«Уся мая беларуская тусоўка – гэта апазіцыянеры»: вакалістка гурта «Колір» распавяла, як беларусы дапамагаюць украінцам


Што робяць падчас вайны людзі творчасці? Адказ на гэтае пытанне добра ілюструе, напрыклад, гурт «Колір», хлопцы з якога сышлі на вайну, а дзяўчаты з усіх сілаў імкнуцца зрабіць так, каб гэтая вайна нарэшце скончылася. Як гурт даў канцэрт у Варшаве без паловы музыкаў і пры чым тут беларусы – у рэпартажы «Белсату».

Выступ гурта «Колір» у Моладзевым хабе. Варшава, Польшча, 13 траўня 2022 г.
Фота: Белсат

«Хтосьці сказаў: яна можа дапамагчы»

Вакалістка гурта – маленькая крохкая дзяўчынка Людміла Колер – на першы погляд падаецца вельмі ўразлівай перад вайной, якую развязала ва Украіне Расея. У першы дзень вайны дзяўчына пастанавіла ісці ў тэрытарыяльную абарону, але туды яе не ўзялі, бо няма без медычнай адукацыі ці вайсковага ўліку. Але ж дзяўчына не змагла проста сядзець і назіраць за вайною збоку – і далучылася да валанцёрскай арганізацыі «Паляниця», якая дапамагае тэрытарыяльнай абароне і збірае грошы для ўкраінскага войска:

– На трэці дзень вайны я за ўласны кошт пачала набываць рэчы, неабходныя тэрытарыяльнай абароне, – распавядае Людміла. – Потым падзялілася гэтым у сваіх сацсетках, і да мяне пачалі далучацца людзі з майго раёну: так я знайшла кіроўцу, з якім ездзіла і забірала ў людзей рэчы, ахвяраваныя на патрэбы тэрабароны. А потым высветлілася, што яшчэ адна мая знаёмая таксама дапамагае вайскоўцам. І мы пастанавілі аб’яднаць свае сілы. І так людзі з розных куточкаў нашай Адэсы пачалі прыходзіць у «Паляницю». Паралельна высветлілася, што ёсць каардынатары, за якімі ўжо замацаваныя вайсковыя часткі, і да мяне пачалі звяртацца менавіта вайскоўцы, бо хтосьці сказаў: «Яна можа дапамагчы». І за тыдзень-паўтара мы арганізавалі склад – нават не адзін, а два! Цяпер ва Украіне вельмі шмат арганізацыяў, якія называюцца «Паляниця». Паколькі арганізацыяў з такой назвай вельмі багата, нават зарэгістраваных, мы цяпер «Південна паляниця» – каб было зразумела, што мы з Адэсы.

Людміла Колер.
Фота: Белсат

Сярод замежнікаў, якія дапамагаюць «Паляниці», ці не самымі актыўнымі сталі беларусы, распавядае Людміла. Так, напрыклад, ініцыятыва «Партызанкі» стала цесна супрацоўнічаць з «Паляницяй».

– Я звярнулася па дапамогу да «Партызанак», і яны літаральна за тры дні сабралі сорак дзве скрынкі, якія мы вельмі хутка адправілі ва Украіну, – заўважае Людміла. – Таксама нам дапамагала Нямеччына, Францыя. Складана сказаць, якія менавіта краіны спрычыніліся да дапамогі «Паляниці», бо цяпер гэта ўжо даволі вялікая арганізацыя, дзе ёсць тыя, хто адказвае за розныя кірункі дапамогі: нехта за ежу, нехта за медыцыну, хтосьці за гуманітарную дапамогу. Але непасрэдна я атрымлівала яе толькі ад беларусаў. Ад апазіцыйных беларусаў. Я хачу звярнуць на гэта ўвагу.

«На сённяшнім канцэрце нам дапамагаюць нашыя класныя сябры-беларусы»

Канцэрт гурта «Колір» у Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве – не выпадковасць. Сюды музыкі завіталі не для таго, каб развеяцца і адпачыць ад вайны. Яны прыехалі, каб сабраць сродкі на цеплавізары для ўкраінскіх вайскоўцаў.

– У нас ёсць файны клуб у Адэсе – ён называецца «More Music Club». І першы наш дабрачынны канцэрт для збору сродкаў для «Паляниці» адбыўся там, – распавядае Людміла Колір. – Пасля гэтага адэскія лакальныя калектывы амаль кожны дзень выступаюць і збіраюць сродкі на «Паляницю». Але Адэса – вычэрпны рэсурс, бо горад хоць і вялікі, але не так шмат людзей зараз далучаецца да такіх трансляцыяў. І таму мы вырашылі паехаць у Польшчу, каб сабраць яшчэ трохі сродкаў. Бо калі ў першыя дні вайны людзі дужа ахвотна данацілі – за два дні ў мяне было больш за 300 тысяч грыўняў на картцы, то цяпер не данацяць наогул, а запыты ад вайскоўцаў і тэрытарыяльнай абароны не змяншаюцца. Асабліва дорага абыходзяцца цеплавізары. Мы з Настассяй Доль – беларускай, якая дапамагала арганізоўваць гэты канцэрт, і яшчэ з адным украінскім валанцёрскім фондам закупілі адзін цеплавізар коштам 3 тысячы еўраў. Гэта вялікія грошы. Я маю надзею, што сёння атрымаецца сабраць трохі сродкаў для перамогі, каб хутчэй скончылася гэтае пекла ва Украіне.

Фота: Белсат

Як вядома, украінскія мужчыны зараз бароняць краіну ад нападу агрэсара, таму гурт «Колір» апынуўся ў Варшаве толькі паловаю складу. Адыграць канцэрт таксама дапамаглі беларусы.

– Наш басіст Максім Мішусцін цяпер ваюе. Ён быў у найгарачэйшых зонах, і мы ўжо некалькі разоў баяліся, што будзем аплакваць яго на пахаванні, але чалавек нібыта нарадзіўся ў сарочцы. А яшчэ акурат перад пачаткам вайны мы тэсцілі новага бубнача – доўга яго шукалі і нарэшце знайшлі. У нас адбылася першая рэпетыцыя і гэта было клёва, мы вырашылі: усё, граем разам – і тут раптам бабахнула гэтая страшная лютая маскальская зараза. І ўсё… Мы зноў згубілі бубнача. Але калі скончыцца вайна, а яна скончыцца абавязкова і скончыцца хутка, бо Украіна нязломная, нескароная і непераможная – ён вернецца да нас. А на сённяшнім канцэрце нам дапамагаюць нашыя класныя сябры – гурт «РСП».

Дзяніс Тарасенка. Варшава, Польшча, 13 траўня 2022 г.
Фота: Белсат

«Уся мая беларуская тусоўка – гэта апазіцыянеры»

Адказ на пытанне пра адносіны беларусаў і ўкраінцаў пасля вайны для Людмілы Колер відавочны. Дзяўчына ўпэўненая, што нашыя народы як былі, так і застануцца сяброўскімі:

– У вас у Беларусі псеўдапрэзідэнт. Я ведаю вельмі шмат беларусаў. Наогул уся мая беларуская тусоўка – гэта апазіцыянеры. Яны заўжды былі ў апазіцыі. І іншых беларусаў я, на шчасце, не ведаю. Таму маё стаўленне да беларусаў не змянілася. Беларусы ваююць ва Украіне – у Адэсе я ведаю батальён беларускіх добраахвотнікаў, які ваюе. Я ведаю беларусаў, якія ваююць у іншых куточках, якія ездзяць у гарачыя зоны, і гэта рэальна моцныя, крутыя, смелыя мужчыны, якія цяпер бароняць Украіну. Я ім вельмі ўдзячная.

Рэпартаж
Кніга пра кожнага з нас, але без Беларусі: раман «Свінні» Аляксандра Чарнухі
2022.05.07 12:50

Пасля невялічкага турнэ па Польшчы «Колір» вернецца ва Украіну, а думкамі дзяўчаты і цяпер там:

– Мы ўсё адно вернемся ў тыя абстрэлы і паветраныя трывогі. Мы будзем сядзець у тых сутарэннях, бо хочацца дадому. А яшчэ ў Варшаве вельмі трыгерыць гук цягнікоў у метро – нібыта недзе над галавою працуе СПАшка або недзе выбух. Таму я не ведаю, колькі часу трэба, каб асімілявацца і не адчуваць сябе так, нібыта ты да гэтага часу ў краіне, у якой ідзе вайна. Але тут цяпер вельмі шмат украінцаў. Адчуваецца, нібыта ўсіх нейкая супольная бяда зрабіла бліжэйшымі адно да аднаго. Усе камунікуюць так, нібыта даўно знаёмыя. А яшчэ мы адчуваем, як украінцам хочуць і імкнуцца дапамагчы – гэта вельмі цешыць, што ёсць падтрыманне не толькі ўнутры краіны, а і за яе межамі.

Фота: Белсат

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў