248 дзён пратэстаў. Затрымалі Фядуту і Кастусёва, улады забаранілі «Nivea»

Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 248 дзён. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Фядуту і Кастусёва затрымалі працаўнікі КДБ

Рыгора Кастусёва і Аляксандру Фядуту затрымалі працаўнікі КДБ у межах расследавання крымінальнай справы паводле арт. 108 КК («Па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства»)

«Пасля правядзення неадкладных следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў будзе прадстаўленая поўная інфармацыя абсітуацыі», – адзначаецца ў паведамленні.

Рыгор Кастусёў у Курапатах. Фота Іллі Дабратвора

Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты, яшчэ ўчора заявіла пра знікненне свайго мужа. Яна распавяла, што ён паўтара дня не выходзіць на сувязь з Масквы. Жанчына накіравалася ў сталіцу Расеі, бо не ведае, на якіх падставах і пры якіх абставінах затрымалі ейнага мужа.

«Я цяпер у Маскве. Сёння я тут падала заяву пра знікненне свайго мужа. Калі я пазней даведалася, што мужа затрымаў КДБ, то звязалася з маскоўскімі следчымі. Яны не змаглі мне сказаць, дзе Аляксандр Іосіфавіч, – на тэрыторыі Расеі ці на тэрыторыі Беларусі, – і якім чынам ён апынуўся ў КДБ. Толькі паведамілі, што будуць у гэтым пытанні звязвацца з Генпракуратурай РФ», – цытуе TUT.By словы Марыны Шыбко.

«Стоп бензін» у новым фармаце

Тэлеграм-канал «Водители 97» заклікаў усіх аўтамабілістаў на знак пратэсту супраць падаражэння паліва правесці акцыю «Стоп бензін» у новым фармаце. Прадстаўнікі каналу заклікаюць адмовіцца ад наведвання бензастанцыяў «Беларуснафта», «Белнафтахім» і «Менскаўтазапраўка» або зусім адмовіцца ад аўтамабіля, «для пачатку хаця б адзін раз на тыдзень, і татальна байкатаваць аўтазапраўкі».

Гэтую ініцыятыву падтрымала аб’яднанне беларускіх сілавікоў «ByPol».

«Байкот паліва – гэта рэальная пагроза спынення НПЗ, якія застаюцца асноўнымі фінансавымі донарамі рэжыму, а таксама велізарная дапамога стачачнаму руху работнікаў гэтых прадпрыемстваў», – гаворыцца ў заяве.

АЗС «Белнафтахіму». Фота: belneftekhim.by

«Нашу Ніву» аштрафавалі

Эканамічны суд Менску пакараў «Нашу Ніву» на 300 базавых велічыняў штрафу (8700 рублёў) за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць». Падстава – ранейшая справа аб друкаванні папяровых асобнікаў газеты для абавязковага бясплатнага распаўсюду.

«Нашу Ніву» аштрафавалі на 8700 рублёў

За каментары ў сеціве – штрафы і «хімія»

13 красавіка суд Заводскага раёну Менску агучыў вырак Аляксею Ліпеню. Мужчыну вінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 369 («Публічная абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 364 («Пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка АУС»).

Суд пакараў Аляксея Ліпеня 5 гадамі «хіміі». Таксама мужчына мусіць выплаціць «пацярпелым» 5500 рублёў кампенсацыі ды 522 рублі за судовыя выдаткі.

Аляксей Ліпень, якога абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу (арт. 369 – публічная абраза прадстаўніка ўлады, і арт. 364 – пагроза прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка АУС), атрымаў 5 гадоў «хіміі». Менск, Беларусь. 13 красавіка 2021. Фота: Белсат

65-гадовую жыхарку Менску асудзілі за абразу суддзі з Магілёва. Увечары 20 снежня 2020 года пенсіянерка размясціла абразлівыя каментары на адрас суддзі з суда Ленінскага раёну Магілёва. Суддзя палічыла, што ейныя гонар і годнасць абражаныя. Але 65-гадовая пенсіянерка не прызнала сябе вінаватай. Яна пацвердзіла, што пакінула каментар, аднак пры гэтым не мела намеру нікога абражаць.

У выніку на пенсіянерку завялі крымінальную справу паводле арт. 391 («Абраза службовай асобы») і прысудзілі штраф на 200 базавых велічыняў (5800 рублёў).

Пенсіянерку аштрафавалі на 5800 рублёў за абразу суддзі

Беларусы забіраюць грошы з банкаў

У Беларусі аб’ём дэпазітаў фізічных асобаў змяншаецца ўжо 14 месяцаў запар. Пра гэта паведамляюць banki24.by. За гэты час беларусы забралі з сістэмы $ 1,724 млрд.

Максімум захоўвання сродкаў на валютных укладах быў дасягнуты ў кастрычніку 2015 года – $ 7,829 млрд. З таго часу да сакавіка 2021-га валютныя рахункі згубілі $ 3,342 млрд.

Фота: Белсат

Каронавірус не адступае

У Беларусі пачалася трэцяя хваля COVID-19. Пра гэта 13 красавіка паведаміла начальніца аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

«У нас у рэспубліцы пачынаецца чарговы ўздым захворвання інфекцыяй – мы гэта называем пачаткам трэцяй хвалі», – сказала Іна Карабан БелТА.

Неафіцыйна, паводле звестак «Белсату» з медычнага асяроддзя, пра пачатак трэцяй хвалі беларускім медыкам паведамілі яшчэ тыдзень таму.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Улады Беларусі забаранілі тавары «Nivea»

У Беларусі ўвялі часовую санітарную забарону на ўвоз асобных тавараў «Nivea». Такую пастанову падпісаў галоўны дзяржаўны санітарны доктар Аляксандр Тарасенка, піша прэсавая служба Мінздароўя.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, санітарна-эпідэміялагічная служба выявіла шэраг парушэнняў парфумерна-касметычнай прадукцыі кампаніі «Nivea». Чыноўнікі вырашылі часова забараніць увозіць тавары гэтай кампаніі ў Беларусь.

Выглядае, што ўлады такім чынам помсцяць кампаніям, якія раней адмовіліся фінансаваць чэмпіянат свету па хакеі. Спартовыя спаботніцтвы мелі адбыцца ў Беларусі, але дзякуючы намаганням грамадскасці іх перанеслі. Кампаніі «Nivea» і «Škoda» заявілі, што не будуць выступаць спонсарамі чэмпіянату, калі ён адбудзецца ў Беларусі.

У адказ улады забаранілі продаж у Беларусі чэшскіх аўтамабіляў «Škoda Rapid». Цяпер чарга дайшла да тавараў кампаніі «Nivea».

З пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» хочуць спагнаць грошы, а ў Горадні скардзяцца на абразы

СК belsat.eu

Hавiны