Расея зможа заліць Беларусь нафтай. Што Крэмль будзе рабіць са сваёй сыравінай пасля санкцыяў?


Дзве важныя для нафтавага рынку падзеі адбыліся днямі. Чальцы ОПЭК+ дамовіліся рэзка скараціць здабычу, а Еўразвяз пастанавіў увесці столь цэнаў на расейскую нафту. «Белсат» разбіраўся, да чаго гэта прывядзе і як зачэпіць Беларусь.

Здабыванне нафты ў Татарстане, Расея. 23 красавіка 2020 года.
Фота: Ягор Алееў / TASS / FORUM

На сустрэчы ў Вене 5 кастрычніка маніторынгавы камітэт ОПЭК+ пагадзіўся на рэзкае скарачэнне здабычы нафты. З лістапада краіны – удзельніцы арганізацыі знізяць вытворчасць нафты на 2 млн барэляў за содні ад квотаў, што мае кожная дзяржава. Такім чынам, з улікам прапорцыі квот і іх выканання ў верасні, здабыча фактычна зменшыцца прыкладна на 880 тыс. барэляў за содні.

А Еўразвяз абвясціў пра чарговы, ужо восьмы, пакет санкцыяў супраць Масквы: уводзіцца гэтак званая цэнавая столь на пастаўкі расейскай нафты морам трэцім краінам. То бок Расея не зможа прадаваць сыравіну па кошце, большым за ўсталяваную мяжу, але гэтая мяжа пакуль не названая.

Раней краіны G7 дамовіліся істотна абмежаваць гандаль Расеі вуглевадародамі, каб пазбавіць яе грошай на вайну з Украінай. 5 снежня набудзе моц «цэнавая столь» у дачыненні нафты, а 5 лютага 2023-га – і ў дачыненні нафтапрадуктаў.

Што на біржах і ці ўзляцяць цэны ў космас?

Адразу пасля таго, як пра рашэнне ОПЭК+ паведамілі медыі, нафта пачала даражэць на біржах. Кошт барэля маркі «Brent» перавысіў 93 долары, сумесі WTI – дасягнуў амаль 88 долараў. Рост за дзень – каля 1,5 %. Потым рынак крыху супакоіўся і ўзбудзіўся пасля абвяшчэння нафтавых санкцыяў ЕЗ. Бочка «Brent» пачала каштаваць 94,85 долара, WTI – 88,53 долара. На момант публікацыі за барэль «Brent» даюць 94,87 долара, за WTI – 89,69 долара.

Мужчына запраўляе аўтамабіль на АЗС «А-100». Менск, Беларусь, 28 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Але аналітыкі супакойваюць: перадумоваў для моцнага падаражэння сыравіны няма. Эксперт у нафтагазавым рынку, партнёр кансалтынгавай кампаніі «Rusenergy» Міхаіл Круціхін растлумачыў «Белсату», што захады ОПЭК – гэта хутчэй палітычная гульня, а аб’ёмы расейскай нафты, якія трапілі пад санкцыі ЕЗ, моцна на кошт не паўплываюць.

«Цэны павінны застацца прыкладна на гэтым жа ўзроўні. ОПЭК проста стварае дадатковыя крокі ўздзеяння на рынак. Цяпер яны быццам скарачаюць здабычу ўмоўна, і ў іх будзе больш магчымасцяў, каб калі што, наадварот, павялічыць здабычу. Гэтым абʼёмам яны фактычна могуць гандляваць, каб атрымаць палітычную выгаду ад амерыканскай адміністрацыі. Калі ЗША захочуць, каб нафта была таннейшая, то ў ОПЭК цяпер ёсць такі інструмент», – мяркуе Круціхін.

Эканаміст, навуковы працаўнік BEROC Дзмітрый Крук наогул прагназуе падзенне цэнаў на нафту. У каментары «Белсату» ён паясніў, што сусветная эканоміка цяпер на шляху да рэцэсіі, больш за тое, Расея можа пагадзіцца прадаваць сыравіну па абмежаваным кошце, а гэта пацягне цэны ўніз.

«З большай імавернасцю я б сказаў, што на працягу года ёсць вялікі шанец, што кошт нават знізіцца. Рашэнне ОПЭК для абмежаванні здабычы, калі на абʼёмы глядзець, не вельмі істотна ўплывае на нафтавыя цэны ў бок падвышэння. Калі сусветная эканоміка не ў кірунку рэцэсіі, то ў кірунку вельмі-вельмі павольнага росту, блізкага да нуля. Расея будзе вымушаная пагаджацца на больш нізкі цэннік, і гэта таксама будзе весці цану ўніз. Цана на нафту – амаль непрадказальная рэч, але цяпер больш шанцаў на яе зніжэнне, чым на яе падвышэнне», – сказаў Крук.

Рэакцыя Расеі

Расея разам з Саудаўскай Аравіяй дамагалася скарачэння здабычы, каб сыравіна падаражэла ці як мінімум не патаннела. Таму рашэнне ОПЭК+, відавочна, узрадавала Маскву. Віцэ-прэмʼер Аляксандр Новак пасля сустрэчы ў аўстрыйскай сталіцы назваў вынікі перамоў гістарычнымі.

«Гэтае рашэнне звязанае ў першую чаргу з тым, каб збалансаваць рынак, які трапляе ў зону нявызначанасці, асабліва ў восеньска-зімовы час, калі попыт падае, а прапанову трэба скарэктаваць», – сказаў Новак у эфіры расейскага тэлебачання.

Пазней ён жа пракаментаваў санкцыі ЕЗ у дачыненні нафты, назваўшы гэты крок нярынкавым і шкодным для сусветнай нафтавай галіны.

«Калі хочаш стварыць дэфіцыт на сусветным рынку – то ўводзь абавязкова абмежаванне цэнаў. Гэтае ўмяшанне можа прывесці да таго, што галіна агулам атрымае менш інвестыцыяў, скароціцца здабыча і, як вынік, вырастуць цэны», – мяркуе расейскі віцэ-прэмʼер.

Нафтаперагонная сістэма кампаніі «Татнефть». Расея, Татарстан. 14 красавіка 2022 года.
Фота: Ягор Алееў / TASS / FORUM

У Маскве паабяцалі знайсці новыя рынкі збыту сваёй нафты. Раней прэзідэнт Уладзімір Пуцін пагражаў, што Расея можа спыніць пастаўкі любых энерганосьбітаў, калі іх кошт стане нявыгадным.

«Наогул не будзем нічога пастаўляць, калі гэта супярэчыць нашым інтарэсам. У дадзеным выпадку – эканамічным. Ні газ не будзем пастаўляць, ні нафту, ні вугаль, ні топачны мазут – нічога», – заявіў Пуцін 7 верасня на Усходнім эканамічным форуме.

Эксперт у пытаннях нафтавага рынку Міхаіл Круціхін адзначае, што еўрапейскія санкцыі закрануць невялікі абʼём расейскай нафты, таму Крэмль можа сабе дазволіць бразнуць дзвярыма.

«Санкцыі на абмежаванне цаны застануцца максімум на 40–50 мільёнаў тонаў на год. На такі абʼём Расея можа сабе дазволіць бразнуць дзвярыма і адмовіцца: гэта вельмі невялікія абʼёмы нафты. Прадаваць задорага Расеі не дазволяць. Не будуць ні страхавальнікі, ні брокеры, ні нафтаперапрацоўчыя заводы рызыкаваць тым, што трапяць пад ускосныя амерыканскія санкцыі. Будзе дзейнічаць абмежаванне цаны на невялікі абʼём нафты – дый усё», – кажа аналітык.

Спікерка расейскага Міністэрства замежных справаў Марыя Захарава паведаміла журналістам, што адказам на нафтавыя санкцыі стане «пераарыентацыя нафтавага экспарту ў тыя краіны, якія гатовыя з намі нармальна супрацоўнічаць».

Нафтавы танкер прыбывае ў порт Нью-Ёрку, ЗША. 10 сакавіка 2022 года.
Фота: Mike Segar / Reuters / Forum

Эканаміст Дзмітрый Крук упэўнены, што Расеі больш выгадна прадаваць нафту са зніжкай, чым не прадаваць наогул.

«Кітай, Індыя, азіяцкія рынкі – туды большую частку абʼёму яны перанакіраваць патэнцыйна могуць. Расея будзе прадаваць па меншым кошце. Для іх лепш экспартаваць нафту па заніжаным кошце, чым не прадаваць яе наогул. Калі санкцыі запрацуюць, яны ў адпаведнасці з гэтай столлю цаны будуць прадаваць», – сказаў эксперт «Белсату».

Нафтавы рай для Беларусі і беларускае паліва для Украіны

Па звестках Круціхіна, Расея можа пастаўляць у Беларусь каля 22–24 млн тонаў нафты на год, летась было не больш за 15 млн. Крук дапускае, што Крэмль вырашыць заліць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы сыравінай, але тут паўстае іншае пытанне: куды дзяваць прадукцыю.

«Цалкам замясціць увесь абʼём экспарту Расея не можа, таму для Беларусі пастаўляць нафту абсалютна не бачу ніякіх праблемаў. Цяпер для іх гэта выгодна. У адносінах паміж Беларуссю і Расеяй ключавое пытанне – цана нафты. Але з пункту гледжання магутнасцяў і абʼёмаў яны могуць даць нафту беларускім НПЗ – праблемаў няма», – падкрэсліў Крук.

Завод «Нафтан», предприятие, нефтеперерабатывающий завод, нефть, нефтепродукты, Новополоцк, Беларусь
ААТ «Нафтан» – буйны нафтаперапрацоўчы i нафтахiмiчны комплекс, якi выпускае розныя вiды палiва, аліву змазкавую i бiтумы, араматычныя вуглевадароды i прадукты нафтахiмii. Наваполацк, Беларусь. 11 верасня 2021 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Эканаміст не выключае, што нават «нейкімі праўдамі-няпраўдамі» могуць узнавіцца пастаўкі ва Украіну.

«Праблема ў тым, куды потым нафтапрадукты пастаўляць. Ці гэта спроба нейкімі праўдамі-няпраўдамі частку ва Украіну пастаўляць. Гэта будзе жудасна гучаць, але патэнцыйна я такую магчымасць бы не спісваў, бо ва Украіны ёсць недахоп нафтапрадуктаў. Але ж у бягучых умовах асноўны рынак патэнцыйна – гэта Расея. І тут ужо самае галоўнае пытанне, ці рэнтабельна гэта будзе», – разважае Крук.

Здабыча нафты ў Расеі пойдзе ўніз

У справаздачы Міжнароднага энергетычнага агенцтва (IEA) за верасень 2022 года адзначаецца, што ў жніўні Расея павялічыла экспарт нафты на 220 тыс. барэляў – да 7,6 млн барэляў за содні. Але гэта ўсё роўна менш, чым да вайны. Да ўварвання ва Украіну пастаўкі расейскай сыравіны за мяжу былі большыя на 390 тыс. барэляў за содні. Экспарт у Еўропу сёлета абваліўся на 880 тыс. барэляў. Такім чынам, выручка Масквы ад продажу нафты ўпала на 1,2 млрд долараў, але засталася вялікай: 17,7 млрд долараў.

Нафтаперапрацоўчы завод у Гданьску, Польшча. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / FORUM

Аналітыкі Міжнароднага энергетычнага агенцтва прагназуюць, што праз еўрапейскія санкцыі Расея будзе вымушаная скарачаць вытворчасць нафты. Гэта прызнаў і віцэ-прэмʼер Аляксандр Новак. Праўда, ён упэўнены, што зніжэнне здабычы будзе часовым.

«Мы скароцім здабычу настолькі, наколькі спатрэбіцца. Але мы не будзем працаваць паводле прапанаванага механізму», – сказаў Новак у інтэрвʼю «Bloomberg», дадаўшы, што ў наступным годзе будзе выраблена 490 млн барэляў нафты, на 40 млн менш, чым летась.

Міхаіл Круціхін прагназуе і падзенне здабычы, і далейшае сцісканне экспарту расейскай нафты.

«Расея ад снежня губляе палову свайго экспарту. Адпаведна будзе зніжацца і здабыча. Ад сакавіка наступнага года можна чакаць, што здабыча скароціцца на 50 %», – кажа аналітык.

(Бес)перспектывы

Міхаіл Круціхін падсумоўвае, што нейкі прасвет у адносінах паміж Расеяй і Захадам магчымы толькі пасля змены палітычнага рэжыму ў Маскве. Санкцыі, хутчэй за ўсё, будуць адмененыя, але выявіцца, што расейская сыравіна нікому ў свеце больш не патрэбная.

«Расейская эканоміка разбураецца абсалютна свядома. Змена палітычнага рэжыму магла б суправаджацца скасаваннем санкцыяў. Магчыма, праз нейкі час гэта адбудзецца, Расея азірнецца і ўсвядоміць, што нікому расейская нафта, газ і вугаль у мінулых абʼёмах ужо не патрэбныя. Там іншая энергетыка, іншая эканоміка, іншы свет – ён пайшоў далёка наперад», – кажа Круціхін.

На ягоную думку, Расея ў выніку ператворыцца ў багну – жахлівую, адсталую, ізаляваную ад перадавога тэхналагічнага свету.

Аб’ектыў
«Загрузка НПЗ па-ранейшаму каля паловы. Страту рынку еўрапейскага і ўкраінскага замяніць пакуль няма чым»
2022.09.28 22:35

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў