Улады Беларусі не спыняцца, пакуль не знясуць усіх «польскіх» помнікаў? Рэч не толькі ў Арміі Краёвай


Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі вакол помнікаў жаўнерам Арміі Краёвай – гэта зусім не пра мінуўшчыну, гэта пра сённяшняе. Нездарма знішчэнне фактычна прымеркавалі да 11 ліпеня. І гаворка не пра гадавіну кульмінацыі Валынскай разні, а пра Дзень вызвалення Беларусі ад белапалякаў. Менавіта такое галоўнае свята было ў БССР да Другой сусветнай вайны.

11 ліпеня на сайце дзяржаўнай газеты «Звязда» выйшаў матэрыял «11 ліпеня 1920 года Менск быў вызвалены ад польскіх захопнікаў. Што нам трэба ведаць пра адну нядоўгую вайну». У артыкуле рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнту Вячаслаў Даніловіч піша, як Польшча падставіла Вялікае Княства Літоўскае, каб загнаць яго ў унію, бо «польскія кіроўныя эліты яшчэ з часоў Сярэднявечча мелі захопніцкія намеры ў адносінах да суседзяў на ўсходзе – тэрыторый сённяшніх Беларусі і Украіны». Выказваўся Даніловіч і пра «нацыяналістычныя памкненні» Польшчы, якую пасля развалу Расейскай імперыі Захад выкарыстаў у якасці «тарана супраць Савецкай Расеі». І ў гэтым сэнсе больш істотны дадатак Даніловіча, што і сённяшняя Польшча застаецца такім «таранам».

Так выглядаў мемарыял салдатам Арміі Краёвай у Мікулішках да зносу. Фота: Роберт Тышкевіч / Facebook
Цяперашні стан мемарыялу салдатам Арміі Краёвай у Мікулішках. Фота: Роберт Тышкевіч / Facebook
Цяперашні стан мемарыялу салдатам Арміі Краёвай у Мікулішках. Фота: Роберт Тышкевіч / Facebook

 

Мемарыял салдатам Арміі Краёвай у Мікулішках да зносу і пасля. Фота: Роберт Тышкевіч / Facebook

Такія заявы выглядаюць падсумаваннем таго, што менавіта да 11 ліпеня прымеркаваны знос шмат якіх помнікаў жаўнерам Арміі Краёвай. Аднак на гэтым рэжым Лукашэнкі не спыніцца, бо антыпольскасць, як і ў час ранняга БССР, цяпер кладзецца ў аснову ідэалогіі. Той ідэалогіі, якой рэжым так і не здолеў выпрацаваць за амаль 30 гадоў існавання. Цяпер намагаецца нагнаць страчанае, бо лічыць гэта неабходным падмуркам для свайго выжывання.

Таму помнікаў Арміі Краёвай да 17 верасня ў Беларусі можа ўвогуле не застацца. А далей, магчыма, рэжым дабярэцца і да могілак жаўнераў савецка-польскай вайны.

Адкуль вытокі таго, што адбываецца з помнікамі Арміі Краёвай у Беларусі?

Для пачатку зазірнем у падручнік «Гісторыя Беларусі. 1917–1945» (2012) за 10-ы клас пад рэдакцыяй прафесара Яўгена Новіка. Армія Краёва тут пастаўленая ў адзін шэраг з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў. І ў дачыненні АК гаворыцца: «Ахвярамі дзейнасці акаўцаў у Беларусі сталі 10 тысяч грамадзянаў БССР. У асноўным гэта былі мірныя жыхары, партызанскія сем’і, прадстаўнікі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі» (с. 145). У падручніку сцвярджаецца, што акаўцы знішчылі вёску Лукашы Заслаўскага раёну Менскай вобласці разам з жыхарамі, вёскі Турэйск і Забор’е Жалудоцкага раёну Баранавіцкай вобласці. Такім чынам, фактычна вучняў падводзяць да высновы пра тоеснасць акаўцаў і нацыстаў.

У падручніку не згадваюць, што Армія Краёва, якая афіцыйна паўстала 14 лютага 1942 года, узнікла на тэрыторыі, цалкам акупаванай нацысцкаю Нямеччынай, і сталася самаю вялікаю падпольнай арміяй у гісторыі.

Помнік жаўнерам Арміі Краёвай у Мікулішках перад знішчэннем.
Фота: glosznadniemna.pl

Пры гэтым ні слова не гаворыцца пра паспяховыя супольныя аперацыі з савецкімі партызанамі: ні пра аперацыю «Бура», ні пра аперацыю «Вострая Брама», калі АК з войскамі 3-га Беларускага фронту на чале з Чарняхоўскім у ліпені 1944 года вызвалілі Вільню. Пасля АК былі па-здрадніцку абяззброеныя, а іхнае кіраўніцтва арыштаванае. І такім чынам, ні слова пра вытокі таго антысавецкага руху, да якога вымушана перайшлі жаўнеры АК.

Як генпракурор Беларусі прыраўняў АК да нацыстаў на словах

Пасля таго як рэжым Лукашэнкі здушыў масавыя выступленні ў Беларусі, што распачаліся ў жніўні 2020 года, цалкам выявіліся пралікі ў адбудове ўласнай ідэалогіі. Гэтага не хаваў пры завядзенні справы аб генацыдзе беларускага народу генеральны пракурор Андрэй Швед: «Мы ў межах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы стабілізаваць грамадскую бяспеку паставілі пытанне: а што лягло ў аснову дзеянняў тых, хто здзяйсняе радыкальныя, экстрэмісцкія, ды і ўжо тэрарыстычныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі».

У якасці факту «рэабілітацыі палякаў, якія здзяйснялі зверскія дзеянні на тэрыторыі Беларусі пад сцягамі Арміі Краёвай» назвалі ўрачыстасці ў недзяржаўнай Польскай школе ў Берасці 28 лютага 2021 года. У выніку раскручванне гэтай справы прывяло да таго, што 12 сакавіка затрымалі дырэктарку Польскай школы Ганну Панішаву, 23 сакавіка – старшыню Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс, 25 сакавіка – журналіста і чальца рады звязу Анджэя Пачобута, кіраўніцу ваўкавыскага аддзелу СПБ Марыю Цішкоўскую і кіраўніцу лідскага аддзелу Ірэну Бярнацкую. Учынілі ператрус у сядзібе Саюзу палякаў у Горадні і ў грамадскай школе імя Стэфана Баторыя пры ім. Польскую школу закрылі.

Артыкулы
Хто такая Ірэна Бярнацкая, кіраўніца лідскага аддзялення Саюзу палякаў, якой пагражае 12 гадоў зняволення
2021.04.16 08:20

У праўладных тэлеграм-каналах ужо адкрыта пішуць, што помнікам АК не месца на беларускай зямлі. І іх, хутчэй за ўсё, зусім не стане да 17 верасня. Нагадаем, што ў чэрвені 2021 года ўвялі новае свята – Дзень народнага адзінства, прымеркаваны да далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе.

І афіцыйны Менск, які пазіцыянуе сябе найперш як спадкаемцу БССР, выкарыстоўвае вобраз паляка як ворага – такі неабходны чыннік для будаванай рэжымам Лукашэнкі ідэалогіі.

Пры гэтым у вайне з мёртвымі рэжым Лукашэнкі кіруецца і яшчэ адным, можа, не настолькі відавочным чыннікам. Але ён выдатна спрацаваў у адносінах з Украінай, і рэжым разлічваў, што тое атрымаецца і ў выпадку Польшчы. Рэч пра тое, каб за кошт мэтанакіраванага пагаршэння стасункаў з суседзямі стварыць як мага больш цяжкія ўмовы тым беларусам, якія вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед, пагрозу арышту ці проста праз нязгоду з тым, як краіна пераходзіць да таталітарызму. Аднак з Польшчаю гэта не працуе, пра што сведчыць спрашчэнне атрымання часовага жыхарства для беларусаў з гуманітарнымі візамі.

Што б ні адбывалася пры рэжыме Лукашэнкі ў Беларусі цяпер адносна «польскіх» помнікаў, прыйдзе час – і ўсе яны будуць адбудаваныя ды належна ўшанаваныя. Бо тыя ж помнікі АК – гэта частка і гісторыі беларускага народу, шмат прадстаўнікоў якога змагалася ў аддзелах Арміі Краёвай.

Аналітыка
Лукашэнка абяцаў: калі стане прэзідэнтам, палякі будуць мець столькі школаў, колькі неабходна. Гісторыя Саюзу палякаў Беларусі
2021.04.05 08:00

Барыс Булат для belsat.eu

Стужка навінаў