Чаму расейскія вайскоўцы ездзяць паміж Беларуссю і РФ?


Пасля таго, як у пачатку кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра фармаванне Рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы, у Беларусь пачалі прыбываць расейскія вайскоўцы і тэхніка.  Адначасова з гэтым назіраюцца супрацьлеглыя працэсы – частка тэхнікі і вайскоўцаў, наадварот, пакідае Беларусь. Што гэта значыць?

Правядзенне супольных мерапрыемстваў Рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Куды з’язджае тэхніка і вайскоўцы?

Геаграфія перасоўвання тэхнікі і вайскоўцаў паміж Беларуссю і Расеяй вельмі характэрная. У Беларусь прыбываюць вайсковыя эшалоны з усёй Расеі: Маскоўская, Ніжэгародская, Кастрамская, Чэлябінская, Омская і Варонежская вобласці. А з’язджаюць – выключна ў памежныя з Украінай рэгіёны.

Паводле звестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», станам на сярэдзіну лістапада Беларусь перадала расейскай арміі 211 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку прынамсі 98 танкаў Т-72А, 40 БМП-2, 20 БМП-2 без вежаў і 54 цяжкавікі «Урал». Усё гэта – беларуская тэхніка, яна была ўзятая з 969-й базы рэзерву танкаў ва Урэччы і 288-й базы рэзерву аўтамабільнай тэхнікі ў Старых Дарогах.

Тэхніку адпраўлялі на чыгуначныя станцыі ў памежныя з Украінай Растоўскую і Белгародскую вобласці. Мінабароны Беларусі заявіла, што тэхніка накіроўваецца ў Расею на мадэрнізацыю, але гэта малаімаверна, бо прынамсі сучасныя версіі танкаў Т-72А мадэрнізаваць немагчыма. Таму, хутчэй за ўсё, яны былі адразу накіраваныя на вайну.

Вываз тэхнікі аднавіўся ў пачатку 2023 года, прычым цяпер яе вывозяць разам з расейскімі вайскоўцамі. 7 студзеня са станцыі Лясная (Баранавіцкі раён) на станцыю Падгорнае (Варонежская вобласць) адправіўся эшалон з 25 вагонаў-платформаў з колавай і гусенічнай тэхнікай, 3 крытых вагонаў з рыштункам і 9 пасажырскіх (прыкладна на 450 вайскоўцаў).

11 студзеня са станцыі Чэпіна (Віцебшчына) на станцыю Россаш (Варонежская вобласць РФ) адправіўся вайсковы эшалон з 8 пасажырскіх вагонаў (прыкладна на 400 вайскоўцаў), 3 крытых вагонаў з рыштункам і 37 вагонаў-платформаў з колавай і гусенічнай тэхнікай.

Беларускія вайскоўцы сустракаюць расейскіх салдатаў з Рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Варонежская вобласць мяжуе з Луганскай. То бок, можна выказаць здагадку, што гэтыя вайскоўцы і тэхніка будуць скіраваныя на ўмацаванне фронту пад Сватавым і Крэмінной, дзе ЗСУ ўжо некалькі месяцаў ціснуць на расейскія пазіцыі.

Да гэтага варта дадаць інтэнсіўнае перасоўванне расейскіх вайскоўцаў у межах самой Беларусі, што назіраецца цягам апошняга месяца. Расейскую тэхніку і жаўнераў заўважаюць усё ў новых і новых пунктах. Логіку гэтага перасоўвання вызначыць вельмі цяжка. 20–22 снежня быў выпадак, калі расейскія эшалоны проста ездзілі паміж станцыямі, нават не разгружаліся.

Ратацыя і перагрупоўванне?

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» тлумачыць усе гэтыя перамяшчэнні звычайным перагрупоўваннем і ратацыяй расейскіх сілаў, што праходзяць рыхтаванне на беларускіх палігонах пры дапамозе беларускіх інструктараў. То бок фактычна адныя расейскія мабілізаваныя прыязджаюць на трэнаванне ў Беларусі, а іншыя пасля трэнавання з’язджаюць на фронт у Луганскую ці Данецкую вобласці.

«Правядзенне ратацыі расейскіх вайскоўцаў ёсць сведчаннем таго, што ў найбліжэйшы час не варта чакаць наступу УС РФ з тэрыторыі РБ. Функцыя ж РБ у гэтым выпадку – быць трэнавальнай базай для мабілізаваных грамадзянаў РФ», – падкрэслівае «Беларускі Гаюн».

Гэтая версія мае адзін недахоп: плыні тэхнікі і вайскоўцаў з Беларусі ў РФ і з РФ у Беларусь нераўназначныя.

Калі арыентавацца на звесткі тэлеграм-каналу беларускіх чыгуначнікаў «belzhd_live» і маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», то атрымліваецца, што толькі за студзень у Беларусь прыбылі мінімум 173 вагоны з тэхнікай, 19 з рыштункам і 2800 расейскіх вайскоўцаў. А з’ехалі з Беларусі 62 вагоны з тэхнікай, 6 з рыштункам і прыкладна 850 вайскоўцаў. То бок прыехала ў 2,5 разу больш тэхнікі і амаль у 3,5 разу больш вайскоўцаў.

Калі падлічыць агулам за тры месяцы, то атрымаецца, што ў Беларусь перакінулі каля 13,8 тысяч вайскоўцаў, а быў зафіксаваны ад’езд толькі каля 850 з іх. То бок, калі гэта і ратацыя, яна закранае толькі невялікую частку расейскіх вайскоўцаў у Беларусі.

Беларускі палігон Абуз-Лясноўскі, дзе размешчаныя расейцы з Рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

З тэхнікай сітуацыя больш складаная, бо не заўсёды ёсць звесткі пра яе тып. З усяго відаць, першыя эшалоны з расейскімі вайскоўцамі, што прыбывалі ў Беларусь у кастрычніку, наогул прыходзілі без цяжкой тэхнікі. А Беларусь пры гэтым перадавала сваю закансерваваную тэхніку РФ.

Аднак у снежні мінімум шэсць вайсковых эшалонаў з тэхнікай прыбылі ў Беларусь. У асноўным яны перавозілі грузавікі «Урал»: у снежні іх прыбыло ў Беларусь больш, чым з’ехала ў кастрычніку.

Была і цяжкая тэхніка – мінімум 13 танкаў Т-72Б3. Гэта відавочна менш, чым перадала Беларусь Расеі ў кастрычніку (98 адзінак Т-72А), але і якасць тэхнікі розная. Т-72Б3 – гэта сучасная мадыфікацыя танка Т-72 (у Беларусі іх было літаральна некалькі дзясяткаў), а Т-72А – адна з найбольш старых мадэляў (іх у Беларусі шмат).

Інфармацыйная спецаперацыя?

Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW) называюць цяперашняе нагнятанне абставінаў на беларускім кірунку «інфармацыйнай аперацыяй», мэта якой заключаецца ў тым, каб адцягнуць частку сілаў ЗСУ. Перасоўванне войскаў эксперты разглядаюць менавіта з гэтага гледзішча, а новае ўварванне ва Украіну з боку Беларусі лічаць малаверагодным сцэнаром.

«Беларускі Гаюн», у сваю чаргу, мяркуе, што Расея спрабуе ўсіх заблытаць:

«Перасоўванні УС РФ чыгункай паказваюць на жаданне ўвесці ў зман і заблытаць адносна далейшых планаў ваеннай групоўкі РФ, што месціцца ў РБ».

Калі мэта ў тым, каб усіх заблытаць, гэта шмат тлумачыць: і кругазварот тэхнікі паміж Беларуссю і РФ, і тое, што расейскія вайскоўцы ездзяць паміж станцыямі ўнутры Беларусі.

Іншае пытанне, што мае схаваць такое перасоўванне. Гэтае перакідванне расейскіх вайскоўцаў у памежныя з Украінай рэгіёны мусіць пераканаць усіх, што Расея разглядае Беларусь толькі як трэнавальную базу? Ці перакідванне расейскіх вайскоўцаў у Беларусь разлічанае на стварэнне бачнасці рыхтавання наступу на Кіеў? Адказаў пакуль няма.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў