«Вясна»: Затрыманы памочнік Мясніковіча Дзмітрый Шадко


Зʼявілася інфармацыя пра лёс Дзмітрыя Шадко, былога намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі, а цяпер памочніка Міхаіла Мясніковіча. «Вясна» інфармуе, што яго затрымалі.

Дзмітрый Шадко.
Фота: БелТА

14 сакавіка праваабаронцам стала вядома пра затрыманне Дзмітрыя Шадко, памочніка Міхаіла Мясніковіча, старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Паведамляецца, што яго забралі з працоўнага месца ў Маскве. Учора медыі паведамлялі, што мужчына знік і яго не могуць знайсці тры дні.

Паводле крыніцаў «Вясны», Шадко працяглы час быў звязаны з ралевікамі і часам браў удзел у іхных мерапрыемствах – ён асабіста ведаў некаторых асобаў, што былі затрыманыя ў справе дыверсіі з самалётам А-50 у Мачулішчах.

Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі – гэта орган Еўразійскага эканамічнага саюзу, куды ўваходзяць Арменія, Беларусь, Кыргызстан, Расея, Казахстан. Яшчэ з часу працы ва ўрадзе Вячаслава Кебіча Міхаіл Мясніковіч лічыцца адным з самых уплывовых у Беларусі палітыкаў, ён працаваў на пасадах прэмʼер-міністра і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Дзмітрый Шадко нарадзіўся ў 1979 годзе ў Менску. Скончыў БДУІР і Акадэмію кіравання пры прэзідэнту. Працаваў у ЦК БПСМ, памочнікам генеральнага дырэктара, вядучым спецыялістам ЗАТ «ТКД Юніспектр», адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара, а затым і галоўным рэдактарам часопісу «Планета», які заснаваў «Белтрансгаз». Намеснікам міністра інфармацыі Шадко стаў у 2011 годзе, а праз некалькі гадоў – першым намеснікам міністра сувязі і інфарматызацыі. У траўні 2019 года Шадко быў вызвалены з пасады паводле згоды бакоў. Паведамлялася, што ён падаў у адстаўку з уласнай ініцыятывы.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў