Затрыманне беларускага ўцекача ў Польшчы, чарговае расследаванне «BYPOL». Галоўнае за 13 верасня


Пратэсты і палітычны крызіс у Беларусі працягваюцца з 9 жніўня мінулага году. «Белсат» падводзіць вынікі 13 верасня.

Арышт і вызваленне беларускага ўцекача ў Польшчы

Увечары 12 верасня ў Польшчы быў затрыманы грамадзянін Беларусі Макар Малахоўскі. Пра гэта паведаміў у Facebook кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. Бліжэй да вечара 13 верасня стала вядома, што Макара Малахоўскага вызвалілі з польскай пракуратуры.

Макар Малахоўскі.
Фота: Цэнтр Беларускай Салідарнасці / Centrum Białoruskiej Solidarności / Forum

«Гэта вельмі дрэнная сітуацыя, я не чакаў, што гэта можа адбыцца тут, у Польшчы. Добра, што гэта добра скончылася. Яшчэ не скончылася. Адвакат кажа, што Беларусь будзе прысылаць запыты, хутчэй за ўсё будзе суд. Дзе будуць вырашаць, выдаваць мяне ці не. Трэба быць пастаянна на сувязі. І інфармаваць аб месцы жыхарства», – падзяліўся ўражаннямі Макарый Малахоўскі.

Аб’ектыў
Затрыманага ў польскім Пясэчне Макарыя Малахоўскага, выпусцілі
2021.09.13 23:15

Новыя абвінавачванні палітзняволенай

У Менгарсудзе разглядалі скаргу на працягванне тэрміну ўтрымання пад вартай палітзняволенай Вольгі Залатар. З гэтага паседжання праваабаронцы даведаліся, што Вольгу абвінавачваюць не толькі паводле арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»), але яе таксама абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 КК («Арганізацыя і навучанне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч.6 арт. 16 ч.1 арт.342 КК («Пасобніцтва да арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак»).

Вольга Залатар. Фота са старонкі ў Фэйсбуку

Вольгу Залатар, маці пяцярых дзяцей затрымалі 18 сакавіка працаўнікі ГУБАЗіК. Яна за кратамі амаль 6 месяцаў.

Артыкулы
Палітзняволенай Вользе Залатар прад’явілі яшчэ два абвінавачванні
2021.09.13 17:48

Чарговае блакаванне медыяў

Мінінфармацыі заблакавала сайт «Беларускі партызан». Карыстальнікам з Беларусі дэманструецца надпіс «Доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі». Таксама перасталі адкрывацца сайты магілёўскага выдання 6tv.by і агрэгатару freesmi.by.

Hавiны
У Беларусі заблакавалі «Беларускі партызан» і яшчэ два сайты медыяў
2021.09.13 16:01

Баскава выключылі з Савету КХЛ

13 верасня Агульны сход удзельнікаў ТАА «Кантынентальная хакейная ліга» абраў новы склад Савету дырэктараў КХЛ на сезон 2021/2022. У яго не ўвайшоў былы кіраўнік Федэрацыі хакею Беларусі і старшыня назіральнага савету менскага «Дынама» Дзмітрый Баскаў.

Мікалай Лукашэнка і Дзмітрый Баскаў. Скрыншот з эфіру «Беларусь 5», крыніца – pressball.by

Замест Баскава ў савеце КХЛ будзе генеральны дырэктар ЗАТ «Хакейны клуб «Дынама» (Менск) Сяргей Сушко.

Hавiны
Дзмітрыя Баскава выключылі са складу Савету КХЛ
2021.09.13 13:45

Як ГУБАЗіК ладзіць аперацыі «адплаты»

Арганізацыя апазіцыйных беларускіх сілавікоў «BYPOL» апублікавала новае расследаванне адносна дзейнасці ГУБАЗіК. Матэрыяламі для расследавання сталі аўдыязапісы, атрыманыя кібер-партызанамі.

У прыватнасці, распавядаецца, як ладзіліся, згодна з тэрміналогіі ГУБАЗіКа, «вайсковыя аперацыі» і «аперацыі адплаты» супраць меркаваных удзельнікаў мірных пратэстаў у Новай Баравой і Дзяржынску напярэдадні Дня Волі 2021 года.

Паводле апублікаванай размовы начальніка крымінальнай міліцыі УУС Менскай вобласці Аляксандра Копішава і ягонага намесніка Ігара Качалава, была пастаўленая задача, каб «да 25 сакавіка была зусім цішыня». Непасрэдна кіраваў карнымі акцыямі, паводле «BYPOL», прадстаўнік ГУБАЗіКу палкоўнік міліцыі Аляксандр Алекса, які каардынаваў правядзенне аперацыі і асабіста катаваў затрыманых.

Hавiны
«Каманда праганяць праз ІЧУ». BYPOL распавёў, як ГУБАЗіК ладзіць аперацыі «адплаты» супраць мірных пратэстоўцаў
2021.09.13 09:50

За «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы асудзілі мужа і жонку

Міліцыянты Ленінскага РУУС сталіцы склалі пяты пратакол паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць») у дачыненні да Сяргея Крупеніча і Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай. Сілавікі ўгледзелі, што муж і жонка перасылалі ў прыватных паведамленнях адзін адному інфармацыю з «экстрэмісцкіх каналаў».

10 верасня суддзя Юлія Шут прысудзіла Сяргею чарговыя 15 содняў арышту, Анастасіі такі ж тэрмін суддзя прызначыла 13 верасня. Агулам Сяргею і Анастасіі прысудзілі 71 дзень адміністратыўнага арышту.

Hавiны
За «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы мужу і жонцы пяты раз запар прысудзілі адміністратыўны арышт
2021.09.13 21:15

Тэлевядоўца з ЗША прадае плюшавых мядзведзікаў у падтрымку Беларусі

На амерыканскім платным канале HBO расказалі пра сітуацыю ў Беларусі – ёй быў прысвечаны 20-хвілінны эпізод перадачы «Last Week Tonight» з вядоўцам Джонам Оліверам. Відэа апублікавалі на Youtube 13 верасня, паказалі амерыканскім гледачам вечарам 12-га.

Джон Олівер абвясціў, што будзе прадаваць плюшавых мядзведзікаў у падтрымку Беларусі. На сайце Belarusbearforce.com сапраўды можна замовіць за 20 долараў плюшавага мядзведзіка ў цішотцы з малюнкам, на якім дзве бульбіны і морква складаюцца ў штосьці, што, лічыць Олівер, могуць палічыць непрыстойным. Усе выручаныя грошы абяцаюць аддаць арганізацыям, якія змагаюцца за свабоду прэсы і правы чалавека ў Беларусі. Гэтую акцыю ладзяць у партнёрстве з дабрачыннай платформай «GlobalGiving». Партыя абмежаваная, мядзведзікаў толькі 10 тысяч.

Артыкулы
Папулярны амерыканскі тэлевядоўца стаў прадаваць плюшавых мядзведзікаў у падтрымку Беларусі
2021.09.13 15:58

Новы сезон на «Белсаце»

У ліпені ўлады Беларусі прызналі прадукцыю і сацыяльныя сеткі «Белсату» экстрэмісцкімі, тым самым прыраўняўшы нас да злачынцаў. Нягледзячы на гэта, мы працягваем працаваць і пачынаем новы сезон, бо ўпэўненыя: журналістыка – гэта не злачынства.

З панядзелка да пятніцы а 16:00, 17:00 і 18:00 пяціхвілінныя падсумаванні актуальных навінаў знойдзеце на YouTube-канале «Белсат Now».

А 20:00 у будні ў «Студыі «Белсат» вы пабачыце абмеркаванне галоўных падзеяў дня. У нядзелі а 21:00 на праграму «Тыдзень» запрашаюць Ігар Кулей і Сяргей Падсасонны. Аналіз галоўных падзеяў тыдня, эксклюзіўныя размовы і аналітыка – у эфіры ды на YouTube-канале «Белсат News». Не прапусціце!

А 21:00 у наўпроставым эфіры, а таксама на YouTube-канале «Белсат News» глядзіце галоўнае выданне навінаў «Аб’ектыў».

Пасля «Аб’ектыву» запрашаем далучыцца да прагляду публіцыстычнай праграмы «Размова».

Каментары, аналітыка і дыскусіі з удзелам выбітных журналістаў, публіцыстаў ды блогераў пабачыце ў праграме «Без акрэдытацыі». Штопятніцу а 21:30.

Артыкулы
«Злачынствам было б гэтага не рабіць!» Не зважаючы на пераслед, «Белсат» пачынае новы сезон
2021.09.13 12:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў