Сяргей Гайдай: на заводзе «Азот» у Севераданецку застаюцца 500 мірных жыхароў, 40 з іх – дзеці


На тэрыторыі заводу «Азот» у Севераданецку застаюцца каля 500 мірных жыхароў, з іх 40 – гэта дзеці. Пра гэта ў эфіры «Белсату» распавёў старшыня Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Мясцовыя ўлады з дапамогай віцэ-прэм’ера Украіны Ірыны Вэрэшчук спрабуюць дамовіцца аб гуманітарным калідоры, аднак пакуль беспаспяхова. Часам вайскоўцам удаецца кагосьці эвакуяваць, аднак абстрэлы моцна павялічваюцца. Расейскія войскі абстрэльваюць горад усё больш вялікім калібрам, што прыводзіць да вялікіх разбурэнняў.

Сяргей Гайдай расказаў, што на «Азоце» не такія моцныя і вялікія ўмацаванні, як на «Азоўсталі» у Марыупалі, таму людзей адтуль дакладна трэба вывесці. Раней яны катэгарычна адмаўляліся выязджаць.

«Расея адназначна хоча толькі аднаго – знішчэння цалкам усёй інфраструктуры, і людзей у тым ліку. Можна казаць і з нашага боку і з расейскага боку кардынальна розныя рэчы, але ёсць факты. Яны абстрэльваюць усю крытычную інфраструктуру, разбурана сістэма цэнтралізаванай дастаўкі вады, газу, электраэнергіі. Яны абстрэльваюць гуманітарныя штабы, шпіталі, руйнуюць склады з харчаваннем», – дзяліцца Гайдай.

Паводле яго слоў, калі ва ўкраінскага боку будуць узгодненыя і гарантаваныя ўмовы бяспекі для выхаду мірных людзей, якія знаходзяцца ў сховішчах, то варыянт эвакуацыі для людзей ёсць. На сённяшні дзень складзены дакладны маршрут і па гэтым маршруце Ірына Вэрэшчук спрабуе дамовіцца аб стварэнні гуманітарнага калідора. Аднак з расейскага боку зараз няма ніякіх гарантый бяспекі.

Таксама кіраўнік Луганскай АВА паведаміў аб сітуацыі з трасай Лісічанск-Бахмут, якую Расея плануе перарэзаць не першы месяц. Расейскія войскі ўжо дамагаліся сітуацыйных поспехаў, але потым украінскія войскі адсунулі іх назад. На сённяшні дзень трасу яны не кантралююць, але абстрэльваюць. Байцы на месцы бачаць усю карціну баявых дзеянняў, разумеюць, з якіх бакоў можа прыйсці пагроза і гатовы рэагаваць на гэта.

Сам горад Лісічанск кантралюецца Украінай, але гуманітарная сітуацыя дастаткова дрэнная.

«Мы кожны дзень прывозім гуманітарныя грузы ў Лісічанск, тысячы набораў: ежа, сродкі гігіены. Нам дапамагаюць валанцёры, паліцыя, вайскоўцы вывозіць людзей, хто мае жаданне эвакуювацца. Горад абстрэльваецца цяжкімі калібрамі, абстрэлы праходзяць дастаткова часта. Так, учора ў выніку абстрэлу загінула 6-гадовае дзіця», – распавёў Гайдай.

На раніцу 13 чэрвеня расейцы кантралююць большую частку Севераданецку, больш за 70%, але не ўвесь горад, як яны заяўлялі раней. Аднак эвакуацыя з гораду немагчымая, вайскоўцы могуць вывозіць толькі па пары чалавек. Падвоз гуманітарных грузаў у Севераданецк таксама немагчымы з-за абстрэлаў.

Жорсткія баі праходзяць проста за кожны дом, не проста за вуліцу, расказвае Сяргей Гайдай.

Таксама ён удакладніў, што ў раёне заводу і на ўскраіне гораду ўкраінскія вайскоўцы зрабілі дастаткова добрыя ўмацаванні і дакладна трымаюць пазіцыі, а перыядычна робяць контрнаступленне.

Hавiны
Кіраўнік украінскай паліцыі заявіў аб расследаванні смерці больш за 12 тысяч цывільных
2022.06.13 17:55

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў