На цырымоніі развітання чакаюць каля 500 высокапастаўленых палітыкаў з усяго свету. За выключэннем трох краінаў.
Каралеву Вялікай Брытаніі Элізабэт ІІ пахаваюць 19 верасня. Прадстаўнікоў Расеі, Беларусі і М’янмы не запрасілі на пахаванне, заўважаюць у Бі-Бі-Сі. Пры гэтым Іран будзе рэпрэзентаваны на ўзроўні амбасадараў, хоць Аб’яднанае Каралеўства ўвяло мноства санкцыяў супраць Ірану за парушэнні правоў чалавека.
Каралева Элізабэт ІІ памерла 8 верасня ў веку 96 гадоў. У Вялікай Брытаніі пачалася 10-дзённая жалоба. Сын Элізабэт ІІ, 73-гадовы прынц Чарлз, аўтаматычна стаўся каралём. Ён узышоў на пасад пад імем Чарлза III. 10 верасня ў Лондане адбылася цырымонія афіцыйнага абвяшчэння Чарлза каралём Вялікай Брытаніі. Каранацыя адбудзецца праз некалькі месяцаў.
Увечары 13 верасня труну з целам Элізабэт ІІ даставяць у Бакінгэмскі палац у Лондане, 14 верасня яе перанясуць ва Ўэстмінстэрскі палац, дзе яна прабудзе да дня пахавання. На развітанне з каралевай ужо мінулаю ноччу сабралася чарга.
Уладзімір Пуцін быў першым кіраўніком дзяржавы, які павіншаваў Чарлза ІІІ з узыходам на трон, што асабліва адзначалі расейскія дзяржаўныя медыі. Але на пахаванне Элізабэт ІІ ён не збіраўся: яшчэ 9 верасня прэс-сакратар прэзідэнта Расеі сказаў, што «такі варыянт не разглядаецца». Аляксандр Лукашэнка выражаў спачуванні Чарлзу ІІІ у паведамленні прэс-службы. Лукашэнка і Пуцін збіраюцца сустрэцца на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы ў Самаркандзе 15–16 верасня.
Алесь Наваборскі belsat.eu