news
Гісторыі
Хто такія «Кіберпартызаны»? Сем хакераў расказалі пра сябе
Што робяць і пра што мараць vivabelarus, JtR, vastruha, Мур, Dallas, Mishazdorovo і Feofan.
13.11.202315:48

Хакеры (або хактывісты, як яны сябе называюць) не раскрываюць асобаў – вядомыя толькі нікнэймы некаторых з іх. Яны самі расказваюць пра сябе на сайце «Кіберпартызанаў». «Белсат» пераказвае, што ў гэтых размовах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

«Кіберпартызаны» – беларуская групоўка хакераў, якая з’явілася неўзабаве па выбарах-2020 і нарабіла шуму шматлікімі ўзломамі і кібератакамі сістэмаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, праславілася выкраданнем агромістых базаў звестак, стварэннем «партызанскага Telegram», псаваннем лагістыкі расейскіх войскаў, дапамогай ваярам у часе вайны ва Украіне і супрацай з палком Каліноўскага. Паводле нядаўняга апытання, беларусы ацэньваюць іх як найбольш карысную для краіны лічбавую ініцыятыву.

Самі «Кіберпартызаны» публікуюць невялікія інтэрв’ю са сваймі хакерамі. На момант напісання гэтага тэксту выйшла сем інтэрв’ю. Пераказваем, што ў іх, а поўныя тэксты размоваў на сайце «Кіберпартызанаў» праз спасылкі ніжэй.

vivabelarus 

Стваральнік «партызанскага Telegram» і «П-СМС». Гісторыя vivabelarus пачалася з затрымання сябра на маршах пратэсту 2020 года: праграміст падумаў, што было б добра, калі б сябар мог адаслаць экстранае паведамленне пра затрыманне – і зрабіў праграму для гэтага. У месцах акцыяў пратэсту тады адключалі інтэрнэт – vivabelarus прыдумаў праграму для шыфравання SMS-паведамленняў. Ішоў ад «было б добра, каб было такое» да «а чаму б мне самому гэтага не зрабіць».

«Ёсць адчуванне, што раблю нешта карыснае, што рэальна дапамагае людзям, – кажа vivabelarus. – Хаця часам напружвае адказнасць. Калі я занадта абнадзею людзей сваймі праграмамі, але не змагу іх рэальна абараніць, адказнасць за іх арышт будзе ў нейкай ступені і на мне».

Да «Кіберпартызанаў» прыйшоў у снежні 2020 года ўжо з гатовымі раннімі версіямі «П-СМС» і «партызанскага Telegram» (другі ён распрацаваў менш як за два месяцы). Напісаў ноччу, а ранкам ужо атрымаў пытанні ды ідэі ад хакераў, тэставыя заданні. Цяпер шмат часу надае менеджменту, рэкрутынгу, размовам з падпісчыкамі «Кіберпартызанаў» пра распрацаваныя ім праграмы. Галоўным мінусам удзелу ў групоўцы называе тое, што гэта немагчыма абмяркоўваць з сябрамі і калегамі.

Цяпер хоча зрабіць «партызанскі Element» – мэсэнджар на пратаколе «Matrix», які будзе яшчэ больш бяспечным за Telegram. Таксама працуе над праграмай – менеджарам пароляў. Што будзе рабіць, калі Беларусь зробіцца вольнаю, не планаваў, бо «ўсё роўна ўсё пойдзе не паводле плану». Думае, што працягне займацца тым жа, бо «дыктатураў хапае».

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

JtR 

Хакер, які робіць лічбавыя інструменты «Кіберпартызанаў» і ўзломвае паролі. JtR расказаў, што летам 2021 года напісаў у бот хакераў, паводле іхнай аперацыі «Спякота» зразумеў, што ўсё сур’ёзна. Першы раз не склалася, але з другога кантакту «Кіберпартызаны» далі яму некалькі тэставых заданняў – ён распрацаваў праграмы, некаторымі з іх хакеры карыстаюцца дагэтуль.

«Я б сказаў, што нашая група – гэта мадэль пабудовы дэмакратычнага грамадства, – кажа JtR пра «Кіберпартызанаў». – У нас не заўсёды супадаюць думкі адносна падзеяў ці метадаў працы, часам даходзіць да гарачых дэбатаў, але, нягледзячы на гэта, мы захоўваем адзінства і ўпарта рухаемся да нашай мэты».

JtR мае асноўную працу, якая пакідае мала часу для «Кіберпартызанаў» – хакерствуе пераважна ў выходныя. Але дапамагае «Кіберпартызанам», бо адчувае абавязак перад тымі, каго рэпрэсавалі, пасадзілі за краты ці вымусілі эміграваць, таксама яго матывуе адчуванне абавязку дапамагчы Украіне перамагчы Расею. А на працы чуе, што ад «Кіберпартызанаў» чакаюць большага.

Кажа, самае цяжкае – чакаць моманту ікс, калі можна будзе паставіць кропку ў гісторыі рэжыму Лукашэнкі. Марыць пра незалежную Беларусь, якая ўступіла ў Еўразвяз або патэнцыйны Балта-Чарнаморскі звяз, «мае мяжу з Кітаем на ўсход ад Смаленску».

vastruha

Адзін з распрацоўнікаў пашукавіка, праз які хакеры дапамагаюць журналістам у расследаваннях, і стваральнік бота для распазнаванні міліцыянтаў на фота. vastruha мае асноўную працу, але, «калі ёсць што рабіць», увесь вольны час аддае хакерству – кажа, што калі працаваў з выкрадзенымі базамі для стварэння пашукавіка, прысвячаў «Кіберпартызанам» 12 гадзінаў на дзень. Маўляў, ёсць адчуванне, што гэта важна для будучыні Беларусі.

Далучыцца да «Кіберпартызанаў» vastruha пастанавіў у першы дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама пасля гэтага перайшоў на беларускую мову.

«Я да вайны быў апалітычным проста, – згадвае ён. – Ну, не цалкам, а проста не быў гатовы да таго, каб нават на мітынг выйсці. А з пачатку вайны я проста зразумеў, ува што гэта ўсё вылілася. Я ненавіджу ўсіх гэтых пачвар і жадаю, каб яны панеслі за ўсе іх дзеянні адказнасць».

Хакер лічыць, што большасць людзей адышла ад палітычных працэсаў, бо пачуваецца падманутаю: казалі, што яны мірныя людзі, таму не павінны адказваць, калі іх б’юць, а то «будзе, як ва Украіне». А ў выніку з Беларусі па Украіне паляцелі сотні расейскіх ракетаў. vastruha лічыць, што момант ікс прыйдзе, калі беларусы перастануць баяцца, а гэта будзе тады, «калі будуць ведаць, што чалавек, які стаіць побач, дапаможа, а не дастане тэлефон і пачне стрым».

Разбор
Як бяспечна тэлефанаваць праз інтэрнэт, каб не праслухалі сілавікі?
2023.10.03 15:41

Мур

Удзельнічае ў атаках на рэсурсы рэжыму Лукашэнкі – Мур кажа, што намагаецца «пазбавіць неадукаваных малпаў магчымасці выкарыстоўваць камп’ютарныя тэхналогіі супраць беларусаў і ўкраінцаў». Прыйшоў да «Кіберпартызанаў» летам 2021 года, да таго дапамагаў групоўцы «Буслы ляцяць». Думаў, для «Кіберпартызанаў» не хопіць кваліфікацыі, але ўжо ў складзе групоўкі атрымаў навыкі – кажа, год з імі вучыць так, як тры гады ўзмоцненай практыкі ў крутой канторы або пяць гадоў спакойнай працы.

«Можа, з боку неяк здаецца, што “Кіберпартызаны” – гэта чараўнікі, якія ў любыя сеткі заходзяць як да сябе дадому, і ўся справа зводзіцца да “знайшоў уразлівасць, націснуў кнопку і ўсё павалілася”, – разважае Мур. – Насамрэч, вялікая паспяховая атака – гэта месяцы карпатлівай падрыхтоўчай працы».

Перад такой атакай, расказвае ён, трэба вывучаць «сотні гігабайтаў» дакументаў, днямі і начамі наладжваць скрыпты, што аж «вывальваюцца вочы». У момант узлому часам даводзілася працаваць два дні амаль без перапынкаў. Найбольш ганарыцца той атакай, калі ў пачатку вялікага расейскага нападу на Украіну ўдалося спыніць рух цягнікоў у Беларусі і збіць нападнікам лагістыку.

Мур верыць, што «вялікая перамога» будзе не тады, калі «вялікія дзядзькі перадзяруцца», а калі будзе безліч хай маленькіх, але рэальных справаў. Ды лічыць, што дыктатура «не ў Драздах, а ў галовах людзей», таму змагацца давядзецца яшчэ доўга.  І кажа, што праца з «Кіберпартызанамі» адвучыла яго гаварыць пра нейкія ідэі, што «гэта немагчыма». Шкадуе толькі, што даводзіцца ламаць, а не будаваць.

Dallas

Выкрывае агентаў рэжыму Лукашэнкі, займаецца верыфікацыяй людзей для «Кіберпартызанаў» і іншых беларускіх арганізацыяў, аналітыкай, дызайнам, мантажом і іншым. Dallas пайшоў у «Буслы ляцяць» адразу, як тыя ўзніклі, але з улікам часу правярання цалкам далучыўся ў сакавіку 2021 года, затым пайшоў у «Кіберпартызаны». Да таго працаваў у ІТ-сферы, меў свой стартап. На працу з «Кіберпартызанамі» сыходзіць каля 10-12 гадзінаў на дзень, адпачынку не меў з 2020 года.

Хакер падрабязна расказвае пра розныя катэгорыі агентаў рэжыму. Заяўляе, што дзейных і былых супрацоўнікаў спецслужбаў выкрыў больш за дзясятак, агентаў ГУБАЗіК – некалькі дзясяткаў, а тых, хто пайшоў на супрацу з сілавікамі добраахвотна ці пад прымусам, – за сотню.

«Памятайце, галоўны вораг любога рэвалюцыянера — гэта ягоны ўласны язык, лянота і залішняя даверлівасць, – заклікае ён. – Гэтымі парадамі рэкамендую карыстацца, у першую чаргу, шматлікім актывістам і лідарам арганізацыяў».

Ён раіць быць пільнымі і звяртаць увагу на падазроныя дзеянні людзей у сваім асяроддзі, давяраць інтуіцыі. Але памятаць, што можна памыліцца, і не спяшацца вінаваціць людзей без доказаў. Калі доказы або абгрунтаваныя асцярогі ёсць, кажа дзяліцца звесткамі з надзейнымі арганізацыямі, праваахоўнікамі (па-за Беларуссю) і «Кіберпартызанамі» праз @cpartisans_bot у Telegram.

Разбор
Расейскія сілавікі не навучыліся «па-новаму ўзломваць Telegram». Але вось што трэба ведаць
2023.07.04 15:12

Mishazdorovo

Удзельнічае ў атаках на рэсурсы рэжыму Лукашэнкі, займаецца тэстамі сайтаў на ўразлівасці і падменай звестак на старонках, але кажа, 95 % працы не выходзіць на публіку. Mishazdorovo з’ехаў з Беларусі пасля пратэстаў 2020 года, а да «Кіберпартызанаў» далучыўся, бо «мянтам гадасці рабіць усё яшчэ хацелася». Выкрыў нязначную праблему ў бяспецы «Чорнай мапы» – з гэтым і прыйшоў да хакераў.

Дэфэйс-атакі, калі на сайтах адныя звесткі замяняюць іншымі (напрыклад, калі на сайце хакейнага «Дынама» з’яўляецца з’едлівы некралог Лукашэнкі) ён лічыць «онлайн-пікетаваннем», спосабам прыцягнуць увагу людзей да праблемы, ды і проста «гэта весела». Праз супрацу з «Кіберпартызанамі» адмовіўся ад асноўнай працы.

«Калі толькі пачынаў валанцёрыць у групе, думаў рабіць нешта толькі вечарамі, – згадвае ён. – Але я чалавек азартны, і калі ты паспяхова працуеш па нейкіх важных цэлях, гэта зацягвае. Складана выбудаваць баланс паміж жыццём і працай, таму што ў галаве ўвесь час пракручваеш, а што можна было б яшчэ паспрабаваць».

Mishazdorovo марыць вярнуцца ў Беларусь, бо апошнія тры гады «зрабілі беларусам». Згадвае менскі марш 16 жніўня 2020 года, «калі ўсе мянты з гораду ўцяклі». Тады адчуваў, што «горад належыць яму», і ўпэўнены, што некалі гэтае адчуванне паўторыцца.

Feofan 

Бярэ ўдзел у кібератаках, здабывае выведныя звесткі, займаецца падборам пароляў, распрацоўваннем «жалеза» (лічбавай тэхнікі) і іншым. Feofan прыйшоў да «Кіберпартызанаў» з супольнасці «Буслы ляцяць», а да тых прыйшоў, бо «яны не былі гаварунамі з кветачкамі».

Праз сакрэтнасць завёў сабе «падваенне асобы»: блізкім нельга казаць пра справы «Кіберпартызанаў», а з хакерамі нельга дзяліцца нічым пра асабістае жыццё. Ратуецца рэцэптам, заснаваным «на трэнаваннях паводле тыпу шаўлінскіх манахаў і японскім ніндзюцу». Раіць актывістам «партызаніць так, каб на цябе ў апошнюю чаргу падумалі, што ты партызан»: верыць у слушнасць свайго шляху і зрабіцца пацуком з кнігі «Нараджэнне стальнога пацука».

«Я вельмі спадзяюся, што частка з нас зможа выйсці ў публічнае ці каляпублічнае поле і арганізаваць гэтакую ​​лічбавую санстанцыю ці нейкі варыянт АНБ», – кажа ён, маючы на ўвазе Агенцтва нацыянальнай бяспекі Злучаных Штатаў.

У Новай Беларусі марыць пайсці ў новыя праваахоўныя органы, «пераводзіць краіну на новыя рэйкі». Некалі даўно марыў служыць у спецслужбах лукашэнкаўскай Беларусі, але «спыніла нейкая ўнутраная чуйка». Баіцца, што чым даўжэй будзе ў эміграцыі, тым меншаю будзе імавернасць вяртання.

Юліяна Шаметавец

Адзіная публічная прадстаўніца «Кіберпартызанаў», якая выступае пад сваім імем і паказвае твар. Яна дае шмат інтэрв’ю медыям – вось што яна нядаўна расказвала «Белсату»:

Інтэрв’ю
Кіберпартызаны намацалі слабыя месцы Лукашэнкі. Інтэрвʼю з Юльянай Шэметавец
2023.08.30 17:25
Беларускі свет
«Кіберпартызаны» захопяць сілавыя структуры?
2023.10.03 17:05
ВІДЭА
Вялікі дыскусійны стрым «Змагайся як беларуска!»
2023.08.12 15:08

Алесь Наваборскі belsat.eu