Паказальныя палітычныя суды ладзяць на месцах працы і вучобы падсудных. Гэта законна?


Паказальныя выязныя судовыя паседжанні ладзяць у Беларусі ўжо шмат гадоў. Але раней то былі збольшага суды паводле «наркатычнага» артыкулу, у 2021-м з’явіліся і паказальныя палітычныя суды.

Паказальны суд за закладку псіхатропаў у аграрна-тэхнічным ліцэі. Баранавічы, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: knews.by

Азначэння «паказалньага суду» няма, але звычайна пра такі кажуць, калі адбываецца выязное паседжанне перад аўдыторыяй, якая прысутнічае не добраахвотна і нібыта мусіць вынесці ўрок з пабачанага працэсу.

Напрыклад, як было пад Пінскам у 2009 годзе: сабралі больш за 30 чалавек у сельскім выканкаме, асудзілі 7 чалавек на «лекавальна-працоўны прафілакторый» (месца зняволення з прымусовай працай), а астатнія «змаглі ўбачыць, што іх чакае ў будучыні, калі не адумаюцца».

Да 2021 года ўключна асноўная маса паказальных судоў тычылася наркатычных справаў, пераважна – студэнтаў за лёгкія наркотыкі перад іхнымі аднакурснікамі. Так рабілі прынамсі з 2015 года, у 2021 годзе паказальныя суды за наркотыкі ладзілі ў Жлобіне, Калінкавічах, Пінску. Радзей паказальныя суды ладзяць за алкаголь – як на гэтым відэа з Пінску, дзе фактычна прызнаюць, што на суд нагналі тых, хто стаіць на ўліку ў міліцыі. У 2016 годзе перад супрацоўнікамі менскага метро паказальна судзілі жанчыну, якая дала аплявуху ахоўніку метро, які патрабаваў ад яе прайсці дагляд, бо яна «ішла вельмі хутка».

Наведнікі выязнога судовага паседжання ў гомельскімі філіяле ўніверсітэту МІПСА. 7 снежня 2021 года.
Фота: Флагшток

У снежні 2021 года стала вядома пра адразу чатыры паказальныя палітычныя суды. Гомельца паказальна асудзілі на 3 гады «хіміі» перад студэнтамі «МІПСА» за абразу міліцыянта, які «праславіўся» падчас аперацыі затрымання Сяргея Ціханоўскага. Выданне «Флагшток» піша, што падобны суд праводзілі і ў менскім будынку «МІПСА».

Таксама ў Гомлі ў снежні за «абразу міліцыянта» мужчыну асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» проста ў будынку міліцыі, куды позвамі выклікалі тых, каго раней прыцягвалі да адказнасці за ўдзел у пратэстах.

А ў Баранавічах у снежні судзілі працаўніка мэблевай фабрыкі «Лагуна» – проста на месцы працы асудзілі на два гады «хіміі» за «абразу прэзідэнта» ў мясцовым Telegram-канале.

У 2022 годзе паказальныя суды аднавіліся. Вядома, што ў Лоеве, што ў Гомельскай вобласці, у студзені паказальна закавалі ў кайданкі 16-гадовага падлетка «за серыю крадзяжоў» перад аўдыторыяй у Гарадскім цэнтры культуры. Гэта ўсё, што паведамляе дзяржаўная газета «Лоеўскі край»: невядома, ці хлопец падазраваны, ці ўжо асуджаны, і таксама невядома, каго і чаму сагналі на дэманстратыўнае надзяванне кайданкаў.

Выявіць нейкую заканамернасць у навінах пра паказальныя суды не ўдалося: хіба пра такія суды мала паведамляюць з захаду і поўначы Беларусі.

Артыкулы
У снежні па Беларусі прайшла дзіўная хваля ператрусаў: нібы нічога не шукалі і садзіць не хацелі
2022.01.12 00:27

Можна так судзіць?

Сам па сабе «паказальны суд» не забаронены наўпрост у беларускіх законах, але і не дазволены.

Павел Сапелка, юрыст ПЦ «Вясна», які абараняў інтарэсы многіх апазіцыйных палітыкаў. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2021 года.
Фота: НМ / Белсат

Праваабаронца і юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка кажа «Белсату»: у Крымінальна-працэсуальным кодэксе няма выразнага паказання таго, што разгляд справаў мусіць адбывацца ў будынках судоў – месца і час вызначае суддзя. Нават азначэння «выязнога паседжаня» ў КПК няма – фраза ўжываецца ў пастанове Вярхоўнага суду аб забеспячэнні галоснасці.

Ды справа не ў месцы, а ў выкананні працэсуальных гарантыяў незалежна ад памяшкання, кажа Сапелка. Паказальныя суды праводзяць так, каб застрашыць прысутных і зрабіць працэс некамфортным для падсуднага і гледачоў. Але ж агулам што ў судах, што па-за судамі ў Беларусі працэсуальныя правы абвінавачаных парушаюць у той ці іншай ступені грубасці – парушаюць, напрыклад, прэзумпцыю невінаватасці.

Часцей праблема не ў «прымусовай адкрытасці» працэсаў, а ў закрытасці, дадае ён: напрыклад, калі справу разглядаюць у папраўчай калоніі, СІЗА ці РУУС, суддзі пазбаўляюць ахвочых права трапіць на працэс, а адказнасць звальваюць на адміністрацыю ўстановаў (хоць КПК ускладае абавязак выконваць прынцып галоснасці на суд, а не адміністрацыю памяшкання, дзе суд праводзяць).

Міхаіл Кірылюк, адказны па пытаннях юстыцыі ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве. Варшава, Польшча. 30 ліпеня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Адказны за пытанні юстыцыі ў Народным антыкрызісным упраўленні Міхаіл Кірылюк прапануе «Белсату» не глядзець на тое, што не дазволеныя і не забароненыя «адкрытыя выязныя паседжанні з мэтай палітычнага ціску».

Напрыклад, кажа ён, у Крымінальным кодэксе прапісана, што забойства – гэта крымінал, але не прапісана, што забойства менавіта нажом, а не чымсьці іншым, таксама крымінал. Да высновы пра другое можна прыйсці праз здаровы сэнс – як і да высновы аб тым, што паседжанні з мэтай палітычнага ціску незаконныя. Ды й суддзя наўрад ці прызнае, што вырашыў зрабіць працэс паказальным дзеля палітычнага ціску ці на загад «зверху», бо тады ўжо яму пагражае крымінальная адказнасць паводле арт. 392 КК РБ.

Можна было б сказаць, што паказальныя суды праводзяцца, каб паказаць, як добра працуе права ў Беларусі, разважае Кірылюк. Але ж на беларускіх судах бачнае якраз адваротнае: людзей не слухаюць, калі іхныя словы разыходзяцца з лініяй абвінавачвання, супраць падсудных выступаюць ананімныя «сведкі»-сілавікі… Выходзіць, што людзей зганяюць на працэсы, дзе відавочна дэманструецца знявага да права, каб прадэманстраваць, што «адна катэгорыя – гэта мы, другая – гэта вы, і нам дазволена ўсё рабіць, а калі вы зробіце нешта не так, для вас будуць вось якія наступствы».

Адмовіцца ад разгляду сваёй справы на паказальным судзе нельга. Кірылюк тлумачыць: абвінавачаны можа толькі прасіць у суду так не рабіць, і суд абавязаны разглядзець заўвагу. Але калі падсудны адмовіцца ісці на паказальны працэс, то канваір можа не адмовіцца.

Аналітыка
14, 16, 18 гадоў… Што значаць лічбы прысудаў у «справе Ціханоўскага»?
2021.12.16 00:11

АА belsat.eu

Стужка навінаў