Пры ўзыходжанні на Эльбрус загінуў кіраўнік тэхнічнага камітэту Беларускай федэрацыі баскетбола


У Расеі, пры ўзыходжанні на Эльбрус, 12 верасня загінуў беларускі турыст. Ён сарваўся з вышыні 5400 метраў, паведамляе МНС Расеі па Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы. Пазней высветлілася, што загінулы – кіраўнік тэхнічнага камітэту Беларускай федэрацыі баскетбола і кіраўнік апякунскага савету «Дынама-Джуніверс» Мікалай Ермашоў. Сёння, 13 верасня, яму споўнілася б 40 гадоў.

Загінулы Мікалай Ермашоў.
Фота: belarus.basketball

 

«12 верасня ў 13:15 паступіла паведамленне аб тым, што на гары Эльбрус 40-гадовы турыст з Беларусі сарваўся на вышыні 5400 метраў. Ад атрыманых траўмаў ён сканаў на месцы», – паведамляе ведамства.

У МНС таксама адзначылі, што альпініст уздымаўся на Эльбрус у складзе незарэгістраванай групы, як мяркуецца, з 9 чалавек. А 20:00 ратавальнікі эвакуявалі цела загінулага турыста і перадалі следча-аператыўнай групе праваахоўных органаў.

«Мікалай заўсёды захапляўся хакеем, наведваў матчы «Дынама» і перажываў за вынікі каманд ва ўсёй клубнай структуры, таксама ўнёс вялікі ўклад у поспех і развіццё нашай школы, якая дзякуючы яму змагла выхаваць новых зорак беларускага хакея», – сказана ў тэлеграм-канале ХК «Дынама-Менск».

Эльбрус – самая высокая горная вяршыня Расеі, якая ўключана ў спіс найвышэйшых вяршыняў свету «Сем вяршыняў». Яе вышыня складае 5642 метры, а беларус сарваўся з вышыні 5400 метраў – ён практычна дайшоў да мэты. Што стала прычынай падзення, не паведамляецца, але паводле статыстыкі 70 % загінулых на Эльбрусе робяцца ахвярамі дэзарыентацыі ва ўмовах дрэннай бачнасці.

У ліпені ў польскіх Татрах загінуў 22-гадовы маладзён з Беларусі – Дзмітрый Краўцоў. Ён адзін адправіўся ў горы, у найвышэйшы пункт Карпатаў, які месціцца ў Польшчы і Славаччыне, і не вярнуўся ў месца пражывання.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў