Латушка: «Чыноўнікі на УНС трымалі ў кішэні фігу»

За 6 дзён адкрыты ліст супраць Лукашэнкі падпісалі 1090 беларускіх чыноўнікаў, якія цяпер працуюць на дзяржаўных пасадах, – распавёў кіраўнік НАК Павал Латушка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Дождь».

Ліст стане адной з частак маштабнай праграмы дэмакратычных сіл: «Мы гаворым пра беларускае вызваленне вясны 2021 – гэта сумесны план Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і Штаба Святланы Ціханоўскай. Гэта, найперш, маштабаванне ціску на ўладу – эканамічныя інструменты, персанальныя санкцыі, прызнанне рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычным згодна з рашэннем міжнародных інстытутаў».

Наступнае – гэта пераход чыноўнікаў на бок народу: «Дарэчы пра чыноўнікаў, якія сядзелі на Ўсебеларускім народным сходзе. Я ўпэўнены, што большасць з іх фігі ў кішэнях трымалі.

Таму што менавіта ў гэтыя часы, за шэсць дзён нашага новага праекту 1090 беларускіх чыноўнікаў напісалі нам пра сваё жаданне падпісаць адкрыты ліст аб адстаўцы Лукашэнка».

Па словах Латушкі, гэты адкрыты ліст будзе апублікаваны ў красавіку, калі яго падпішуць 5000 супрацоўнікаў дзяржапарату: «Вядома, гэта рызыка для чыноўнікаў. Шмат хто заяўляе аб жаданні падпісаць гэты ліст не ў адкрытую. Але гэта таксама адзін з інструментаў дыялогу з чыноўнікамі – яны дасылаюць свае пасведчанні, мы іх верыфікуем».

МГМ belsat.eu

Hавiны