Толькі так з імі можна размаўляць. З імі нельга весці дыялог і верыць. Падмануць», – заявіў Лукашэнка ў інтэрв’ю.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў