Кіраўнік МАК не палічыў вайну ва Украіне і на Блізкім Усходзе падставаю для касавання Алімпіяды


Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах заявіў, што Алімпіяда, запланаваная ў Парыжы налета, не будзе адмененыя, нягледзячы на вайну ва Украіне і паміж Ізраілем ды «Хамасам». «Ахвяраваць Гульнямі было б цалкам няслушна», – цытуе функцыянера партал «Inside The Games».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спартоўцы нясуць нейтральны сцяг Алімпійскіх гульняў. Крыніца: championat.com

«У нас вельмі моцная геапалітычная напружанасць. Сказаць, што мы ахвяруем Гульнямі, было б цалкам няслушным падыходам», – заявіў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах на форуме ў Нямеччыне.

Такім чынам, спартовы функцыянер запэўніў, што Алімпіяду ў Парыжы не будуць касаваць, нягледзячы на вайну ва Украіне і паміж Ізраілем ды «Хамасам».

«У нас было багата войнаў паміж урадамі і краінамі, але спартоўцы заўсёды бралі ўдзел у Гульнях. Гэта адпавядае алімпійскай місіі», – сказаў таксама Бах.

Паводле ягонай заявы, людзям неабходнае нешта, што іх аб’ядноўвае, і гэта акурат спорт.

«Я не ведаю, ці маем мы сусветную вайну. Паводле вызначэння ААН, цяпер у свеце налічваецца 28 войнаў. Нашая місія – гэта гуманітарная місія спартоўцаў і спорту. Мы намагаемся гэта ўлічваць. Людзям таксама неабходнае нешта, што іх аб’ядноўвае», – падсумаваў кіраўнік МАК.

Раней Алімпійскія гульні тройчы касавалі з увагі на вайну: у 1916, 1940 і 1944 гадах.

Інтэрв’ю
Аляксандр Апейкін: «Мы маем нейкую нявызначанасць з боку МАК і ўсёй міжнароднай спартовай супольнасці»
2023.09.27 14:00

У сакавіку Томас Бах заяўляў, што «спорт не можа і не мусіць быць апалітычным, аднак ён павінен быць палітычна нейтральным».

«Калі палітыка вызначае, хто можа ўдзельнічаць у спаборніцтвах, тады спорт і спартсмены становяцца інструментамі палітыкі. У такім выпадку спорт не можа перадаць сваю аб’яднальную сілу», – казаў кіраўнік алімпійскага руху.

Беларускіх і расейскіх спартоўцаў пачалі адхіляць ад міжнародных спаборніцтваў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Аднак у верасні Міжнародны паралімпійскі камітэт дапусціў прадстаўнікоў дзвюх краінаў да летніх Паралімпійскіх гульняў у Парыжы. Спартоўцы змогуць выступаць у індывідуальным і нейтральным статусе.

Hавiны
Беларускія і расейскія спартоўцы змогуць удзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях у Парыжы
2023.09.29 19:58

Рашэнне наконт Алімпійскіх гульняў яшчэ не агучанае. У кастрычніку падчас дыскусіі ў эфіры «Белсату» кіраўнік міжнароднага аддзелу Беларускага фонду спартовай салідарнасці, былы генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Анатоль Котаў казаў: «Прынцыпова рашэнне, што паедуць, прынятае». Імаверна, да беларускіх і расейскіх алімпійцаў ухваляць такое ж правіла, як і да паралімпійцаў: у індывідуальным і нейтральным статусе, з забаронаю дзяржаўных сцягоў і гімнаў.

Агляд
«Пачала б біць ім морды». Удзельнікі дыскусіі на «Белсаце» заклікалі МАК не запрашаць беларусаў і расейцаў на Алімпіяду
2023.10.06 20:17

СК belsat.eu

Стужка навінаў