Менскія пост-панкі «Molchat Doma» выступяць на «Coachella» – адным з найбуйнейшых фэстаў свету


Афіша гурта «Molchat Doma» ў канцы 2021 года была сумная: давялося праз пандэмію перанесці некалькі канцэртаў еўрапейскага туру – у Рызе, Амстэрдаме, Ляйпцыгу, Празе і Вене. Затое ў красавіку гурт ляціць у Амерыку.

Афіша фестывалю «Coachella», дзе выступяць менчукі «Molchat Doma». 2022 год. Выява: coachella.com

Спачатку менскае трыа выступіць у мексіканскім горадзе Мантэрэй на «Tecate Pal Norte Festival»: там выступяць «The Strokes», «Maroon 5», «Papa Roach» ды іншыя зоркі.

Адтуль паедуць у Каліфорнію на фэст «Coachella» – адзін з найбуйнейшых і найвядомейшых у свеце музычных фестываляў. У адзін дзень з «Дамамі», 17 красавіка, выступіць рэпер Е (так цяпер завуць Канье Ўэста), «Fatboy Slim», «Run the Jewels» ды іншыя, а за дзень да іх мае спяваць Білі Айліш.

Потым «Molchat Doma» збіраюцца праз выступы ў Арызоне і Тэхасе выбрацца на паўночны ўсход Злучаных Штатаў з заездам у Канаду і канцэртаваць там да канца траўня. Пасля маюць вярнуцца ў Еўропу, выступіць у Барсэлоне, Хельсінкі, Катавіцах, Осла і на партугальскім «Festival Vodafone Paredes de Coura».

Гурт выступае і на радзіме. Вось так яны гралі ў Менску ў 2020 годзе:

У тым годзе гурт падтрымаў беларускія пратэсты і даў песню для складанкі на падтрыманне пацярпелых ад гвалту сілавікоў. Уявіць, што гурт думае пра сітуацыю на радзіме, можна з песень і кліпаў «Не смешно» і «Звёзды».

Музычны праект «Molchat Doma» сабраўся ў Менску ў 2017 годзе, грае пост-панк, сінці-поп і нью-вэйв, запісаў тры студыйныя альбомы. Гурт даволі хутка заўважылі ў Еўропе, у тым ліку дзякуючы выступу на «Tallin Music Week».

Hавiны
20+ беларускіх песень 2021 года. З кліпамі і плэйлістам
2022.01.09 11:29

АА belsat.eu

Стужка навінаў