Даследчыкі з Нямеччыны і Расеі пацвердзілі, што за пастаўкамі мігрантаў стаяць улады Беларусі


Мігранты, якіх польскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю. 9 жніўня 2021 года.
Фота: strazgraniczna.pl

Расейскі цэнтр «Досье» супольна з нямецкім выданнем «Der Spiegel» высветлілі, што ўлады Беларусі сапраўды стаялі ля вытокаў мігранцкага крызісу і праз беларускую дзяржаўную кампанію дапамагалі мігрантам з Іраку трапіць у Літву і іншыя краіны Еўразвязу.

На думку даследчыкаў, «у адказ на пагаршэнне стасункаў з Еўропай улады Беларусі, мяркуючы з усяго, вырашылі выкарыстаць паток мігрантаў для шантажу еўрапейскіх краінаў». Як вынік, з траўня 2021 года колькасць рэгулярных рэйсаў з Іраку ў Беларусь стала рэзка расці. Авіякампанія «Iraqi Airways», якая лётае з Багдаду ў Менск, павялічыла колькасць пералётаў з чатырох да пяці на тыдзень і адкрыла новыя рэйсы з трох іракскіх гарадоў. У дадатак лятаць у Беларусь пачаў перавозчык «Fly Baghdad».

Паводле даследавання, адной з фірмаў, што каардынуюць паток нелегальных мігрантаў, стала дзяржаўная турыстычная кампанія «Цэнтркурорт», якая ўваходзіць у структуру Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі. Гэтак, кампанія на пачатку траўня падпісала дамову аб супрацы «ў развіцці міжнароднага турызму паміж краінамі арабскага свету і Рэспублікай Беларусь» з беларускай турыстычнай кампаніяй «Оскартур», якую ўзначальвае Салах Мухэймэн Аль-Асадзі.

Неўзабаве «Оскартур» стаў даваць справаздачу перад «ЦэнтрКурорт» аб кантактах з авіякампаніяй «Fly Baghdad», якая праз некалькі тыдняў запусціла рэгулярныя рэйсы ў Менск. Таксама «Оскартур» прасіў «Цэнтркурорт» дапамагчы атрымаць візы 51 грамадзяніну Іраку. Агулам праз «Цэнтркурорт» прайшло больш за 200 заявак на візы для іракскіх грамадзянаў. Мэтай прыезду амаль усіх «турыстаў», у тым ліку дзяцей, было паказанае «правядзенне паляўнічага туру ў паляўнічых гаспадарках» менскай раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Hавiны
«Вы што там, ачумелі?» Што трэба ведаць пра выбуховы рост незаконнай міграцыі з Беларусі
2021.06.30 19:40

У некаторых заяўках на візы таксама ўказваліся папулярныя сярод іракскіх «падарожнікаў» гасцініцы «Менск» і «Беларусь». У інтэрнэт-групах, прысвечаных паездцы з Іраку ў Еўропу праз Беларусь, самі іракцы пішуць, што ў гатэлях не затрымліваюцца: звычайна яны праводзяць там пару начэй, а пасля едуць да памежнага пункту «Беняконі» і спрабуюць пералезці праз паўтараметровы плот на мяжы Беларусі ды Літвы.

Таксама «Цэнтркурорт» заключыў дамову на аказанне транспартных паслуг з беларускай кампаніяй «Стройтур», якая прапаноўвае арэнду аўтобусаў з кіроўцамі. Прынамсі тройчы гэтая фірма выстаўляла «ЦэнтрКурорту» рахункі за аказанне транспартных паслуг паміж Менскам і аэрапортам. Той жа «Стройтур» забраняваў для шасці грамадзянаў Іраку нумары ў гатэлі «Юбілейны».

Практычна ва ўсіх запытах на візы для іракцаў згадваюцца дзве кантактныя асобы з «Цэнтркурорту» і «Оскартуру». У каментары «Der Spiegel» адзін з супрацоўнікаў «Цэнтркурорту» заявіў, што кампанія дапамагла атрымаць візы сотням грамадзянаў Іраку. У зоне прылёту «турыстаў» чакалі замоўленыя «ЦэнтрКурортам» аўтобусы, якія развозілі іх у гатэлі ў цэнтры Менску.

Глабальнае пытанне
Аперацыя «Шлюз»: як клан Лукашэнкаў зарабляе на мігрантах
2021.07.07 11:11

Нагадаем, што пра датычнасць «Цэнтркурорту» ўжо паведамлялася раней, у тым ліку ў расследаваннях «Белсату».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў