Зранку 13 траўня расейскія вайскоўцы спрабуюць прарвацца на тэрыторыю заводу «Азоўсталь» з зямлі. Пра гэта напісаў дарадца мэра Марыупалю Пятро Андрушчанка.
Пятро Андрушчанка распавёў, што расейцы пад прыкрыццём абстрэлаў спрабуюць па зямлі прарвацца ў сярэдзіну заводу. Ён апублікаваў таксама адпаведнае фота, на якіх бачна, як расейскія жаўнеры ходзяць па тэрыторыі заводу.
«Практычна ў жывым эфіры. Сітуацыя дзень на дзень становіцца ўсё больш складанай», – напісаў ён.
У ранішняй зводцы Генштаб Украіны канстатуе, што Расея працягвае наносіць артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары па Марыупалі, пры гэтым асноўныя намаганні па-ранейшаму засяроджвае на блакаванні падраздзяленняў украінскіх войскаў у ваколіцах заводу «Азоўсталь».
«З улікам захадаў для эвакуацыі мясцовых жыхароў трэба чакаць нарошчвання агнявога ўплыву бліжэйшым часам», – папярэдзілі ў Генштабе.
Паводле прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, для выратавання ўкраінскіх вайскоўцаў, якія застаюцца на «Азоўсталі», прыцягнутыя ўплывовыя пасярэднікі і дзяржавы. У Генштабе ЗСУ сцвярджаюць, што аперацыя для дэблакавання заводу запатрабуе значных намаганняў і вялікай колькасці войскаў.
11 траўня міністарка ў пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Украіны Ірына Вэрэшчук заяўляла, што на тэрыторыі «Азоўсталі» могуць заставацца яшчэ каля тысячы байцоў, палова з іх цяжкапараненыя. 12 траўня яна паведаміла, што вядуцца перамовы аб вызваленні толькі 38 цяжкапараненых байцоў.
ЗК belsat.eu