«The New York Times»: Іран выпусціў сотні дронаў і ракетаў у бок Ізраілю


Іран у ноч з 13 на 14 красавіка разам са сваімі саюзнікамі атакаваў Ізраіль.

У небе сталіцы Ізраілю відаць выбухі пасля нападу з боку Ірану. Тэль-Авіў, 14 красавіка 2024 г.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Два ізраільскія чыноўнікі паведамілі «The New York Times», што Іран выпусціў 185 дронаў і 36 крылатых ракетаў. Большая частка дронаў і ракетаў была выпушчаная з Ірану, невялікая частка была запушчаная з Іраку і Емену. Іран таксама выпусціў у бок Ізраілю 110 ракетаў класу «зямля – зямля».

Міністэрства замежных справаў Ірану заявіла, што напад на Ізраіль быў «абарончай захадай», якая паказвае яго «адказны падыход да рэгіянальнага і міжнароднага міру і бяспекі». У афіцыйнай заяве МЗС Ірану гаворыцца, што Ісламская Рэспубліка Іран без ваганняў прыме далейшыя неабходныя захады для абароны сваіх законных інтарэсаў ад любых актаў вайсковай агрэсіі або незаконнага выкарыстання сілы.

Паветраная атака выклікала асуджэнне з боку саюзнікаў Ізраілю і папярэджанне наконт рызыкі далейшай эскалацыі на Блізкім Усходзе.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн скліча сустрэчу лідараў G7 у нядзелю 14 красавіка, каб выпрацаваць тое, што ён назваў «абʼяднаным дыпламатычным адказам на нахабную атаку Ірану».

Для Байдэна атака на Ізраіль з боку Ірану – гэта сцэнар, якога ён вельмі імкнуўся пазбегчы з пачатку крызісу на Блізкім Усходзе. Расце рызыка больш шырокага рэгіянальнага канфлікту, які можа непасрэдна ўцягнуць Злучаныя Штаты разам з іншымі краінамі, піша CNNБайдэн цяпер у цяжкой пазіцыі, ён абяцаў непахіснае падтрыманне Ізраілю, пры гэтым ён спрабуе перадухіліць новую вайну з удзелам Злучаных Штатаў, пішуць журналісты рэсурсу.

Ізраільскі тэлеканал «Keshet 12» са спасылкай на неназванага ізраільскага чыноўніка заявіў, што на напад будзе «значны адказ», пра гэта паведамляе «Reuters».

Абвастрэнне паміж Ізраілем і Іранам звязанае з тым, што 1 красавіка ў выніку авіяўдару па будынку консульства Ірану ў Дамаску загінулі сем чальцоў іранскага Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі, у тым ліку высокапастаўлены брыгадны генерал Магамад Рэза Загэдзі і ягоны намеснік, генерал Магамад Гадзі Хаджы Рагімі. Агулам ахвярамі атакі зрабіліся 13 асобаў.

belsat.eu

Стужка навінаў