138-мы дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Вяртанне Тадэвуша Кандрусевіча

Фота: АВ / Белсат

24 снежня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь. Увечары ён правёў брыфінг для СМІ, а потым узначаліў цэлебрацыю ўрачыстых святых імшаў у касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Менску. Вернікі стоячы апладзіравалі вяртанню мітрапаліта.

Падчас брыфінгу Тадэвуш Кандрусевіч распавёў, як вяртаўся ў Беларусь. Спачатку апостальская нунцыятура разам з МЗС узгаднілі схему, час і маршрут прыезду мітрапаліта. З Сакулкі да мяжы яго давёз польскі святар, а на мяжы сустрэў біскуп Юзаф Станеўскі з Горадні, які і перавёз праз мяжу. Пасля прыезду ў Беларусь Кандрусевіч папрасіў спыніць аўто, выйшаў з яго і стаў на калені, каб падзякаваць Богу за магчымасць вяртання на радзіму.

Фота: АВ / Белсат

Нагадаем, Кандрусевіч больш за тры месяцы не мог вярнуцца на радзіму. Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі кіраўнік каталіцкага епіскапату заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт, а Лукашэнка і чыноўнікаў – пачаць «канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях невінаватых грамадзянаў».

31 жніўня памежнікі не прапусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэння прычын. Пасля МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным. Таксама Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Кандрусевіча ў тым, што ён выязджаў у Польшчу «для кансультацыяў».

Фотарэпартаж
Тадэвуш Кандрусевіч правёў урачыстую імшу ў Менску
2020.12.24 20:36

Суды

Валадар Цурпанаў каменціруе свой прысуд.
Фота: Белсат

Суд Магілёўскага раёну прызнаў грамадскага актывіста Валадара Цурпанава вінаватым у абразе суддзі і пакараў яго 3 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Інцыдэнты, якія сталіся падставаю для крымінальнага пераследу, адбыліся, калі Валадар Цурпанаў заставаўся ў ІЧУ за ўдзел у акцыях пратэсту. На судах, што праходзілі праз скайп, актывіст прамаўляў фразу «Валі адсюль, падсцілка хунтаўская». Пацярпелымі прызнаныя суддзі Вікторыя Палякова і Вольга Краўчанка, якія судзілі Цурпанава паводле артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у мітынгах.

Алег Фамін у залі суда.
Фота: «Белсат»

Суд Ваўкавыскага раёна 24 снежня прызнаў Алега і Анастасію Фаміных вінаватымі паводле арт. 364 (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні міліцыянта) Крымінальнага кодэкса. Анастасію асудзілі да 1 года і 6 месяцаў «хатняй хіміі», а яе мужа – Алега Фаміна – да 2 гадоў і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. У жніўні Алег і Анастасія Фаміны вярнуліся дахаты пасля дазволенай акцыі пратэсту. Якраз у гэты дзень у суседа насупраць, бацькі міліцыянта Вячаслава Іванова, адзначалі юбілей, на свята сабраліся сваякі і сябры. Алег Фамін пабачыў праз вакно, што з дому выходзіць Вячаслаў, і пастанавіў выйсці сказаць, што пра яго думае. Хутка паміж суседзямі завязалася бойка.

Hавiны
У Віцебску асудзілі каталіцкіх святароў
2020.12.24 12:08

А ў Віцебску за малітву пад нацыянальным сцягам судзілі каталіцкіх святароў Віктара Жука, Аляксея Варанко, таксама верніка Аляксея Каракова. Усім траім суд вынес папярэджанне.

Новыя арышты і крымінальныя справы

Сілавікі затрымалі 19-гадовага жыхара Воршы, які ў жніўні-верасні дасылаў гнеўныя паведамленні камандзіру менскага АМАПу Дзмітрыю Балабе. Супраць хлопца распачатая крымінальная справа паводле арт. 364 (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў) Крымінальнага кодэксу. Прэс-служба МУС таксама выклала скрыншоты некаторых паведамленняў, з якіх зразумела, што 19-гадовы хлопец быў абураны гвалтам супраць мірных пратэстоўцаў. Аднак канкрэтных пагрозаў у апублікаваных паведамленнях не бачна – толькі агульныя фразы кшталту «хадзі і бойся».

Таксама была распачатая крымінальная справа за абразу гомельскага міліцыянта ў інтэрнэце. У МУС кажуць, што гэтыя каментары «відавочна выходзілі за рамкі прынятых нормаў маралі і права». Аўтарам допісу аказаўся 35-гадовы мянчук, які працуе кухарам. Ён затрыманы.

А ў Берасці быў затрыманы 24-гадовы ўдзельнік сутычак з міліцыянтамі падчас пратэстаў на праспекце Машэрава 10 жніўня. Яго вінавацяць у тым, што ён «з разбегу ўдарыў нагой у шчыт, які міліцыянт трымаў у руках». Супраць берасцейца распачатая крымінальная справа паводле арт. 293 (масавыя закалоты).

Сёння ж Кастрычніцкі раённы аддзел Следчага камітэту завершыў расследаванне крымінальнай справы супраць двух палітвязняў – 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. Яны трапілі пад пераслед за марш пратэсты, што адбыўся ў Менску 6 верасня. Сафіі Малашэвіч выставілі абвінавачванне паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч.2 арт.339 (злоснае хуліганства) і ч.1 ст.368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Ціхану Клюкачу выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 і 339. Абодва знаходзяцца пад вартай.

Тым часам, праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 7 чалавек. Агулам цяпер у Беларусі 167 палітзняволенных.

Дваравыя маршы

24 снежня ў розных кропках Менску адбыліся дваравыя маршы. Увечары дзясяткі жыхароў мікрараёну Зялёны Луг выйшлі на марш з бел-чырвона-белымі сцягамі. Яны скандавалі: «Глядзі ў вакно, а не тэлевізар».

У Фрунзенскім раёне людзі з бчб-сцягамі скандавалі «Жыве Беларусі» і «Разам і назаўжды». Вечаровую акцыю таксама зладзілі жыхары мікрараёну Грушаўка. А лесапарку Мядзвежына абʼядналіся пратэстоўцы адразу з чатырох раёнаў – Захад, Кунцаўшчына, Сухарава і Чырвоны Бор.

Нешматлікія вечаровыя акцыі салідарнасці адбыліся таксама ў Віцебску, Жодзіне і Заслаўі.

А ў Менску днём адбылася чарговая сімвалічная акцыя «Я гуляю» – дзяўчыны з бел-чырвона-белымі парасонамі шпацыравалі на Кастрычніцкай вуліцы.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў