Наступствы санкцыяў? Банкі паведамляюць аб праблемах з плацяжамі праз SWIFT


Альфа-Банк. Менск, Беларусь, 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Кліенты беларускіх банкаў скардзяцца на праблемы з міжнароднымі плацяжамі – на іхныя рахункі не прыходзяць грошы з-за мяжы. Таксама паведамляецца і пра складанасці з разлікамі пластыкавымі карткамі замежных банкаў. Запыталіся ў эксперта, з чым гэта можа быць звязана.

Нацыянальны банк Беларусі паведамленняў аб праблемах у аперацыях з замежнымі банкамі пакуль не каментуе, аднак вядома, што з імі ўжо сутыкнуліся кліенты «БСБ Банку», «Банку Дабрабыт», «БПС-Сбербанку», «Банку БелВЭБ», «Беларусбанку», «Белаграпрамбанку», «Прыёрбанку» і «Альфа-Банку». Прэсавая служба апошняга ў каментарыі «Sputnik.by» пацвердзіла інфармацыю аб праблемах:

«Апошнім часам з адзінкавымі аперацыямі, якія ажыццяўляюцца пры дапамозе SWIFT (міжнародная сістэма плацяжоў), узнікаюць складанасці».

Галоўны офіс Беларусбанка. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

У банку мяркуюць, што цяперашнія праблемы з міжнароднымі пераводамі могуць быць вынікам чарговых санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Верагодна, што банкі-пасярэднікі за мяжою, праз якія здзяйсняюцца пераводы, пакуль не выпрацавалі ўнутраных правілаў працы з пераводамі ў Беларусь і з Беларусі:

«Як толькі банкі-партнёры выпрацуюць рэгламенты ўзаемадзеяння, праблема развяжацца. Праўда, на гэта можа спатрэбіцца некалькі месяцаў», – дадаюць у «Альфа-Банку».

Што кажуць кліенты беларускіх банкаў

Таксама пачала з’яўляцца інфармацыя і аб праблемах у разліках пластыкавымі карткамі замежных банкаў на тэрыторыі нашай краіны:

Не прайшоў перавод з Расеі на карту «Альфа» банку, паведаміў belsat.eu Міхаіл. «Спачатку спрабавалі з карткі МИР выслаць грошы, пасля са «Сбера», абодва варыянты не прайшлі».

Вольга: «Добры дзень. Жыву не ў РБ, пару дзён таму спрабавала выслаць грошы стрыечнаму брату праз вестэрн і плацёж не прынялі. Спрабавала праз банкаўскую картку і праз Revolut – не прайшло. Піша код памылкі, не памятаю які».

«У мяне картка польскага банку, якой я карыстаюся ўжо некалькі гадоў. Але ўчора сутыкнуўся з такой праблемаю, што ў асобных месцах я проста не магу ёй разлічыцца. Некалькі разоў аперацыя не праходзіла, і на чэку пісалася: «Адмоўлена. Няма дазволу», хоць на балансе ёсць грошы, і з банкамату я без праблемаў змог зняць патрэбную суму. Раней ніколі з падобнай сітуацыяй не сутыкаўся, і прадаўцы, з якімі я спрабаваў разлічыцца, таксама былі вельмі здзіўленыя», – паведамляе адзін з чытачоў Belsat.eu.

На практыцы санкцыі могуць трактаваць пашырана

Адмыслоўцы маюць сваё бачанне гэтай праблемы.

– Наступствы еўрапейскіх санкцыяў адносяцца да банкаўскага сектару, – распавёў эксперт у банкаўскай сферы на ўмовах ананімнасці. – На першы погляд, там нічога страшнага: пералічаныя тры дзяржаўныя банкі – «Беларусбанк», «Белінвестбанк» і «Белаграпрамбанк». У санкцыйных абмежаваннях гаворыцца: гэтым банкам нельга даваць крэдыты больш як на 90 дзён, нельга ў іх набываць аблігацыі больш чым на 90 дзён.

На першы погляд, гэта выглядае смешным, бо яшчэ са жніўня мінулага года з гэтымі банкамі і так ніхто не меў справаў. Але на практыцы санкцыі могуць трактаваць пашырана. У кожным банку ёсць аддзел compliance, які сочыць за тым, каб банк выпадкова не залез у аперацыі, звязаныя з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. Як гэта выглядае на практыцы: любы кліент аднаго з гэтых банкаў адпраўляе плацеж у якую-небудзь еўрапейскую краіну. Грошы выходзяць з банку, трапляюць у банк-рэспандэнт і потым прыходзяць у банк атрымальніка. І ў банку-рэспандэнта, і ў банку-атрымальніка ў гэтым аддзеле compliance на камп’ютары, груба кажучы, загараецца чырвоная лямпачка.

Белінвестбанк. Менск, Беларусь, 5 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Яшчэ раз: пераводзіць грошы ніхто не забараніў, але лямпачка загарэлася, і плацеж трэба апрацаваць. А што гэта за банк? А што гэта за кліент? Давайце зробім запыт дадатковых дакументаў і высветлім, ці няма тут нядобрага пераводу. Плацеж могуць прыпыніць на фактычна неабмежаваную колькасць часу. Тое ж самае можа адбыцца, калі які-небудзь плацельшчык з Еўропы захоча перавесці грошы ў адзін з гэтых трох дзяржаўных банкаў.

– Нават на рахунак фізічнай асобы?

– Нават на рахунак фізасобы. Калі банк-адпраўнік, напрыклад, прапусціў плацеж, то грошы могуць спыніцца ў банку-карэспандэнце. На практыцы гэта можа зацягнуцца на паўгода. Дарэчы, калі плацеж не прапусціў банк-карэспандэнт, то фактычна грошы сышлі ад плацельшчыка і завіслі. Гэта не значыць, што так абавязкова будзе з любымі выплатамі, але банкі могуць перастрахоўвацца. Бо калі банк выпадкова прапусціць нейкі нядобры плацеж, то да яго потым ужывуць вялікія штрафы. Гэта адносіцца да ўсіх валютаў у ЕЗ – і еўра, і чэшскіх кронаў, і польскіх злотых.

– То бок беларусы, якія працуюць на еўрапейскія фірмы, атрымліваюць ад іх заробкі і ёсць кліентамі аднаго з гэтых трох банкаў, трапілі ў пастку?

– Так, цалкам могуць быць такія страшныя сюрпрызы.

– А калі расплачвацца ў Еўропе карткамі «Беларусбанку», «Белінвестбанку» і «Белаграпрамбанку», таксама могуць узнікнуць складанасці?

– Так. З тэксту санкцыяў наўпроставай забароны на разлікі гэтымі карткамі ў Еўропе няма, але праз хітрую сістэму бяспекі можа быць такая рызыка, пачынаючы ад нейкіх часовых збояў у разліках, да немагчымасці разлікаў. Прычым у розных крамах можа быць эквайрынг ад розных еўрапейскіх банкаў – і тады ў адной з крамаў вы зможаце расплаціцца карткай «Беларусбанку», а ў іншай – не. Аналагічна і па еўрапейскіх картках, якімі разлічваюцца ў беларускіх крамах. Калі ў краме ўсталяваны тэрмінал аднаго з гэтых трох дзяржбанкаў, а вы вырашылі расплаціцца еўрапейскаю карткай, то даволі верагодна, што вы не зможаце гэта зрабіць.

  • ЗША, Канада і Вялікая Брытанія 9 жніўня пашырылі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Гэтае рашэнне было прымеркаванае да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў.
Hавiны
Літва спыніць транзіт беларускага калію са снежня
2021.08.12 10:59
Hавiны
Буракі і морква ў Беларусі падаражэлі ў разы. Ці здолеюць чыноўнікі стрымаць кошты?
2021.08.12 09:38

ВК belsat.eu

Стужка навінаў