Урзуля фон дэр Ляен: Будучыня Украіны, Балканаў і Малдовы – у Еўразвязе


Прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен 13 верасня выступіла з пасланнем «Аб становішчы Еўразвязу». Яна шмат казала пра вайну ва Украіне, а Беларусь згадала толькі адзін раз.

Урзуля фон дэр Ляен
Прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен выступае перад Еўрапарламентам. Страсбур, Францыя. 13 верасня 2023 года.
Фота: Europa.eu

Урзуля фон дэр Ляен расказвала, што Еўразвяз адлюстроўвае бачанне лепшай будучыні для Еўропы, аб якім сталі марыць пасля Другой сусветнай вайны, а таксама што цяпер бачнае нараджэнне геапалітычнага аб’яднання ў падтрымку Украіны, супраць расейскай агрэсіі і ў адказ на эканамічны напор Кітаю.

Яна заўважала, што краіны Цэнтральнай Азіі і Інда-Ціхаакіянскай вобласці цяпер баяцца, што іх чакае лёс Украіны, калі свет стане беззаконным. Таксама яна заклікала да еднасці ў мэтах адносна Афрыкі – такой да, якую паказалі адносна Украіны.

Прэзідэнтка Еўразвязу паабяцала, што падтрымка Украіны працягнецца. Толькі ў гэтым годзе, нагадала яна, Еўразвяз даў 12 млрд еўра на падтрымку Украіны ў выплаце заробкаў і пенсіяў, падтрымання працы шпіталяў і школаў, а цяпер Еўразвяз прапануе пакет дапамогі ў 50 млрд еўра на наступныя чатыры гады.

«Гэты парламент гучна заявіў: будучыня Украіны ў Еўразвязе, будучыня Заходніх Балканаў у Еўразвязе, будучыня Малдовы ў Еўразвязе, – казала фон дэр Ляен перад Еўрапарламентам. – І я ведаю, наколькі важная еўрапейская перспектыва для так многіх людзей у Грузіі».

Цяпер статус кандыдатаў на далучэнне да Еўразвязу маюць  Албанія, Боснія і Герцагавіна, Паўночная Македонія, Сербія, Турэччына, Чарнагорыя. На Балканах не мае статусу чальца або кандыдата толькі Косава – часткова прызнаная дзяржава, якую шэраг краінаў бачыць часткаю Сербіі.

Аналітыка
Украіна і Малдова сталі кандыдатамі ў Еўразвяз. Што гэта дае і калі змогуць далучыцца цалкам?
2022.06.24 20:46

Украіна і Малдова атрымалі статус кандыдатаў на далучэнне да Еўразвязу ў 2022 годзе. Грузія падавала заяўку адначасова з Малдовай, але ёй не далі статусу кандыдата, а толькі прызналі ейную еўрапейскую перспектыву.

Аб Беларусі ў сваёй прамове фон дэр Ляен згадала толькі адзін раз: казала, краіны Еўразвязу хутка і супольна адказалі на гібрыдную атаку Беларусі супраць сябе. Гэтай фразай – «гібрыдная атака» – дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Еўразвязе называюць з 2021 года і пачатку штучна створанага міграцыйнага крызісу.

Ды гэта не значыць, што ў Еўрапарламенце не гучала тэма Беларусі. У той жа дзень у той жа залі выступала Святлана Ціханоўская – і яе там віталі авацыямі стоячы. Яна казала, што ў Беларусі ідзе «ціхая вайна» і што краіну ператвараюць у «чарговую рабскую расейскую калонію», а беларусы тым часам хочуць «вярнуцца дамоў, вярнуцца ў Еўропу».

Hавiны
Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце: Еўрапейскі Звяз – нашая галоўная мэта
2023.09.13 17:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў