Літва, Латвія і Эстонія папрасілі NATO павялічыць вайсковую прысутнасць, каб стрымаць Расею


Тое, што Расея нарошчвае вайсковую прысутнасць на мяжы з Украінаю, непакоіць краіны Балтыі, якія адчуваюць сябе «паўвостравам NATO».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас і генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг абмяркоўваюць Беларусь і Украіну ў штаб-кватэры NATO. Брусель, Бельгія. 25 траўня 2021 года.
Фота: nato.int

Прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас расказала агенцтву «Reuters», што краіны Балтыі вядуць перамовы з Паўночнаатлантычным альянсам пра павелічэнне вайсковай прысутнасці NATO на сваёй тэрыторыі, каб супрацьстаяць магчымай агрэсіі Расеі.

«Вядома, мы абмяркоўваем з нашымі саюзнікамі павелічэнне іхнай прысутнасці тут, каб яны былі стрымлівальным фактарам, – сказала Калас. – Калі вы пагледзіце на мапу, то краіны Балтыі — гэта паўвостраў NATO, і таму мы хвалюемся».

Яна заклікала не толькі весці канструктыўныя перамовы з Масквой, але і даць Крамлю зразумець, што за эскалацыю сітуацыі ва Украіне давядзецца заплаціць высокую цану праз эканамічныя санкцыі. Калам заявіла, што Захад цяпер не робіць нічога няправільнага і не фармуе ўзброеных групаў для атакі на Расею.

Hавiны
«Атака на Украіну павялічвае рызыку для Польшчы, краінаў Балтыі і Малдовы»
2022.01.12 14:15

Расея, якая нарошчвае вайсковую прысутнасць на мяжы з Украінай, адначасова патрабуе ад NATO не размяшчаць войскаў ва ўсходніх краінах альянсу. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг жа кажа, што ўзмацненне вайсковай прысутнасці альянсу ва ўсходніх краінах будзе разглядацца ў выпадку расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Адзін з дыпламатаў NATO расказаў «Reuters», што пытанне пра дадатковыя войскі ў Балтыі могуць абмеркаваць у сярэдзіне лютага на сустрэчы міністраў абароны краінаў альянсу.

Hавiны
Байдэн паабяцаў Зяленскаму рашучы адказ у выпадку ўварвання Расеі ва Украіну
2022.01.03 09:54

АА belsat.eu

Стужка навінаў