Літва плануе мадэрнізаваць грамадзянскую абарону. Сярод сцэнароў – катастрофа на БелАЭС


Грамадзянская абарона – у занядбаным стане і не ўлічвае ваеннай пагрозы, прызнае міністарка ўнутраных справаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні, звязаныя з пагрозаю магчымай аварыі на беларускай АЭС. Віленскі рэгіён, Літва. 22 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Міністэрства абароны Літвы падрыхтавала Канцэпцыю ўмацавання грамадзянскай бяспекі да 2030 года. Плануюць умацаваць здольнасць сістэмы грамадзянскай абароны дзеяць у крызісных і надзвычайных сітуацыях, а таксама ў ваенных умовах.

Міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце расказала, што сфера грамадзянскай абароны «была занядбаная цягам гадоў, таму неабходна яе фундаментальна мадэрнізаваць, асабліва ва ўмовах цяперашняй геапалітычнай напружанасці ў рэгіёне». Да таго ж, сістэма рыхтавалася толькі да лакальных надзвычайных сітуацыяў, але не да ваенных пагрозаў.

Большасць установаў Літвы цяпер не мае планаў і сродкаў для ліквідацыі надзвычайных сітуацыяў. У Літве выявілі нават недастатковую колькасць сірэнаў: яны могуць папярэдзіць толькі 54 % насельніцтва, іх колькасць трэба падвоіць. Толькі 67 % літоўцаў атрымалі тэставыя папярэджанні на мабільныя тэлефоны. У выпадку надзвычайнай сітуацыі сховішчаў хапіла б толькі на 18 % насельніцтва Літвы.

Сярод прыярытэтаў канцэпцыі – навучанне, апавяшчэнне насельніцтва, развіццё эвакуацыйных сілаў, а таксама рыхтаванне да радыяцыйнай катастрофы на Астравецкай атамнай электрастанцыі. БелАЭС месціцца за 21 км ад мяжы з Літвой і за 40 км ад літоўскай сталіцы, у чэрвені на Віленшчыне ўжо ладзілі вучэнні на выпадак аварыі.

На рыхтаванне да магчымай аварыі Літва вылучыла сёлета 17,75 млн еўраў, а за пяць гадоў сума мае вырасці да 91,5 млн еўраў. Агулам на ўсю канцэпцыю да 2030 года трэба вылучыць каля 200 млн еўраў.

Hавiны
На БелАЭС ніяк не могуць вярнуць да працы першы энергаблок
2022.08.20 13:29

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў