Сяргей Пеляса: «Белсат» нарадзіўся ў выніку дзвюх рэвалюцыяў


Да 15-годдзя «Белсату» мы гутарым з нашымі журналістамі, якія з самога пачатку працуюць на тэлеканале.

Сённяшні наш суразмоўца кажа, што «Белсат» нарадзіўся ў выніку дзвюх рэвалюцыяў – рэвалюцыі тэхналагічнай і спробы джынсавай рэвалюцыі ў беларускім грамадстве.

Сяргей Пеляса.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Нарадзіўся 13 кастрычніка 1976 года ў Лунінцы Берасцейскай вобласці. Рэдактар праграмаў, рэжысёр-дакументаліст, аўтар і вядоўца праграмы «ПраСвет».

– Калі пачыналі ствараць «Белсат», то пра гэта стала адразу вядома. І праз незалежныя беларускія медыі, якія існавалі раней за нас, і праз польскія сродкі масавай інфармацыі. Гэта была гучная і абсалютна новая справа. У той час я заканчваў Люблінскі ўніверсітэт, дзе вучыўся паводле стыпендыі польскага ўраду як актывіст, адлічаны з вучобы ў Берасцейскім політэхнічным інстытуце. За супрацу з аб’яднаннем «Маладая грамада» я перастаў быць студэнтам у Беларусі ў 1998 годзе.

«Белсат» стваралі недзе з 2005–2006 года. Я ведаў, што ствараюць «Белсат», але ў мяне не было думкі далучыцца. Мне здавалася, што гэта нешта для суперпрафесіяналаў, якія дакладна ведаюць, як робіцца тэлебачанне. Я тады меў нейкі досвед, звязаны з відэа і з тэлебачаннем. Першае сваё відэа я пачынаў здымаць яшчэ ў школе, у 1990-91 годзе, калі мне было 15-16. Бацька сябрука Іллі купіў відэакамеру ў Сірыі, дзе служылі нашыя бацькі. Ён здымаў вяселлі за грошы. Камера класная – «Panasonic». З касетамі VHS. Ён нам дазваляў здымаць школьныя імпрэзы. У сярэдзіне 2000-х я трапіў на працу ў IT-фірму, якая рабіла софт-праграмаванне для смартфонаў, што тады толькі з’яўляліся. Я перакладаў праграмы, тэставаў і гэтак далей. У мяне быў службовы смартфон, якім я здымаў.

У Любліне я звязаўся з вялікім грамадскім рэгіянальным фондам «Nowy staw», што займаўся міжнароднымі праектамі, адукацыйнымі абменамі – у тым ліку з удзелам маладых беларусаў. Напрыклад, у Еўрапейскай валанцёрскай службе (EVS, European voluntary service). Мы рабілі аматарскае тэлебачанне з немцамі. І нават ужо ў 2006 годзе наладзілі міжнародныя стрымы праз інтэрнэт. Я ездзіў у Нямеччыну вучыцца на медыякурсы. Са мною звязаўся Аляксей Дзікавіцкі, з якім мы пазнаёміліся ў Кіеве на семінары яшчэ ў 1998-м. Мы землякі: ён з Пінску, а я з Лунінца, хаця дзяцінства правёў у Кобрыне. І мы былі з адной палітычнай арганізацыі – «Грамады», якую ўзначальваў Мікола Статкевіч. Я ведаў, што ён у ліку стваральнікаў «Белсату». І ён запрасіў мяне ўзяць удзел у адборы на «Белсат», а таксама знайсці ў Любліне групу беларусаў, якім было б гэта цікава. Мы чыталі тэкст на камеру, потым хтосьці гэта глядзеў і ацэньваў. Затым я трапіў на курсы рыхтавання «нулікаў». Навучанне, якое праходзіла каля Варшавы, дзеяла ў тры этапы. На працягу некалькіх дзён трэба было ўсё зрабіць самому – ад здымак да мантажу. Камусьці дапамагалі, але значна лепей было ўсё стварыць самому. Я зрабіў усё сам. Адбор на тэлеканал і навучанне зарганізавалі вельмі прафесійна.

Калі стала вядома, што я, хутчэй за ўсё, буду працаваць на «Белсаце», прайшоўшы апошні этап улетку 2007 года, то купіў сабе лічбавы фотаапарат, які для мяне як для студэнта каштаваў вялізныя грошы, каля 350 злотых. Я ездзіў па ваколіцах Кобрына і здымаў розныя рэчы – вёскі, закінутыя хутары, сам горад, каб трэнаваць кампазіцыю кадра, святло і гэтак далей.

Сяргей Пеляса падчас святочнага мерапрыемства да 15-годдзя «Белсату».
Фота: Белсат

– «Белсат» быў створаны акурат тады, калі ў гэтым была самая вострая неабходнасць, ці мог паўстаць раней, напрыклад, у самым пачатку 2000-х альбо ў 2010-м?

– «Белсат» маглі стварыць толькі ў 2006-м, альбо 2007-м. Ні раней, ні пазней не было перадумоваў для гэтага. Літаральна ўсе зоркі карысна сышліся ў гэты перыяд. І зусім не значыць, што яго стварылі лёгка. Мала хто звонку верыў у гэта. Гэта быў час, калі распачаўся вельмі інтэнсіўны пераслед Саюзу палякаў у Беларусі, што ўжо было штуршком для Варшавы, каб падумаць пра нешта альтэрнатыўнае прапагандзе. Мелі значэнне і выбары 2006 года, а таксама пратэсты пасля іх. І гэты ўздым дазволіў беларусам прыцягнуць увагу да сваіх праблемаў амаль усяго свету, а таксама паспрыяў таму, каб выбіць згоду на фінансаванне каналу. «Белсат» быў створаны беларускімі і польскімі журналістамі з нічога фактычна.

2005–2008-ы былі гадамі, калі з’явіліся Facebook і YouTube. Адначасова паўстала шмат новых тэхналагічных рашэнняў. Напрыклад, лічбавыя фота- і відэакамеры, якія ўжо былі больш даступныя: таннейшыя і лягчэйшыя ў выкарыстанні. Хаця «Белсат» яшчэ здымаў на касеты MiniDV. І мы былі ці не адзіныя ў свеце, хто перасылаў вялізную колькасць відэафайлаў праз мяжу з дапамогай інтэрнэту. На «Белсаце» прыдумалі параметры для файлаў, каб яны былі не занадта вялікімі, але ў належнай якасці тэхнічнай. Адбылася тэхнічная рэвалюцыя «нулявых», якая дазволіла нам працаваць. Без яе «Белсат», які мы ведаем цяпер, не быў бы магчымы.

«Белсат» нарадзіўся ў выніку дзвюх рэвалюцыяў – рэвалюцыі тэхналагічнай і спробы джынсавай рэвалюцыі ў беларускім грамадстве, выбараў-2006 і масавых пратэстаў супраць іх вынікаў.

Пазней новыя этапы рэвалюцыі – здымкі ў HD і Full HD. І цяпер нам не могуць быць выстаўленыя прэтэнзіі, што нешта кепска знята. Сапраўды, ёсць праблема, што мы не можам на гэты момант нічога здымаць у Беларусі. Але гэта ўжо іншая гісторыя. За якасць мы адказваем.

– Праграму «ПраСвет» прыдумалі вы?

– Ідэю рабіць на «Белсаце» штотыднёвы міжнародны агляд прыдумала Аліна Коўшык яшчэ ў 2009 годзе. Гэта была ейная аўтарская праграма. Затым мы яе перафарматавалі, і вядоўцам стаў, акрамя Аліны Коўшык, таксама Дзмітрый Гурневіч, якія цяпер працуе на радыё «Свабода». Пашырыўся фармат да 20 хвілінаў. Тады дырэкцыя шукала рэдактара для гэтай праграмы. Я выклікаўся сам. Паколькі скончыў міжнародныя дачыненні і гэта была мая наўпроставая спецыфіка. А ў 2016-м, калі Дзмітрый Гурневіч пайшоў на радыё «Свабода», я прыйшоў на ягонае месца вядоўцам. Вялі на змену з Алінаю. Калі яна працавала ў студыі, я быў рэдактарам, і наадварот.

Увосень 2022 г. мы павялічылі працягласць праграмы да 40 хвілінаў.

Сёлета Аліна пайшла на працу ў Кабінет Святланы Ціханоўскай прадстаўніцай у справе нацыянальнага адраджэння. І з таго часу я вяду «ПраСвет» сам. Гэта цяпер выключна мая аўтарская праграма. Планую знайсці сувядоўцу, бо аднаму вельмі цяжка штотыдзень рыхтаваць такі праект. Гэта пытанне застаецца актуальным. Мы спрабавалі знайсці замену – нам пакуль не ўдалося. Адную вельмі годную асобу мы знайшлі, і яна цудоўна працавала, амаль ідэальна, але ў яе былі фінансавыя запатрабаванні, якія перавышалі магчымасці «Белсату». Акрамя таго, «ПраСвет» – гэта аналітычная праграма. І тут трэба не проста мець жаданне, а яшчэ альбо нейкую профільную адукацыю, альбо цікавіцца гэтым здаўна, жыць гэтымі справамі. Пакуль у пошуку.

– Акрамя адсутнасці сувядоўцы, у чым яшчэ «ПраСвет» мае патрэбу?

– Я ўпэўнены, што нам неабходныя ўласныя карэспандэнты. Мы бачылі, як Аліна Коўшык вяла хроніку паездак Святланы Ціханоўскай. Але звярніце ўвагу. Паўнавартасны ўрад павінен мець сваю прэс-службу, каб заўсёды было актуальнае альбо фота, альбо відэа. І ў добрай якасці. Але гэтага ў нашага, скажам так, квазіўраду Ціханоўскай няма. А таму трэба ездзіць. Гэта нармальная практыка, калі тэлебачанне альбо партал маюць сталых карэспандэнтаў хаця б у еўрапейскай сталіцы – Бруселі – і ў асноўных гарадах свету, дзе часцей адбываюцца найбольш буйныя падзеі: Лондан, Берлін, Вашынгтон – нам надзвычай неабходна, каб сталіца ЗША заўсёды была на сувязі. У нас няма ніводнага сталага карэспандэнта нідзе. Я лічу такое становішча няправільным. Так ці інакш у нас ёсць толькі адзін калега – Аляксандр Сіліч у Бруселі. Але ён, хоць і здаўна там жыве, фармальна не карэспандэнт. Ён не мае менавіта такой дамовы з «Белсатам» і працуе рэпарцёрам як фрылансер. І я лічу, што гэта тое, над чым варта сур’ёзна папрацаваць.

– Вы пішаце інтэрв’ю з логам «Белсату» на мікрафоне ў розных месцах, у розных краінах. Наш канал там увогуле ведаюць? Акрамя тых экспертаў, якіх вы здымаеце.

– Ніколі да мяне не ўзнікала пытанняў, што такое «Белсат» і адкуль мы. Усе ведаюць. Ці гэта асістэнтка генеральнага сакратара NATO, ці хтосьці з кіраўніцтва Еўразвязу. Яны могуць не ведаць імені міністра абароны Лукашэнкі ці прозвішча прэм’ер-міністра Беларусі. Але тое, што мы рэпрэзентуем Беларусь, усім даўно вядома.

– Лукашэнкаўскі рэжым прыкрыў усе нашыя студыі ў Беларусі, офісы, пасадзіў у турму нашых былых супрацоўнікаў, пераследуе і цяпер журналістаў ды аператараў – каго знойдуць. Улады, ясна, баяцца «Белсат».

– Але яны абсалютна бяссільныя, каб нас зліквідаваць.

Фота: Белсат

– Не хачу называць іх ворагамі, але ўмоўна супрацьлеглы бок сцвярджае, што «Белсат» – таксама прапаганда, толькі за польскія грошы. Хаця мы не пераследуем, як яны, інтарэсаў адной адыёзнай асобы, аўтарытарнага рэжыму, таталітарызму, маскуючы гэта пад інтарэсы беларусаў. Але менавіта нас называюць экстрэмістамі, вінавацячы ў тым, што мы пагражаем бяспецы Рэспублікі Беларусь.

– Гэта звычайная маніпуляцыя: кінуць нас у адзін мех з прапагандыстамі дзяржаўнымі – гэта спроба адвесці ад сябе гнюс, які зыходзіць ад тых, хто бязвольна і цалкам абслугоўвае рэжым. Мы з задавальненнем давалі б эфір і сённяшнім дзяржаўным чыноўнікам. Але на нашыя запрашэнні яны не адклікаюцца. А самае галоўнае – «Белсат» не выданне, якое прапагандуе бачанне нейкага дзяржаўнага ідэалагічнага апарату. У нас няма спісу тэмаў, якія нам выдаюцца і якіх мы павінныя прытрымлівацца.

Натуральна, нельга не браць пад увагу інтарэсаў і нормаў дзяржавы, якая нас фінансуе і дае нам магчымасць працаваць. Калі так не зрабіць, можна апынуцца ў такой сама сітуацыі, у якой апынуўся тэлеканал «Дождь». Але назваць нас прапагандаю – гэта як мінімум несправядліва і бяздоказна. Ці можам мы запісаць што-небудзь у Беларусі? Практычна нічога. Нас рэжым Лукашэнкі сам штурхнуў у гэтую сітуацыю. Так, гэта ўплывае на аб’ектыўнасць. Але не называецца прапагандаю. Калі хтосьці і заўважыў у нас нешта падобнае, то гэта адзінкавыя выпадкі, звязаныя з тым, што мы толькі становімся на ногі. Як народ і як выданне таксама. У нас няма, напрыклад, стогадовага досведу брытанскага Бі-Бі-Сі. Нам няма на што абаперціся практычна. Так, мы вывучаем польскі досвед, на Захадзе, тое, што было ў 1990-ыя гады ў Беларусі, калі існавала большая свабода медыяў. Але мы ганарымся тым, што робім. І цешымся, што разам з іншымі набліжаем вызваленне Беларусі ад таталітарызму.

Гутарыў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў