ЗША не гатовыя перадаць Украіне ракеты далёкага радыусу дзеяння праз невялікія запасы гэтых боепрыпасаў, піша выданне «Politico» са спасылкаю на крыніцы ў Белым доме. Яны кажуць, што пастаўкі ракетаў Кіеву знізяць гатовасць Злучаных Штатаў да магчымых будучых канфліктаў.
ЗША не даюць Украіне ракетаў далёкага радыусу дзеяння ATACMS не таму, што баяцца справакаваць Расею на эскалацыю канфлікту, а таму, што запасы гэтых боепрыпасаў невялікія. Перадача снарадаў Кіеву паменшыла б амерыканскі арсенал і пашкодзіла б гатовасці арміі да магчымых канфліктаў, кажуць крыніцы выдання «Politico».
Пры гэтым Украіна можа папрасіць Вашынгтон дазволіць пастаўкі ATACMS з іншых краінаў з амерыканскай фінансавай дапамогай. Гэтая зброя ёсць у Польшчы, Паўднёвай Карэі, Румыніі, Грэцыі, Турцыі, Катары і Бахрэйне.
Раней крыніцы агенцтва «Reuters» паведамлялі, што ЗША ўпершыню перададуць Украіне далёкабойныя ракеты GLSDB. Яны здольныя атакаваць цэлі на адлегласці да 150 кіламетраў.
Тым часам Белы дом папярэдзіў Украіну пра «вызначальны момант» у вайне, і ЗСУ мусіць забяспечыць як мага большыя поспехі на полі бою, пакуль Кіеў атрымлівае высокія аб’ёмы заходняй дапамогі, піша «The Washington Post».
У Вашынгтоне мяркуюць, што крытычны момант у вайне наступіць увесну, калі Расея пачне новы маштабны наступ, а Украіна атрымае шанец на контрудар, накіраваны на вызваленне тэрыторыі. Менавіта тады Кіеў мусіць атрымаць і задзейнічаць новую зброю, у тым ліку заходнія танкі і бранятэхніку.
Крыніца газеты ў адміністрацыі Байдэна лічаць, што апошні пакет заходняй дапамогі Кіеву дае найлепшыя шанцы пераламаць хаду канфлікту. У будучыні сітуацыя можа не быць настолькі ж спрыяльнай, бо некаторыя рэспубліканцы схіляюцца да скарачэння падтрымання Украіны, а рашучасць Еўропы захоўваць пастаўкі на тым жа ўзроўні ў доўгатэрміновай перспектыве не вельмі відавочная.
Сяргей Крот belsat.eu