Ад паўстанцаў Каліноўскага да актывістаў Ціханоўскага: гісторыя гарадзенскай турмы


Працягваем распавядаць, як выглядае жыццё ў пенітэнцыярных установах Беларусі.

У сэрцы Горадні, пад бокам у Фарнага касцёлу знойдзем месца, абнесенае магутнаю белаю сцяною, за якою – калючы дрот і брэх сабакаў. За сваю 200-гадовую гісторыю праз змрочныя казематы гарадзенскай турмы № 1 прайшлі сотні тысячаў падследных і зняволеных, тут разыгрываліся чалавечыя драмы і трагедыі. З турмою звязана мноства легендаў. Напрыклад, пра падземныя хады, што вядуць да берагоў Нёмну, або падземныя шахты, дзе працуюць зняволеныя. Адміністрацыя турмы зняпраўджвае гэтыя міфы, але на жывучасці чутак гэта не адбіваецца. З самога пачатку гэтая турма стваралася як месца зняволення палітычных вязняў. У савецкі час «цэнтрал» лічыўся месцам, дзе ўтрымлівалі самых небяспечных крымінальных злачынцаў. Пры Лукашэнку вярнулася першапачатковае прызначэнне вязніцы.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Паўстанцы Каліноўскага

Гарадзенская турма месціцца ў будынках езуіцкага калегіуму, пабудаваных разам з Фарным касцёлам на пачатку XVIII стагоддзя. Тады тут вучыліся дзеці багатых і шляхетных сем’яў. Указам расейскага імператара Аляксандра І езуіцкі калегіум скасавалі, а на яго месцы адкрылі турму.

Стваралася яна як перасыльная. Асноўнаю мераю пакарання ў царскай Расеі была катарга. Арыштанты ў кайданах этапамі ішлі праз Горадню ў Сібір. Спачатку пешшу, потым на павозках, з цягам часу іх сталі перавозіць чыгункаю. Да 1880-х гарадзенская турма стала самаю буйной у губерні. Тут адкрываліся вытворчыя майстэрні, дзе зняволеныя рабілі кайданы, ланцугі, а таксама шылі адзенне і абутак для іншых турмаў.

Будынкі езуіцкага калегіуму, цяпер – гарадзенская турма

У гарадзенскай турме рэхам адгукаліся ўсе ўзрушэнні ў Заходняй Беларусі: паўстанне 1830–1831 гадоў, паўстанне Кастуся Каліноўскага ў 1863–1864 гадах, стачкі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў. І заўсёды палітычныя вязні складалі тут большасць арыштантаў.

Пасля пачатку паўстання 1863–1864 гадоў будынак калегіуму прыстасавалі для сталых зняволеных. З чэрвеня 1863 да жніўня 1865 года ўсе камеры турмы займалі толькі ўдзельнікі паўстання Кастуся Каліноўскага, у асобных камерах сядзелі яго кіраўнікі. Умовы былі вельмі цяжкія: вокны халодных камераў былі без шкла, адсутнічалі драўляныя падлогі. Звычайных крымінальнікаў перавялі ў былы кармеліцкі манастыр. У той час у турме тэрміны адбывалі да 200 асобаў, штогод праходзілі да 700 перасыльных арыштантаў – удзельнікаў паўстання, якія накіроўваліся ў іншыя турмы ці на катаргу.

Даведка

зона.бел – праект «Белсату», які прысвечаны ўмовам, у якіх утрымліваюцца палітычныя зняволеныя. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць знутры, як выглядае быт за кратамі, але пры дапамозе тых, хто ўжо адседзеў, мы можам распавесці пра выпрабаванні, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

Ад мастакоў і рэвалюцыянераў да крымінальных аўтарытэтаў

Пры цару не было падзелу на палітычных і непалітычных вязняў: усе лічыліся крымінальнымі злачынцамі, у тым ліку ўдзельнікі паўстанняў.

Адным з самых вядомых арыштантаў гарадзенскага «цэнтралу» таго часу быў беларускі мастак і кампазітар Напалеон Орда, які трапіў у турму за ўдзел у паўстанні 1830–1831 гадоў. Менавіта тут ён напісаў большую частку сваіх знакамітых гравюраў з відамі Горадні.

У польскі перыяд, з 1921 да 1939 года, у гарадзенскай турме было 59 камераў, у якіх можна было ўтрымліваць да 462 асобаў. У гэты час тут сядзелі знаныя палітычныя дзеячы і рэвалюцыянеры.

Напрыклад, Тамаш Грыб – беларускі эсэр, сябра Рады БНР, рэдактар гарадзенскай газеты «Родны край». 15 ліпеня 1919 года яго арыштавалі польскія ўлады ў Вільні як рэдактара «Роднага краю» за артыкул «Правам ці мячом». Перавялі ў гарадзенскую турму, адкуль вызвалілі пад грашовы заклад 400 рублёў.

У гэтай жа турме сядзела і будучая жонка Грыба – Паўліна Мядзёлка. Старшыня Таварыства беларускай моладзі ў Горадні, адна з першых выканальніц ролі Паўлінкі ў пʼесе Янкі Купалы, арганізатарка дзіцячых прытулкаў, беларускіх школаў, яна была арыштаваная 20 ліпеня 1919 года.

Даведка
Паўліна Мядзёлка. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Падчас спаткання ў турме Тамаш перадаў Паўліне свой дзённік, у якім пісаў пра каханне да яе. На наступным спатканні Паўліна перадала яму адказ з просьбаю лічыць яе сваёй жонкаю. Такая рамантычная турэмная гісторыя паўторыцца тут праз 93 гады ўжо ў сучаснай Беларусі. Але пра гэта пазней.

У гарадзенскім астрозе сядзеў таксама Браніслаў Тарашкевіч – аўтар першай беларускай граматыкі, адзін з лідараў «Грамады», адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. Арыштоўваўся двойчы, падчас другой «ходкі», у 1931–1933 гадах, сядзеў пераважна ў гарадзенскай турме.

Тарашкевіч сядзеў у адной з найбольш вільготных камераў турмы – № 45, адзіночнай. Пакуль сядзеў, перакладаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», працаваў над граматыкаю беларускай мовы, якую цяпер часам называюць тарашкевіцаю. Тройчы браў удзел у галадаваннях зняволеных.

Яшчэ адзін вядомы сядзелец – Сяргей Прытыцкі. Дзеяч КПЗБ, рэвалюцыянер, старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савету БССР. Застрэліў сведку з боку абвінавачання ў зале суда ў Вільні на палітычным «працэсе сямнаццаці». У чэрвені 1936 года быў прыгавораны да павешання (сядзеў у камеры смяротнікаў у віленскай Лукішскай турме), але пазней прысуд замянілі на пажыццёвае зняволенне. Сядзеў у Вільні, Ракавічах, Горадні. Вызвалены ў верасні 1939 года, пасля чаго зрабіў сабе партыйную карʼеру.

Валянцін Таўлай – паэт, літаратуразнаўца, дзеяч міжваеннага руху Заходняй Беларусі. Упершыню апынуўся пад канвоем ва ўзросце 13 гадоў (!) за арганізацыю вучнёўскага страйку. У гарадзенскай турме сядзеў двойчы: першы раз быў арыштаваны за падпольную дзейнасць у 1929-м, другі раз – за спробу перайсці польска-савецкую мяжу ў 1934-м: тады быў асуджаны на 8 гадоў і вызвалены ў верасні 1939-га. Пад некаторымі вершамі Таўлая стаіць пазнака: Горадня, астрог.

Піліп Пестрак – паэт, празаік, дзеяч КПЗБ, дэпутат Вярхоўнага Савету СССР. Першы раз Пестрак трапіў у гарадзенскую турму ў 1929-м, дзе быў да 1933-га. Пасля вызвалення вярнуўся да падпольнай дзейнасці: быў інструктарам ЦК КПЗБ у Пінскай акрузе, там у 1934-м яго зноў арыштавалі. Сядзеў у турмах Пінску, Вільні, Горадні. У верасні 1939 года ў турме адбылося паўстанне зняволеных на чале з Пестраком. Арыштанты некалькі дзён утрымлівалі турму пад сваім кантролем, пакуль горад не занялі аддзелы Чырвонай арміі. Падчас зняволення змяшчаў вершы ў нелегальным рукапісным часопісе «Краты», выдаваным палітычнымі вязнямі.

Мемарыяльная шыльда на доме № 19 на праспекце Незалежнасці ў Менску. Крыніца: Wikipedia

У гарадзенскай перасылцы тройчы сядзеў як кіраўнік ВЧК, заснавальнік бальшавіцкага чырвонага тэрору Фелікс Дзяржынскі, калі яго этапавалі з варшаўскага «цэнтралу» ва ўнутраныя губерні Расеі.

Падчас Другой сусветнай вайны і фашысцкай акупацыі на тэрыторыі гарадзенскай турмы, паводле афіцыйных звестак, супрацоўнікі гестапа расстралялі і пахавалі каля дзвюх тысяч асобаў. У асноўным гэта былі савецкія ваеннапалонныя, беларускія партызаны і польскія падпольшчыкі.

Канец вайны, 1944–1945 гады, быў самым цяжкім часам для турмы. Горадня была вызваленая ад фашыстаў. Электрастанцыі не было, водаправод разбураны, у турме тады было пячное ацяпленне і не было прыбіральні. А да 1945 года ў астрозе сабраліся ўжо больш за дзве тысячы асобаў – максімальная колькасць за ўсю гісторыю турмы. Тут сядзелі дэзерціры, змагары з савецкай уладаю, партызаны Арміі Краёвай. Мала хто з тых вязняў ацалеў.

Пасля вайны турма перайшла ў вядзенне МУС СССР, і там утрымліваліся галоўным чынам крымінальныя злачынцы. У асяроддзі блатных гарадзенскі «цэнтрал» карыстаўся благою славай. У савецкі час турму называлі «чырвонаю зонаю» – месцам, дзе парадак устанаўлівае адміністрацыя турмы і зэкі, якія «сталі на шлях выпраўлення». Яна і цяпер ёю застаецца: тут не дзеюць законы злачыннага свету. Спецыялізавалася турма на тым, што тут «здымалі карону» з крымінальных аўтарытэтаў.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

У познесавецкі час гарадзенская турма лічылася адною з самых строгіх на тэрыторыі СССР. У ёй «маталі» тэрмін асуджаныя, пераведзеныя з папраўчых калоніяў на турэмны рэжым. Плюс асобы, якія за асабліва цяжкія злачынствы адразу былі асуджаныя да турэмнага зняволення. Тут збіраліся вяршкі злачыннага свету з усяго Саюзу. Напрыклад, Дзмітрый Галееў, ён жа Міця Галей, Аляксандр Кушняроў, ён жа Саша Кушнер, ён жа Саша Беларус. У гарадзенскай турме адбываў тэрмін за вымагальніцтва «каранаваны» Мікалай Салдаценка, ён жа Коля Салдат. Некаторы час там быў Юрый Палшкоў на мянушку Барада. У свой час ён трымаў у сваіх руках увесь зладзейскі скарб Беларусі.

Цяпер у гарадзенскай турме няма шырока вядомых крымінальных аўтарытэтаў.

Жорны для палітычных вязняў

За 27 гадоў ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі ў казематах гарадзенскай турмы пабывалі шмат якія актывісты беларускай апазіцыі і журналісты. Напрыклад, тут некалькі месяцаў сядзеў вядомы журналіст Павел Шарамет, некалькі разоў сюды трапляў журналіст, актывіст Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут, беларускія прадпрымальнікі, грамадскія дзеячы ды палітыкі Валерый Леванеўскі і Аляксандр Васільеў. 2 гады адседзеў у гарадзенскай турме Мікалай Аўтуховіч (2012–2014).

Аляксандр Фурманаў, бацька палітзняволенага Дзмітрыя Фурманава, каля турмы ў Горадні. Люты 2021 года.
Фота: Белсат

Памятаеце турэмную гісторыю кахання Тамаша Грыба і Паўліны Мядзёлкі? Праз амаль стагоддзе гісторыя практычна паўтарылася. Нягледзячы на шматлікія перашкоды і фармальнасці, 26 снежня 2012 года ў сценах гарадзенскай турмы адбыўся шлюб актывіста і палітвязня Змітра Дашкевіча з Настаю Палажанкаю. Жаніх быў у турэмнай робе, на нявесце не было белай сукенкі. У закаханых падчас роспісу было ўсяго 10 хвілінаў, калі яны маглі пабыць разам і патрымацца за рукі. Спатканне пасля заключэння шлюбу – дзве гадзіны праз шкло. Калі б Зміцер быў у калоніі, маладым далі б тры дні.

Пасля выбарчай кампаніі 2020 года праз гарадзенскую турму прайшлі сотні актывістаў і беларусаў, якія тым ці іншым чынам выказалі свой пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў ды гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў. Сёння там утрымліваюцца журналіст Дзяніс Івашын, актывістка Вольга Маёрава, Мікалай Аўтуховіч ды іншыя. Пэўны час там сядзеў і трымаў галадаванне Зміцер Фурманаў, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Гісторыі
«Хацеў зрабіць прапанову ў дзень, калі мяне выкралі»: гісторыя кахання экс-палітвязня Змітра Фурманава і ягонай дзяўчыны
2022.02.14 21:11

Былыя вязні гарадзенскай турмы распавялі «Белсату» пра цяперашнія ўмовы ўтрымання. Пра гэта – у нашым наступным артыкуле.

СП belsat.eu

Стужка навінаў