Беларусы дыяспары падтрымліваюць сваю культуру. Купалле. Брэмэн


На выходных беларусы нямецкага Брэмэну запрасілі гасцей на свята. Атрымалася першая сустрэча беларусаў усёй паўночнай Нямеччыны: прыехалі з Гановэру, Любэку, Гамбургу. Трапілі на брэмэнскае Купалле і беларусы з Мюнхену ды Берліну, былі замежныя госці з Іспаніі, дый нават з Токіа! Былі ўкраінцы, якія спявалі нашыя песні. Завітала і вялікая колькасць брэмэнцаў: немцы і палякі з цікавасцю распытвалі пра нашае старажытнае свята ў гонар летняга сонцавароту і разам з беларусамі ўдзельнічалі ў майстар-класах.

Беларуская дыяспара ў Брэмэне святкуе Купалле. Брэмэн, Нямеччына.
Фота: удзельнікі свята

Дык як жа святкавалі Купалле нашыя далёкія продкі? Якія песні спявалі? Якія стравы гатавалі? Як супрацьдзеялі разгулу нячысцікаў? Пра розныя адметнасці купальскага абраду распавяла Вераніка Круглова, якая прыехала з Берліну.

Двойчы рок-князёўна Беларусі, а да таго – уладальніца вялікай Рок-кароны з гуртом «Kriwi», Вераніка не толькі заспявала з беларусамі Брэмэну старадаўнія песні, але і зладзіла музычна-тэрапеўтычны майстар-клас: спачатку былі вакальныя практыкаванні, вольны рух, інтуіцыйны танец – і ўрэшце спевы ды абавязковыя на Купалле карагоды. Далей быў майстар-клас традыцыйных беларускіх танцаў ад філолага Марыны і фізіка Андрэя.

Моладзь, дзеці, дарослыя – усе разам плялі вянкі, пускалі іх з песнямі на ваду. Вогнішча – як патрабуе сучасная бяспека і дазваляе старажытнае павер’е – замянілі крапівою са стужкамі чырвонага колеру.

Мастачка Адэля Рэут рыхтавалася апавядаць пра беларускія народныя арнаменты і сімвалы, надрукавала ўлёткі пра іх значэнне на некалькіх мовах. Але нічога тлумачыць не спатрэбіліся: і беларусы рознага ўзросту, і палякі ўсё ведалі. Яны выбіралі сабе сімвалы-абярэгі – дабрабыт, энергія, жыццё – а мастачка варажыла-малявала на тварах і руках.

Пазней Адэля сказала, што моцна адчувалася, як пры маляванні абярэгаў нязвыклая энергія перацякала адно ад аднаго, калі малявала на твары – нібыта токам біла.

Ірына Кашталян вучыць рабіць лялькі-матанкі. Купалле. Брэмэн, Нямеччына. 8 ліпеня 2023 года.
Фота: удзельнікі свята

Удзельнік свята Раман, этнограф з Беларусі, патлумачыў, што за апошнія 15 гадоў на Беларусі вельмі развілася цікавасць людзей да старадаўняй культуры, яна сталася іхнаю часткаю. Бачаць этнографы і моцныя перапляценні нашых традыцыяў з традыцыямі суседзяў. Хаця даследаванняў за межамі Беларусі непараўнальна больш. Наперадзе вялікая праца.

Гісторык Ірына Кашталян і выкладчыца дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Вольга Сакалоўская вучылі рабіць абярэжныя лялькі-матанкі. Не хочацца называць майстар-класам гэтую сяброўскую цёплую рукатворчасць беларусак, немак, полек. А створаныя «дзесяціручкі» і «падарожніцы» пайшлі на памяць пра беларускае Купалле ў дамы жыхароў Брэмэну.

Двойчы рок-князёўна Беларусі Вераніка Круглова вядзе «ручаёк».
Фота: удзельнікі свята

Кацярына – адна з арганізатарак свята – падкрэслівае адметнасць гэтага купальскага спаткання беларусаў: яно стала для супольнасці першай не палітычнай падзеяй. Аб’яднала беларусаў гэтым разам менавіта культура.

Вераніка Круглова, якая бывае на шмат якіх беларускіх імпрэзах ва ўсёй Нямеччыне, адзначыла цудоўную атмасферу ў Брэмэне:

«Было адчуванне, што сабраліся блізкія людзі. Увесь настрой быў сяброўскі, прыемны, ніводнай дысанансавай дробязі. Беларусы тут як адна сям’я. І як жа важна ідэнтыфікаваць сябе беларусам праз людзей, з якімі ўзаемадзееш на такіх мерапрыемствах! Мой самы галоўны тэзіс – неабходна праз сваю творчасць паказваць свету пласт унікальнай культуры Беларусі!»

Абярэгі. Беларускае Купалле ў Брэмэне. Брэмэн, Нямеччына. 8 ліпеня 2023 года.
Фота: удзельнікі свята

Творчасць жа мела на Купаллі ў Брэмэне розныя абліччы: гэта і гатаванне страваў на супольны пікнік, і шыццё ды рэканструкцыя старадаўніх народных строяў, іх гафтаванне, вышукванне аўтэнтычных дэталяў убору, гэта і музыка – народная і сучасная, спевы, танцы, скокі. Без перабольшання – радасць ад супольнага перажывання самых нязвыклых пачуццяў моцна аб’яднала ўдзельнікаў, новыя знаёмствы сталі блізкімі. А якія цудоўныя нашыя дзеці! Дзеля гэткай іхнай шчырай волі, радасці не шкада ніякіх высілкаў.

І беларусы Брэмэну, якія вылучыліся з расейскамоўных жыхароў вольнага ганзейскага гораду ў жніўні 2020 года ды самі здзівіліся, як шмат іх аказалася, не збіраюцца спыняцца на адным Купаллі. Яны адныя з першых у Нямеччыне выйшлі на галоўны пляц свайго гораду –  федэральнай зямлі і звярнулі ўвагу ўплывовых палітыкаў ды еўрадэпутатаў на рэвалюцыю ў Беларусі. Стварылі разам з немцамі брэмэнскі Камітэт салідарнасці з Беларуссю, а пазней увайшлі ў склад агульнанямецкага аб’яднання беларусаў «Razam». Яны сустрэлі і падтрымалі ўцекачоў ад рэпрэсіяў. Потым ужо ўсе разам, у плыні шматнацыянальнай супольнасці, дапамагалі ўцекачам-украінцам і адпраўлялі неабходныя рэчы на вайну.

Бліны-ладачкі. Купальскія пачастункі.
Фота: удзельнікі свята

Брэмэнскія беларусы ішлі на свята ў вышываных белых і чырвоных уборах – і здалёк пазнавалі сваіх. Пасля гэтага спякотнага Купалля задумаліся ўжо пра зімовыя традыцыі, Вераніка гатовая шаманіць у Брэмэне і на Каляды.

Так, культура і творчасць маюць безліч абліччаў. І праз культуру, супольныя коды якой пазнаюцца без словаў з першага позірку, лягчэй за ўсё паказаць сябе свету. Як гэта і задумвалі беларускія брэмэнкі: паказаць немцам, што беларусы – адэкватныя еўрапейскія людзі.

Артыкулы
Беларусы Нямеччыны: Спадзяёмся нашымі праектамі і сувязямі даць беларусам удома магчымасць не здавацца
2021.05.13 09:10

Каб трымацца разам, а таксама знаёміць са сваёй культураю мясцовых жыхароў, беларусы задумалі стварыць у Брэмэне Беларускі дом. Падрабязнасцяў пакуль не скажу – каб не сурочыць – але яны маюць быць у найбліжэйшы час. Скрыжуйце пальцы на поспех, калі ласка!

Беларусы святкуюць Купалле ў Брэмэне. Брэмэн, Нямеччына. 8 ліпеня 2023 года.
Фота: удзельнікі свята
Беларусы святкуюць Купалле ў Брэмэне. Брэмэн, Нямеччына. 8 ліпеня 2023 года.
Фота: удзельнікі свята

Беларусы Брэмэну дзякуюць за дапамогу ў арганізацыі Купалля агульнанямецкаму аб’яднанню беларусаў «Razam» – Belarusische Gemeinschaft Razam e.V.

Іна Рэут belsat.eu

Стужка навінаў