Чаму ўлады баяцца бізнесоўцаў? + 6 прадпрымальнікаў, звязаных з апазіцыяй


Учора Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў прадпрымальнікаў пра недапушчальнасць фінансавання апазіцыі на нарадзе ў пытанні дзейнасці рады развіцця прадпрымальніцтва.



«Хачу падкрэсліць: калі хтосьці з бізнесоўцаў будзе фінансаваць «пятую калону» ці нейкім іншым спосабам аказваць негатыўны ўплыў на грамадства, то я буду лічыць, што яны ўключыліся ў палітычную барацьбу, у барацьбу супраць дзяржавы. А там – свае законы. Потым хай не крыўдзяцца такія бізнесоўцы», – павучаў кіраўнік Беларусі.



Вядомыя «законы»


{movie}Бандарэнка пра забарону фінансавання апазіцыі|right|9396{/movie}

Пра тое, якія законы ў палітычнай барацьбе для прадпрымальнікаў, – добра ведае Андрэй Бандарэнка – былы бізнесовец, цяпер – праваабаронца, дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа». «Такія папярэджанні – гэта паказнік таго, што Лукашэнка разумее сваю безгрунтоўнасць, што большасць бізнесоўцаў незадаволеныя тою ўладаю, што існуе сёння. Сам бізнес, натуральна, у апазіцыю не пойдзе, але браць удзел у падтрыманні людзей, што змагаюцца з гэтаю несправядлівасцю – гэта цалкам адэкватная рэакцыя», – мяркуе спадар Бандарэнка.

Паводле былога прадпрымальніка, менавіта таму ў Беларусі існуюць такія неспрыяльныя ўмовы для бізнесу – запавольваецца працэс прыватызацыі ды замаруджваецца прыняцце закону аб прыватнай уласнасці. У адваротным выпадку прыватнікі ўрэшце атрымаюць поўную свабоду распараджэння сродкамі.



Магчымасць аб’яднання


{movie}Бандарэнка і Марголін пра настроі прадпрымальнікаў|right|9397{/movie}

Беларуская апазіцыя сёння не можа не тое што выпрацаваць адзіную стратэгію дзеяння, але і прынамсі перастаць весці ўнутраныя сваркі. Намеснік старшыні АГП Леў Марголін, мяркуе, што ў выпадку падтрымання ўнутры самой краіны, імавернасць кансалідацыі значна вырасце: «Нашыя прадпрымальніцкія структуры штогод выходзяць да ўладаў з прапановамі палепшыць умовы для прыватнага бізнесу. І кожны год гэта ўсё застаецца без усякай увагі. Камусьці гэта можа ўжо надакучаць, і Лукашэнка баіцца, што ад просьбаў да ўладаў яны пяройдуць да супрацы з апазіцыяй. І тады ад кансалідацыі вакол прадпрымальніцкіх праблемаў можа пачацца кансалідацыя вакол барацьбы супраць рэжыму».

Але і без папярэджання Лукашэнкі прадпрымальнікі толькі паспрабаваўшы ўвайсці ў палітычнае поле, страчвалі бізнес або былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Такіх прыкладаў дзясяткі, калі не сотні. Варта ўзгадаць аповеды палітзняволеных, якія казалі пра шмат каго з асуджаных з палітычных прычынаў. Мы ж узгадаем пяцёрку самых вядомых і найбагацейшых бізнесоўцаў, якія ўвайшлі ў канфлікт з уладамі.



Анатоль Красоўскі – стваральнік адкрытага акцыянернага таварыства “Красіка”, сябра Віктара Ганчара віцэ-спікера Вярхоўнага савету 13 склікання. Адкрыта фінансаваў дэмакратычныя сілы. Упершыню быў арыштаваны ў жніўні 1999 года. Спачатку Красоўскага вінавацілі ў падрыўной дзейнасці, пасля – у не вяртанні крэдыту банку “Пошук”. З-за адсутнасці доказаў, следства хутка развалілася. 16 верасня Анатоль Красоўскі разам Віктарам Ганчаром былі выкрадзеныя.

Леанід Воўк – адзіны беларускі бізнесовец, які займаўся інвестыцыямі ў каляровыя металы. У Беларусі яму належала фірма «Метінкам», а ў Іркуцкай вобласці Расеі – Сібірска-беларуская кампанія. Воўк адкрыта падтрымліваў АГП і БНФ, у выніку пераследу з боку ўладаў у 1997 годзе з’ехаў у Ізраіль і прыняў грамадзянства гэтай краіны. У 2002 годзе падчас бізнесовага візіту ў Польшчу яго затрымалі на запыт уладаў Беларусі. Аднак польскі суд не выдаў яго Менску.



Аляксандра Пупейка і ягоная кампанія «Пушэ» ў сярэдзіне 1990-х перавысіла гадавы абарот «Беларуськалію». Натуральна, такім багаццем трэба дзяліцца. Аднак бізнесовец не хацеў жыць паводле «законаў» Лукашэнкі. Перыяд росквіту ягонай кампаніі не трываў доўга – яшчэ раней за Ваўка ён перанёс свае інвестыцыйныя праекты ў Украіну і Польшчу. Сам Пупейка з’ехаў у Нямеччыну. Пакуль яго не было ў Беларусі, усю маёмасць, што засталася ў краіне, сканфіскавалі на карысць Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У 1998 таксама затрымалі ў Варшаве, там сама атрымаў статус палітычнага ўцекача.



Андрэй Клімаў – дэпутат Вярхоўнага Савету 13 склікання, валодаў групаю кампаніяў «Андрэй Клімаў і КО», якая ўключала ў сябе будаўнічую агенцыю, банк і газету. Тройчы адбываў пакаранне і быў прызнаны вязнем сумлення. Спачатку былі 4 гады паводле абвінавачанняў у эканамічных злачынствах, пасля – 15 месяцаў абмежавання волі за арганізацыю Дня Волі ў 2005 годзе. І ўжо ў 2007-м яго арыштавалі за апублікаваныя ў інтэрнэце артыкулы. Бізнесоўца вінавацілі ў «закліках да звяржэння або змянення канстытуцыйнага ладу з дапамогаю СМІ». Спадара Клімава вызвалілі пад ціскам міжнароднай супольнасці, але ён страціў бізнес.





Андрэй Жукавец
– заснавальнік акцыянернага таварыства «Трэйс». Актыўна падтрымліваў «Малады фронт» і «Моладзь БНФ». У ягоных друкарнях выдавалася іх агітацыйная прадукцыя. У 1999 годзе быў вымушаны з’ехаць у Польшчу і прасіць там палітычнага прытулку. Аднак, як і шмат каго з эмігрантаў, яго затрымалі на запыт кіраўніцтва Беларусі. Суд у справе Андрэя Жукаўца ў Беластоку працягваецца ўжо больш за 10 гадоў.



Сяргей Парсюкевіч – старшыня Рады індывідуальных прадпрымальнікаў віцебскага «Смаленскага рынку». У 2008 годзе яго затрымалі за ўдзел у дэманстрацыі бізнесоўцаў супраць прэзідэнцкага дэкрэту № 760. Заявіў пра збіццё працаўніком менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў Аляксандрам Дулубам. У выніку сам стаўся абвінавачаным у збіцці праваахоўніка. Спадара Парсюкевіча асудзілі на 2,5 года турмы. Вызвалілі праз колькі месяцаў пад ціскам міжнароднай супольнасці. Цяпер – каардынатар кампаніі «Гавары праўду!» ў Віцебску.

У.Ш.,belsat.eu

Стужка навінаў