Вярнуць падатак 9 % і не толькі. У ПВТ прыдумалі, як утрымаць «яйкагаловых» айцішнікаў


Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогіяў падрыхтавала праект захадаў падтрымання ІТ-кампаніяў ва ўмовах санкцыяў супраць Беларусі. Вытрымкі з адпаведнага ліста публікуе Dev.by.

Акцыя салідарнасці. Менск, 14 жніўня.
Фота: Святлана Фар / «Белсат»

«Ідэі мы ўжо ўнеслі ва ўрад. Нашыя тлумачэнні ды аргументы чуюць (прычым не толькі ва ўрадзе, але і ў шэрагу сілавых структураў). Магчыма, частка нашых прапановаў увойдзе ў нарматыўныя акты, што датычаць усёй краіны (а не толькі ПВТ)», – гаворыцца ў лісце за подпісам Усевалада Янчэўскага.

Сярод прапановаў згадваюць вяртанне падаходнага падатку да 9 %, які пасля пратэстаў 2020 года павысілі да 13 %.

Прапануюцца таксама адтэрміноўкі ад вайсковага прызыву работнікаў, мараторыі на правяранні і змяненні ў заканадаўстве пра статус ПВТ, у тым ліку адносна валютнай выручкі.

Таксама прапануецца дазволіць дыстанцыйную працу і наём у іншых краінах, выкарыстанне альтэрнатыўных валютаў ды крыптавалютаў і гэтак далей.

Згадваюцца і прапановы адносна асобных кампаніяў.

Аб’ектыў
Канец IT-краіны?
2020.09.18 23:12

Нагадаем, што яшчэ ў 2020 годзе шмат якія кампаніі адчулі небяспеку пасля пагрозаў Лукашэнкі разабрацца з айцішнікамі, калі сціхнуць пратэсты, і арышту чатырох працаўнікоў кампаніі «PandaDoc». «Яйкагаловым», як называе праграмістаў Лукашэнка, не даравалі фінансавага ды інтэлектуальнага падтрымання пратэстаў.

Пасля нападу Расеі на Украіну пры ўдзеле рэжыму ў Беларусі тэндэнцыя да рэлакацыі сярод ІТ-сектару толькі паскорылася.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў