Аляксандр Фядута ўжо год застаецца за кратамі


Палітолаг і публіцыст Аляксандр Фядута, якога абвінавачваюць у рыхтаванні дзяржаўнага перавароту і замаху на Аляксандра Лукашэнку, ужо год застаецца за кратамі.

Пра ягонае затрыманне беларускімі супрацоўнікамі КДБ у Маскве стала вядома 13 красавіка. Ён быў затрыманы разам з адвакатам Юрасём Зянковічам.

Аляксандр Фядута.
Фота: Alexandr Feduta / Facebook

Праз некалькі дзён пасля арышту, 17 красавіка, Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы асобаў, што нібыта планавала замах на яго і ягоных дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. Адначасова з заяваю на дзяржаўным тэлеканале выйшаў сюжэт, у якім кіраўнік КДБ Іван Церцель паведаміў, што спыненая праца арганізаванай групы, якая спрабавала захапіць уладу ў Беларусі.

Сярод затрыманых у гэтай справе апынуўся таксама адвакат Юрый Зянковіч і старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Цяпер Аляксандр Фядута перабывае ў менскім СІЗА на Валадарскага. Там ён абвясціў «медыкаментозны страйк» – адмовіўся прымаць жыццёва неабходныя лекі. У лісце, што пасля доўгага перапынку дайшоў з-за кратаў, Фядута паведаміў, што скончыў страйк. Ён трымаў яго, патрабуючы, каб яму вярнулі рукапісы з каментарамі да раману «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.

«Ён знік 11 красавіка, а з 13 красавіка яго даставілі ў Менск і пасялілі ў «Амерыканку», а з 25 лістапада 2021 года ён перабывае на «Валадарцы» – узгадвае Марына Шыбко, жонка Фядуты. – Следчых дзеянняў даўно няма, змагаецца з наступствамі арытміі і пнеўманіі… Вельмі не стае кніг, замовы прыносяць не часта. І, вядома, не стае лістоў ад сяброў і знаёмых, лісты апошнія месяцы прыходзяць толькі ад мяне. Так, гэта элемент перавыхавання. Не аддаваць рукапісы – таксама перавыхаванне. Цяпер працуе над інсцэнізацыяй раману Бальзака «Бацька Гарыо». Вельмі перажывае за ўкраінскіх сяброў і Украіну. Кіеў – наш улюбёны горад з АІФам пасля Менску (у Сашы – пасля Горадні)».

Hавiны
Палітвязень Аляксандр Фядута выйшаў з «медыкаментознага страйку» і даслаў ліст на волю
2022.02.01 15:00

Гэта не першая крымінальная справа супраць Аляксандра Фядуты: пасля выбараў 2010 года ён таксама быў затрыманы. Але тады скончылася ўсё значна хутчэй, ён правёў у зняволенні крыху больш за 3 месяцы, а пасля быў пакараны 2 гадамі ўмоўна. «Белсат» зрабіў дакументальны фільм пра падзеі таго часу.

Пасля выбараў 2020 года і да моманту затрымання Аляксандр Фядута каментаваў самыя галоўныя палітычныя падзеі на «Белсаце».

Пісаць лісты яму можна на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, д. 2, 220030, г. Менск, Аляксандру Іосіфавічу Фядуту.

Hавiны
У чаканні матацыклетаў з кулямётамі. Публіцыст Іван Давыдаў аб «прызнанні» Аляксандра Фядуты
2021.04.26 16:14

АД belsat.eu

Стужка навінаў